Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Рабаваньне па-беларуску - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Рабаваньне па-беларуску

Электронная книга - «Рабаваньне па-беларуску». Краткое содержание книги:

Рабаваньне па-беларуску
1 ... 60 61 62 63 64 65 66 67 68 ... 89
Перейти на страницу:

– А ты што ж сьмятанкі не дадаў, Лёвутка? Дайкася, яечка пакладу табе, – мама паклала яечка, ласкава дакранулася да ягоных валасоў і зноў пабегла на веранду, рэзаць кроп.

– Лёвутка? Ха-ха, я таксама цябе Лёвуткам клікаць буду, – усьміхаючыся набітым ротам, падміргнуў яму Рыгор.

Лявон аслупянела сядзеў перад талеркай з гарачым шчаўем і пагладжваў пальцам ложку. Дробны напіс «нерж». Калі ўвайшла маці з кропам у мокрых руках, ён спытаў яе, дзе бацька зь Міколам. Мама спынілася і падрабязна расказала, як яны тога тыдню паехалі да бабулі Марысі ў суседнюю вёску. У бабулі дужа цёк дах, і трэба было яго перабраць, пакуль суха.

– Дык мы ім дапаможам, цёця Ганя! Ці далёка тая вёска? – аўтарытэтна сказаў Рыгор і пацягнуўся за салам.

– Сядзі! – махнула на яго маці, – Паесьці на’т не пасьпелі! Яны і самі неўзабаве скончаць. Колькі там тога даху! Адпачывайце. Апавядзіце лепш, што ў сталіцах адбываецца.

Выявіўшы, што Лявон смаркаецца і чхае, а Рыгор кашляе, мама распачала дзейнасьць: накарміла абодвух мёдам (і дасачыла, каб Лявон праглынуў ня менш сталовае лыжкі), прымусіла іх па чарзе парыць ногі ў тазіку з гарачай гарчычнай вадой, знайшла дзьве пары тоўстых ваўняных шкарпэтак (а для Рыгора яшчэ і ваўняную хустку, каб завязваць вакол грудзяў), заварыла гарбату зь мяты і сьвятаяньніка, выветрыла пакой і паслала ім чыстую бялізну. Паклала іх у ложкі і пазабараніла выходзіць з хаты да выхварэньня. Лявон не супярэчыў – яго моцна хіліла спаць, а Рыгор, зьеўшы пасьля дабаўкі шчаўя яшчэ поўную патэльню бульбы са скваркамі, быў шчасьлівы і згодны на ўсе.

Матуля села на ложак да Лявона і, пагладжваючы яму калені, пачала грунтоўнае апісаньне свайго мернага жыцьця. Рыгор слухаў, жвава цікавіўся, устаўляў слушныя пытаньні і заўвагі, а Лявон спаў, прыадчыніўшы рот, што надавала ягонаму твару жаласны выраз.

2. Лявонава каханьне

Лявон паціху прывыкаў да новага жыцьця. Ён больш ня кідаўся ад маці, калі яна цягнулася прылашчыць яго, паслухмяна зьядаў па лыжцы мёду штодня, парыў ногі ў тазе ды рабіў інгаляцыю над рондалем з кіпенем, накрыўшы галаву махровым рушніком. Але ў першы жа дзень яны з Рыгорам дамовіліся, што акрыяць ад застуды ім ані ў якім разе нельга – гэта магло б прывесьці да сама нечаканых і непапраўных вынікаў. Уначы, стараючыся не рыпець масьніцамі і не абудзіць матулю, Рыгор прабіраўся на веранду, мачыў у халоднай вадзе прасьціны, а потым тармасіў Лявона. Моўчкі скаланаючыся, яны загортваліся, перашэптваліся. Вільгаць паціху выпаралася, і, грэючыся, Лявон ізноў засынаў. Да раніцы прасьціна высыхала, і маці нічога не заўважала.

