Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]
- Автор: Свабода Радыё
- Год: 2021
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]». Краткое содержание книги:
Потым мяне завялі ў 12-ю камэру. Там ужо былі тры хлопцы маладыя. Усе таксама пабітыя. Адзін крыху меней. Ён сказаў, што ня варта было трываць, трэба было адразу моцна крычаць. Ён крычаў, і таму яго меней білі.
На раніцу, ня даўшы ні паесьці, ні папіць, мяне завезьлі ў суд. Прозьвішча судзьдзі ня памятаю, гэта была поўная такая жанчына. Ніякіх ні папераў пра вынікі суду, ні копіяў пратаколаў мне не далі.
Суд доўжыўся мо якія хвіліны дзьве. Мне далі 15 сутак. Прывезьлі назад у камэру. Там хлопцы паказалі, што ў мяне ўся шыя ў крыві. А праз тры дні мяне вызвалілі. Я выйшаў з ІЧУ і зьдзівіўся. Там было шмат людзей. Былі валянтэры, якія прапанавалі адвезьці, куды мне трэба; былі псыхолягі; прапаноўвалі ежу і пітво. Нас сустракалі як герояў.
Мэдыкі дыягнаставалі ў мяне закрытую чэрапна-мазгавую траўму, страсеньне мазгоў, шматлікія кровападцёкі і гематомы. Дагэтуль адчуваю галавакружэньне і млосьць. Баліць хрыбетнік. Мне прызначылі МРТ усяго цела.
Да мяне ў ІЧУ прыходзіў сьледчы, апытваў наконт зьбіваньня. Я расказаў яму, як было. Цяпер ён мне тэлефануе, просіць прыехаць у Мазыр, каб зноў даць нейкія паказаньні. Але я баюся. Ходзяць размовы, што тых, хто зноў трапляе ў гэтыя ўстановы, затрымліваюць і выпраўляюць у міліцыю. А што там будзе адбывацца, можна толькі здагадвацца. Яны пастараюцца зрабіць усё, каб схаваць свае злачынствы і каб пра іх ня стала вядома.
„Калі няма ў сьпісах, хутчэй за ўсё, яго забілі да сьмерці“
Сьвятлана, маці катаванага на Акрэсьціна:
— Увечары 13 жніўня ў тэлеграм-каналах пачалі цыркуляваць чуткі пра тое, што затрыманых выпускаюць. Да 23-й гадзіны едзем з мужам на Акрэсьціна — чакаць сына.
Гэта найгоршая ноч у маім жыцьці. Інфармацыя вельмі бедная, яе дазавана перадаюць нейкія міліцэйскія асобы праз валянтэраў. Валянтэры наводзяць парадак сярод натоўпу ўсхваляваных людзей, просяць не шумець і ня пляскаць, бо гэта злуе турэмнікаў і яны адыгрываюцца на арыштантах. Прыяжджаюць журналісты. Быццам бы павінны выпускаць. Шыхтуемся калідорам уздоўж турэмнай сьцяны, цягнем шыі, каб першымі ўбачыць сваіх родных, калі іх выпусьцяць.
Да Акрэсьціна прыяжджае намесьнік міністра Барсукоў. Абяцае, што да 6 раніцы выпусьцяць усіх затрыманых. Надзея ўбачыць сына становіцца рэальнасьцю!
Усю тую ноч — то з брамкі, то з варот — выпускаюць групкі затрыманых. Невядома, хто зараз выйдзе. Натоўп велізарны, баюся прапусьціць сына. Калі не магу разгледзець праз натоўп, крычу ягонае імя, спадзеючыся, што пазнае голас.
Хлопцы выходзяць на сваіх нагах; многія кульгаюць, кідаюцца ад натоўпу, закрываюць твары капюшонамі. Валянтэры спыняюць іх, запісваюць, адводзяць да мэдыкаў. Мэдыкі выклікаюць „хуткія“, аднаго хлопца вязе рэанімацыя. Гадаю, у якім выглядзе будзе мой хлопчык.
Выходзіць новая групка затрыманых (ледзь не сказала „пацярпелых“). Некаторыя выходзяць з брамкі і тут жа нагінаюцца і адводзяць рукі за сьпіну. За два-тры дні іх надрэсавалі так сябе паводзіць.
Усю ноч назіраю чараду скалечаных, пабітых, дэмаралізаваных людзей. Хтосьці ня можа ўспомніць свайго імя. У кагосьці няма вока. З разьбітай галавой, са зьбітым тварам, ледзь клыпаюць, крывяцца ад болю. Хлопец з аблітымі нейкай белай дрэньню валасамі трымаецца мужна, дае інтэрвію журналістам. Зусім маладзенькі хлапчук зь сінімі рукамі і заплылым вокам, яму выклікаюць „хуткую“ валянтэры. Кожны раз кідаюся да групы выпушчаных, шукаю свайго сына і гадаю, якія калецтвы ў яго будуць, у думках малюся невядома каму, каб калецтвы былі ня вельмі страшнымі.
Да сямі гадзін раніцы валянтэры перадаюць зьвесткі ад невядомых супрацоўнікаў турмы, што больш сёньня нікога ня будуць выпускаць. Пасьля бяссоннай ночы ў поўным ступары еду дадому пісаць, тэлефанаваць, высьвятляць, балазе, ёсьць інтэрнэт.
14 жніўня працягваю высьвятляць, дзе мой сын. Зьяўляецца інфармацыя, што многіх з Акрэсьціна адправілі ў Жодзіна, у Слуцак. Адганяючы самыя страшныя думкі, спрабую датэлефанавацца ў РУУС Савецкага раёну, у суды, праваабаронцам, пішу па ўсіх адрасах, якія ёсьць на праваабарончых сайтах, дзе могуць дапамагчы з інфармацыяй. На „Фэйсбуку“ вывешваем фатаздымак сына з просьбай дапамагчы вызначыць месцазнаходжаньне.
Тэлефаную знаёмаму супрацоўніку міліцыі. Праз паўгадзіны ён мне паведамляе, што ўчора быў суд, сыну далі 11 сутак, пакуль ён на Акрэсьціна, але 99%, што яго павязуць у Жодзіна. Сьмяротны страх за сына крыху адпускае, нешта канкрэтна становіцца вядома, ды і пра Жодзіна ёсьць станоўчыя водгукі, цягне на 10 балаў сярод турмаў. Там ня б’юць і нават кормяць.