Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]
- Автор: Свабода Радыё
- Год: 2021
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]». Краткое содержание книги:
Прывезьлі ў Мазырскі РАУС. Правялі праз турнікет, павярнулі на лесьвіцу і тут жа, на пляцоўцы перад прыступкамі, павалілі на падлогу тварам уніз, нацягнулі на галаву куртку і пачалі біць. Пры гэтым я ня мог нават прыкрывацца, бо мае рукі былі скаваныя за сьпінай. Я ня бачыў, чым мяне білі, але некаторыя ўдары былі як высьпяткі, а некаторыя зьверху па сьпіне, ягадзіцах, нагах, відаць, міліцэйскім гумавым дручком.
Потым мяне паднялі і пацягнулі на трэці паверх. Зацягнулі ў нейкі вялікі кабінэт. Відаць, нейкага начальніка, бо я пасьпеў убачыць вялікі стол і шэрагі крэслаў уздоўж сьценаў. Тут зноў паклалі на падлогу тварам уніз і нацягнулі на галаву куртку. Спачатку пагражалі, што, маўляў, я ўжо „накрычаў на 3 гады“, а зараз яны аформяць і на „дзясятачку“.
Пачалі абшукваць, спыталі, дзе тэлефон. Але яго ў мяне выхапілі яшчэ пры затрыманьні. Я ня бачыў твараў, спачатку бачыў толькі ногі, бо галава была прыгнутая долу і прыціснутая да падлогі чыёйсьці нагой, а потым увогуле нічога ня бачыў, бо на галаве была куртка. Толькі чуў, што тыя, хто мяне біў, зьвяраталіся да кагосьці „таварыш палкоўнік“. Калі прынесьлі мой тэлефон, ад мяне пачалі патрабаваць пароль. А мой тэлефон можна было разблякаваць сканэрам пальца альбо сканэрам твару, альбо паролем. Яны спачатку паднесьлі да пальца, але тэлефон не разблякаваўся, потым да твару, але, відаць, пасьля таго, што адбылося, мой твар мала быў падобны да таго, які „памятаў“ тэлефон.
Тады апарат запатрабаваў увесьці лічбавы пароль. Я адмаўляўся казаць. Мяне зноў пачалі біць дубінкамі і нагамі. У выніку я мусіў сказаць пароль. Міліцыянты разблякавалі тэлефон і са словамі „Так, зараз пачытаем, што ты тут пішаш!“ пачалі адкрываць у тэлефоне розныя праграмы.
І раптам — моцны ўдар па галаве. Я зьнепрытомнеў. Што было далей, ня памятаю. Відаць, потым на мяне плюхнулі вады, бо я, калі ачуўся, адчуў, што мокры. Мне пачалі казаць, што зараз панапісваюць ад майго імя, што я паеду на 10 гадоў. Корпаліся ў маёй тэлефоннай кнізе, пытаючы, хто ў мяне як падпісаны. Шмат разоў казалі: „Здасі вашага каардынатара, і мы цябе адпусьцім“. Але я казаў, што ня ведаю ніякіх каардынатараў, я прыехаў з Каленкавічаў да сябра і ня ўдзельнічаў ні ў якіх акцыях. Потым я пачуў, што яны згадалі прэзэрватыў і адзін зь іх сказаў: „Зараз зробім зь цябе дзяўчынку“. Але нехта сказаў ім, што ня трэба. Мяне зноў паднялі і некуды пацягнулі. Вывелі на вуліцу. Ужо было зусім цёмна.
Мяне перавялі праз вуліцу ў будынак насупраць райаддзелу міліцыі. Завёўшы ў нейкі пакой у тым будынку, мяне зноў кінулі на падлогу тварам уніз. Я пасьпеў заўважыць толькі нейкую даволі маладую жанчыну ў званьні маёра, і побач са мной на падлозе ляжаў яшчэ адзін чалавек. Калі на падлогу ўпаў я, таго чалавека паднялі і павялі.
Я пачуў голас жанчыны-маёра: „А! Калінкавіцкі! Зараз мы табе пакажам мазырскую гасьціннасьць! Цяпер вядзіце сабак!“
Я падумаў, сапраўдных сабак, зараз разарвуць. Але прыйшлі людзі. Мяркуючы па тупаце і галасах — шмат людзей. І пачалі вельмі моцна мяне біць. Нехта, відаць, малаціў дручком, нехта проста нагамі. Потым я адчуў, што па мне прайшліся абцасамі. Я думаю, што гэта тая жанчына, бо абцасы адчуваліся танчэйшыя, але даўжэйшыя за абцасы берцаў. Яна ж, відаць, трапіла мне мыском абутку ў скронь, бо мысок быў востры, не як у берца. Я некалькі разоў траціў прытомнасьць. Ачухваўся, калі мяне аблівалі вадой.
З носу проста ручаём бегла кроў, твар ляжаў у крыві. Тая жанчына казала: „Ты пашкадуеш, што сюды прыехаў!“ Потым зноў шмат удараў адразу ад некалькіх чалавек. Я моцна закрычаў і зноў зьнепрытомнеў. Потым паступова вярнуўся ў прытомнасьць. Адчуў, што мне ў сьпіну і ніжэй штурхаюць нечым, мабыць, дручком. Было вельмі балюча, магчыма, ад болю я і ачуўся. Потым яны ўзялі маю галаву і трэсьлі яе. Я расплюшчыў вочы. Зноў пачуў жаночы голас: „Хопіць, сыходзьце!“. Пасьля нейкі мужчына ў цывільным мяне падняў. Сурвэткай працерлі твар ад крыві. Зь мяне бегла вада, і яны ёю размазвалі кроў.
Затым мяне вывелі ў двор гэтага будынку. Там зьнялі кайданкі, з шыі зьнялі ланцужок і крыжык і павялі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, які знаходзіцца крыху правей ад РАУС. Я ня мог стаць на левую нагу, каб пераступіць нейкі невысокі парканчык, празь які мы пераходзілі, дык міліцыянты перакінулі маю нагу.
У ІЧУ на мяне склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Загадалі падпісаць. Пры гэтым прыгразілі, што, калі не падпішу, працягнуць зьбіваць.