Натуральная афарбоўка
- Автор: Бахаревич Ольгерд Иванович
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Натуральная афарбоўка». Краткое содержание книги:
— Ш-што?....
— Падыйдзі сюды,— вартаўніца ледзь стрымлівала шчасьлівую дрыготку.
Стах наблізіўся, нясьмелая ўсьмешка на ягоных вуснах падрыгвала, бы вужык на гарачай патэльні. Зараз, зараз усё высветліцца, і ў яго папросяць прабачэння, і з палёгкай пагаснуць гэткія строгія вочы навокал, і сумленьне ўзрадуецца, назіраючы, як ляціць у плявацельніцу некалі непрымірэнчы зуб.
— Падымі рукі,— сказала вартаўніца ласкава. Стах выканаў просьбу, бо толькі просьбай, але аніяк не загадам можна было назваць гэтыя словы, якія мусілі б належаць дзіцячаму краўцу. Але перад ім тырчала, перагнуўшыся праз сьценку шкляной будкі, бясполая істота ў вайсковай форме з пагонамі, у фуражцы зь лягатыпам прадпрыемства — яна хуценька, з прафэсыйнай пяшчотаю прастытуткі абмацала Стахавы плечы, палашчыла смочкі, пагладзіла жывот, які не разумеў, чаму ў нас сёньня такая затрымка зь вячэраю. На Стахавых сьцёгнах рукі яе спыніліся, правая зьнікла ў кішэні курткі, пагрэлася крыху ля цёплага боку мехавой падкладкі й, удзячная, выцягнула на белы сьвет цэляфанавы пакецік, у якім, нібы ў кокане, чакала свайго моманту ледзьве ня сотня навюткіх, пражэрлівых, цьмяна-бліскучых шрубкоў. Вартаўніца ўзьняла вочы ўгару й застагнала, падстаўляючы твар пад кароткі грыбны дожджык з прэміяльных. Па натоўпе прайшоў задаволены рокат. Стах тупа глядзеў на невядома скуль узяты пакецік, перавёў погляд на Кірылу Антоныча, разгублена затрэс падбародзьдзем у накірунку Мурла. Адкуль?
— Што гэта,— вартаўніца вярнулася на сваё працоўнае месца, і цяпер выключна дзеля захаваньня традыцый рэагавала так, як трэба. Праўда, казала яна без усялякіх пытальных інтанацыяў.— Так. Што гэта мы сабе дазваляем. Як гэта можна так нахабна, проста ў кішэні. Пасаромеўся бы, схаваў нармалёва, ты што ж, думаеш, мы тут усе дэбілы. Ну распавядай, дзе ўзяў. Што рабіць будзем.
— Гэта не маё, я гэтага ня браў,— прашаптаў Стах, але яго ніхто ня слухаў. Зь лесьвіцы, што вяла на другі паверх, спусьціліся двое дужых пэнсыянэраў з адзьдзела аховы.
— Што тут у цябе, Сямёнаўна?— бадзёра пракрычаў адзін, пакуль другі заклікаў натоўп разыходзіцца й не ствараць затораў. Людзі ўздыхнулі й рушылі ў заведзеным парадку. Уцягнуўшы галовы ў плечы, маляры не азіраючыся выйшлі з будынку.
— Нясун!— урачыста выдыхнула Сямёнаўна. Яе напарніца, што прыціскалася да Сямёнаўны азадкам, з зайздрасьцю паглядзела праз плячо:
— Шчасьціць дурам.
— Задавіся сваімі срулямі,— пракамэнтавала словы напарніцы шчасьлівая жанчына.— Вось, глядзіце. Складаем пратакол.
Пэнсыянэрам усё й так было зразумела. Адзін падкідваў на руцэ злашчасны пакецік, другі распытаў у Сямёнаўны абставіны затрыманьня. Нарэшце Стах быў узяты пад рукі. Пальцы ў ахоўнікаў апынуліся жалезнымі — аціскалі Стахавы канечнасьці ня горш за апарат для вымярэння ціску.
— Ну, пойдзем,— прамовілі пэнсыянэры хорам, паглядзелі адзін на адного й засьмяяліся.
Яны рушылі наверх, туды, дзе Стах калісьці ўжо быў, калі прыходзіў уладкоўвацца на працу. Аднак паверх, дзе знаходзіўся адзьдзел кадраў, быў прамінуты, пэнсыянэры пацягнулі яго вышэй. На лесвіцы пахла селядцом, ад чаго страўнік Стаха паныла завурчаў, сьцены штопрыступкі гублялі аптымістычна-дзелавы белы колер, дэманструючы ўсё больш змрочныя брудна-зялёныя пералівы. Відавочнай станавілася і адсутнасьць на вышэйшых паверхах кандыцыянэраў, пасоўваньне па тутэйшым паветры нагадвала пастаяннае дакрананьне да стылай, прамарожанай, запэцканай у мазут бляхі. Афарбоўка сьценаў ясна паказвала, што добраўладкаваньнем на гэтых паверхах не займаліся ўжо прынамсі гадоў дваццаць. Памяшканьні, якія бачыў Стах, пасавалі бясплатнай савецкай прыбіральні часоў застою, але не заводзкай катавальні. Працы тут для маляроў хапала. „Чаму нас сюды не накіроўваюць?”— падумаў Стах тужліва, і нібыта цень Кірылы Антоныча памахаў пальцам яму зь цёмнага кута, дзе стаяла мэталічная сьметніца: не пра тое думаеш, Стасік, не пра тое.
Нягледзячы на вонкавую маладжавасьць Стахавых канваіраў, яны задыхаліся й выціралі з ілбоў заслужаны пот, калі ўрэшце прывялі свайго апекаваны да патрэбных дзьвярэй. Які гэта быў паверх, Стах ня ведаў, мусіць, шосты, а можа, і вышэй. У пакоі, куды ён увайшоў, чуючы за сьпінай сіплае пакашліваньне, стаяў невялікі пісьмовы стол з тэлефонам бяз дыску. На адзінай палічцы, прыбітай пад партрэтам генэральнага дырэктара, памірала дзіравая кветка. Фіранкі колеру хакі ўпускалі сюды роўна столькі сьвятла, каб можна было разгледзець невысокага чалавека, які сядзеў за сталом і глядзеў проста перад сабой. Пры зьяўленьні Стаха чалавек ускочыў і забегаў па пакоі, ад сьцяны да сьцяны.