Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]
- Автор: Свабода Радыё
- Год: 2021
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]». Краткое содержание книги:
„Котка памрэ ад голаду“
— Уначы я раптам успомніў пра нашу котку Клепу, яна засталася дома адна, бязь ежы. Калі мы з жонкай апынуліся тут, я разнэрваваўся, што нам дадуць па 15 сутак, а котка памрэ ад голаду. Спытаў у хлопцаў, колькі котка можа пражыць бязь ежы. Яны адказалі, што 10 дзён, яна будзе есьці шпалеры, кветкі… На сэрцы трохі адлягло. Я ляжаў на „пальме“ (на фені так завецца верхняе ляжачае месца на нарах) і глядзеў у вакно. Раптам праз краты я ўбачыў, што на вуліцы насупраць вакна сядзіць дзяўчына з русымі валасамі ў джынсавай куртцы і сьвеціць нейкімі ліхтарыкамі. Прыгледзеўшыся, я зразумеў, што яна трымае нейкага зьвярка пад курткай, падобна, котку. Каля гадзіны я глядзеў у вакно, але твару дзяўчыны разгледзець ня мог. Увогуле, мне ўдалося пераканаць сябе, што з 90% імавернасьцю гэта была Насьця з нашай любімай коткай. Атрымалася адагнаць благія думкі, і стала лягчэй. Забягаючы наперад, скажу, што памыліўся.
„Сінякі з контурамі Беларусі“
— У камэры мы шмат размаўлялі, жартавалі. Са сьмешнага запомнілася дэманстрацыя адзін аднаму сінякоў і гематом ад дубінак на сьпіне, плячах і азадках. Мы глядзелі на форму сінякоў і адгадвалі ў іх абрысы розных рэчаў, контуры межаў Беларусі і іншых краін. Таксама падбадзёрвалі сябе тым, што Ленін сядзеў, Сталін сядзеў, Якуб Колас сядзеў, Пушкін быў у ссылцы — кожны нармальны мужык павінен адседзець хаця б раз.
„Ён дыхаў так, нібы ў грудзях была дзірка“
— З суседняй камэры вывелі людзей. Я чуў, як адзін зьняволены сказаў, што ня можа ўстаць, бо яму зламалі хрыбетнік. Супрацоўнік амону крыкнуў яму: „Устаць!“. Людзі пабеглі некуды ўправа, праз „кармушку“ ў дзьвярах камэры я бачыў, што бягуць „касманаўты“, потым празь некаторы час чуў, як зьняволеныя беглі з правага боку налева. Далей я пачуў, як кагосьці цягнуць па падлозе. Мабыць, цягнулі таго чалавека, які ня мог устаць. Потым цягнуць перасталі. Мабыць ён сеў, абапіраючыся на сьцяну паміж дзьвярыма дзьвюх суседніх камэр. Я чуў ягонае дыханьне. Ён дыхаў так, нібы ў грудзях была дзірка, як быццам праз трубку. Мароз па скуры быў ад гэтых гукаў.
„З нуля вывучала італьянскую мову“
— Я люблю адукацыю, сама выкладаю курсы дызайну. У камэры ў нас былі ўрокі сьпеваў (дзяўчына, якая ў філярмоніі працуе, вучыла правільна сьпяваць „Пагоню“), ангельскай мовы, мы займаліся фэйсфітнэсам, спортам, чыталі шмат кніг, гулялі ў мафію. Самы круты досьвед — тое, што я сядзела з Натальляй Дулінай, найлепшай выкладчыцай італьянскай мовы ў краіне. Я з нуля вучыла мову. Зубрыла на нарах канспэкт, бо разумела: са мной дацэнт займаецца, я ж не магу несур’ёзна паставіцца да пытаньня.
„Няхай гэтыя грамадзяне матам размаўляюць“
— Нас у чатырохмясцовую камэру за гадзіну ўтрамбавалі 25 чалавек. І потым ужо толькі дадаваліся. Пазнаёміліся. Вядома, усе на нэрвах, цераз слова мацюкі. Я прапанаваў: „Няхай вось гэтыя грамадзяне матам размаўляюць, а мы нармальныя людзі, усё ж у нас слоўнікавы запас большы будзе“. Усе з гэтым пагадзіліся, але ўсё адно праскоквала.
„Калідорны сказаў, што звальняецца“
— Быў у нас супрацоўнік такі, і ў ІЧУ, і ў СІЗА, які нам цыгарэты прыносіў. За свае грошы купляў і прыносіў. Быў час, што нам цыгарэты нават забаранялі перадаваць. Расказваў, дзе што адбываецца. Але такіх мала было, адзін-два чалавекі з усіх. Ім таксама забаранялі з намі размаўляць, усюды камэры. Гэты калідорны 15-га сказаў, што звальняецца. І мы больш яго ня бачылі.
„Асьвенцім новы будуем“
— Тады нам сказалі, што мы ў Слуцку. Было відаць, што ўсё гэта рабілася похапкам: сьвежазрубленыя вышкі, плот. Пры нас рабацягі забівалі дадатковыя палі, абгортвалі іх калючым дротам. Жартавалі, таксама ня моцна задаволеныя: „Асьвенцім новы будуем“.
„Забіў таракана“
— Быў забаўны момант: у Лукашэнкі 30 жніўня быў дзень нараджэньня, а ў камэры на Акрэсьціна ў ноч на 30 жніўня я забіў таракана.
„У вачах людзей у чорным чытаўся страх“
Максім, 43 гады, уладальнік мэблевай кампаніі:
— 13 жніўня са мной не адбылося нічога звышнатуральнага. Ішоў па працоўных справах у раёне Нацыянальнай бібліятэкі. Паварочваю галаву і бачу чорны бус з танаванымі шыбамі. А ў мяне на ўсё гэта чуйка. Разумею, што ўсе, зараз мяне будуць прымаць. Так яно і выйшла.
З машыны выбеглі мужыкі ў чорных масках, як бандзюкі ў 90-я, дагналі, схапілі мяне і дзяўчыну з хлопцам, якія праходзілі міма, і ўсіх разам заштурхалі ў машыну. Я асабліва не супраціўляўся. Усяго нас у бусе апынулася дванаццаць затрыманых. Плюс шэсьць людзей у чорным разам з кіроўцам. Як потым я зразумеў, нас узялі за сымболіку. Адразу мне сарвалі з рукі белую стужачку.