Са сьпевамі было прасьцей: маці да сьлёз спадабаліся Ціхія песьні, яна неўзабаве вывучыла словы і ахвотна падпявала ім, Шубэрта ж проста слухала, ківаючы галавой у тахт. Звычайна яны шмат сьпявалі пасьля абеду, калі ўсе гаспадарчыя справы былі зробленыя, а кампот звараны і пастаўлены астуджацца ў вядро з халоднай вадой. Пагладжваючы аксамітнае лісьце герані ля вакна, Рыгор, акругляў рот і старанна выводзіў мэлёдыю. Ягоны рэзкі і слушны барытон вёў за сабою душэўнае, мяккае кантральта матулі і летуценны тэнар Лявона.

Некалькі разоў маці спрабавала пашырыць іхны рэпэртуар і нават зьвярталася па дапамогу да старэнькага прайгральніка-валізкі «Юность». У шуфлядзе пад прайгральнікам захоўваўся невялікі стосік кружэлак у пацёртых папяровых капэртах. Мама брала стосік на калені і замілавана перабірала кружэлкі, збольшага з эстраднымі песьнямі. Яны пераспрабавалі ўсё, але ніводная зь іх ня ўзрушыла Лявона з Рыгорам. Яны слухалі, але ніколі не падпявалі. Мама не настойвала, разумеючы, што ў моладзі свае густы, і неразумна было б чакаць ад іх захапленьня хітамі трыццацігадовай даўніны. І яны зноў сьпявалі Сільвэстрава.

Пасьля сьпеваў сьвет рабіўся выразна шчасьлівы і радасны. Матуля цалавала хлопцаў у патыліцы ды з памаладзелым тварам бегла ў гарод, прарэжваць моркву ці перагортваць на другі бок гарбузы. Ад дапамогі застуджаных яна са сьмехам адмаўлялася, і яны, у чаканьні падвячорку, ішлі на шпацыр па мястэчку. Традыцыйна сядзелі на зялёным пагорку ля крамы, дзе Рыгор курыў цыгарэту і выпіваў бутэлечку піва, а Лявон, прыхінуўшыся да плота, глядзеў на неба. Рыгор ведаў, што ў гэтыя моманты лепш памаўчаць, але часам яму карцела:

– Гэй, Лявоне? Слухай анэкдот. Сустрэліся аднаго разу Лі Бо і Ду Фу, і кажа Лі Бо: чуеш, Ду Фу, ты мне сябар? Сябар. Дык напішы за мяне верш, бо няма натхненьня. Ду Фу напісаў. Неўзабаве сустракаюцца яны зноў, і зноў Лі Бо кажа: чуеш, Ду Фу, ты мне сябар? Сябар. Дык напішы за мяне верш, бо няма натхненьня. Ду Фу напісаў, што зробіш. Але наступнага разу, калі яны сустрэліся, Ду Фу першы пытаецца: Лі Бо, ты мне сябар? Сябар. Дык вось табе верш, скажы, што ён твой. Лі Бо прачытаў і кажа: што гэта за паскудзьдзе? Ду Фу адказвае: прабач, няма натхненьня. Але ты ж мне сябар?

Пасьля паўзы Лявон спытаў:

– А гэта хто наогул такія?

– Ну… кітайскія паэты.

Аднойчы, пасьля чарговае бутэлькі і чарговага дурнога анэкдоту, Рыгору спатрэбілася забегчы дадому, а хмурны празь перапыненыя летуценьні Лявон устаў дый пайшоў на шпацыр адзін, не чакаючы прыяцеля. Ён мінуў сельсавет з паніклым бязь ветру сьцягам, маленькую аднапавярховую школку, зачыненую зараз на вакацыі. Лявон ішоў павольна, глыбока ўдыхаючы: сьвежае сена, габляваныя смалістыя дошкі, дзёгаць, яблыкі. Настрой вяртаўся да яго. Ён перасёк жвіровую дарогу да чыгуначнай станцыі, памарудзіў, гуляючы шэрым пыльным каменьчыкам: ці не схадзіць туды? Дарога загіналіся направа, за апошні вясковы сад, і бегла ў палі.

Раптам яму пачулася далёкае бразджаньне роварнага званочку, недзе за паваротам. Падалося? Не! Узрушаны, ён хутка рушыў дарогай. Пыльныя каменьчыкі разьляталіся і адскоквалі, замінаючы крок. Калі ён дасягнуў павароту і зірнуў наперад, яму перахапіла подых – удалечыні каціла на ровары постаць з чорнымі валасамі, у белай сукенцы. Не адчуваючы ног, ён пайшоў за ёй, праз моцнае хваляваньне гледзячы ня ў неба, як звычайна, а ўніз, на каменьчыкі. Сьлед колаў быў ледзь відомы, але Лявон упарта сачыў віхлістыя рубцы ды ўзіраўся ў іхныя плыўныя зігзагі, быццам яны маглі яму нешта расказаць.

Хутар стаяў на паўгадзіне хады ад Кляновіцы. Старэнькая, чыста пабеленая хатка з бляшаным дахам, парай пуняў збоку і зьдзічэлай грушай. Хутар быў і падобны, і непадобны да тога, пра які так часта марыў Лявон. Хатка ня мела ганку, але мела маленькія сенцы з трохкутовым дахам і вакном, падзеленым на дробныя квадрацікі.

Сэрца стукала высока, бадай у горле. Лявон збочыў з дарогі і набліжаўся. Твар гарэў. Трава пад нагамі была мяккая, нібы ўва сьне. Яму здавалася, што ён запомніць усё гэта назаўсёды, што ягоныя вочы ператварыліся ў фотаапараты: жалезны люк, абгароджаны крывенькімі слупкамі; доўгія цені ад слупкоў; сагнуты на палове сьцяны вадасьцёк; карункавыя фіранкі ў вокнах.

Перад дзьвярыма Лявону заказытала ў носе, з грудзяў паднялася непадуладная хваля, і ён зь вільгацьцю чхнуў. Зажмурыўшыся, ён уціраў нос хусткай, а калі расплюшчыў вочы, яна ўжо адчыніла дзьверы і стаяла перад ім – чорнавалосая. Яна запытальна ўсьміхалася, але ў ейных цёмных вачох яму бачылася ня толькі пытаньне, але і зацьвярджэньне, адказ. Яна была менавіта такая, як уяўлялася яму: вытанчаны насок са сьлядамі вяснушак, шырокі рот, выразна акрэсьленыя вусны з прыпаднятымі ўва ўсьмешцы куткамі.

– Як цябе завуць? – спытала яна проста.

– Лявон, – праз доўгае маўчаньне ягоны голас быў хрыплы. «Зараз яна вынесе мне ваду ў коўшыку», – пранеслася думка.

– Ты скуль? Я цябе раней ня бачыла.

Лявон адказаў, што ён з Кляновіцы, прыехаў да матулі на вакацыі. Яе клікалі Алеся. «Алеся? Гэта ўжо неяк занадта, лубок якісьці», – мільганула ў галаве, але ён адразу ж сагнаў гэтую думку. Яна не пыталася, навошта ён прыйшоў, а толькі казала пра надзённае і пасьміхалася куткамі. Між вушаком дзьвярэй і падолам ейнага сьветлага сарафана прасунуўся вялізарны чорны сабака, падняў мудрую морду і, прыадкрыўшы пашчу, глядзеў на Лявона. Яна паклала руку яму на галаву і сказала, што яго клічуць Фаўст, а парода – ньюфаўлэнд. Лявон глядзеў на ейную руку, з блакітнымі венкамі на тыльным баку далоні і далікатна-эліптычнымі пазногцямі, ледзь падоўжанымі. Яны селі на лавачку пад грушай, там было прахалодна і пахла вільготным ценем. Фаўст уладкаваўся побач і прыязна дыхаў, высоўваючы язык не далей дазволенага ветлівасьцю. Яна расказала, што скончыла ў гэтым годзе мэдвучэльню і зьбіраецца паступаць на інстытут.

1 ... 60 61 62 63 64 65 66 67 68 ... 89
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)