Рабаваньне па-беларуску
- Автор: Липень Пилип
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Рабаваньне па-беларуску». Краткое содержание книги:
Калі Лявон прачнуўся, ўжо разьвіднела. Вокны кабіны спрэс запатнелі драбнюткімі сьветла-шэрымі парасінкамі. Ён правёў тыльным бокам далоні па лабавым шкле, і пад ягонай рукою сабраліся раўчукі, пабеглі ўніз. Звонку была ясная раніца – сонца, яшчэ нізкае, асьвятляла толькі верхавіны ялін леваруч дарогі. Лявон адчыніў дзьверы, саскочыў на дарогу і быццам абмыў твар халоднай вадой – да тога сьвежае было паветра. Ён удыхнуў халодны струмень, і па скуры пабеглі золкія мурашкі.
– Што, выспаўся?
Рыгор сядзеў ля тоўстае яліны непадалёк стаянкі. Убачыўшы Лявона, ён пацягнуўся і ўстаў, атрасаючы дробкі з жывата і нешта дажоўваючы.
– Бач, я гадзіны дзьве тупаў у бок Менску, але нічога не знайшоў. Ані заправак, ані паказальнікаў, нічога! Вярнуўся вось. Мо памятаеш – мы ўчора пасьпелі разьвярнуцца ці не? Мо я ня ў той бок пайшоў?
– Па-мойму, мы не разьвярнуліся, – мовіў няўпэўнена Лявон і паказаў: – Менск мусіць там, а Брэст – вунь там.
Яны разам паглядзелі спачатку туды, потым сюды, але бакі нічым не адрозьніваліся. Сьветла-шэры асфальт зь перарывістай белай паласою, высокі нерухомы лес.
– Мабыць, надта далёка ад'ехалі. Паўгадзіны на хуткасьці сто – гэта ж дзесяць часоў хады... Нядзіўна, – Рыгор пачухаў сабе грудзі і скрывіўся. – Памыцца б! Дзёўбнула нас глядзець на гэтыя аўтобусы… Зараз бы дома сьнедалі.
Памаўчалі.
– Ну... Пайшлі наперад, ці што? Можа трапіцца якая вёска.
– Пайшлі! Што яшчэ рабіць.
Перад тым, як выправіцца, Рыгор расчыніў заднія дзьверы аўтобуса і паказаў Лявону свае знаходкі: акрамя гурбы чорных тканкавых торбаў з грашыма, там выявіліся колькі вялізарных пакункаў з салодкімі кукурузнымі палачкамі, ліхтарык, зялёны парасон і помпа для ровару. Рыгор напёрся, каб Лявон набіў свой заплечнік далярамі – на ўсялякі выпадак – а сам узяў пад паху кукурузныя палачкі.
У пачатку шляху яны гучна сьпявалі ўсё, што маглі ўспомніць, потым Рыгор расказваў анэкдоты і турэмныя байкі, а потым пайшлі моўчкі. Дзеля забаўкі стараючыся наступаць туфлямі роўна на белую паласу, Лявон разважаў пра ўсё, што бачыў і чуў за апошнія дні, асабліва пра сваю размову са сьвятаром. За горадам – пекла?.. Сонца стаяла высока, сьпявалі птушкі, уздоўж дарогі пырхалі матылі, праносіліся мухі, завісалі на месцы нейкія казуркі накшталт пчолаў, але паменей. Аднаго разу нізка над дарогай з шоргатам праляцелі дзьве вялікія качкі. Усё гэта слаба нагадвала пекла і супакойвала. Рыгор таксама быў цалкам бясхмарны – ён скінуў красоўкі ды йшоў цёплым асфальтам басанож, з задавальненьнем глядзеў абапал і няспынна падмацоўваўся кукурузнымі палачкамі.
Густыя цёмныя яліны перамяжоўваліся асінамі і бярозамі. Часам зарасьнікі сыходзілі ўніз, перарываліся ровам, а дарога перасякала яго па насыпу. З травы рэгулярна тырчалі квадратныя слупкі з нахільнай чорнай паласой, але без усякіх зьвестак. Адзнакі кілямэтраў? Калі сонца ўстала наўпрост над дарогай, яны зрабілі прывал – збочылі з асфальту і селі пад ценем шырокіх іглістых лапаў. Сагнаўшы зь сябе буйнога рудога мураша, Рыгор сказаў, што па мурашніку можна вызначыць, дзе поўдзень, а дзе поўнач – бо мурашы будуюць свае дамы з паўднёвага боку дрэва. Лявон, ляніва падняўшы бровы, спытаў, чаму гэтак.
– Бо з паўднёвага боку цяплей! – з урачыстасьцю абвясьціў Рыгор. – А яшчэ з паўднёвага боку на дрэвах расьце мох, ён таксама любіць цяпло.
– Скуль ты ведаеш?
– У школе казалі, – Рыгор устаў і агледзеў яліну, але мох рос з усіх бакоў аднолькава.
– Хіба ты ў школку хадзіў? Скуль упэўненасьць?
– Лявоне! Няўжо ты нарэшце пачынаеш жартаваць? Дачакаўся!
Лявон, які і не зьбіраўся жартаваць, крыху падумаў, а потым панура запытаўся пра другое:
– А што, калі мы сюды надоўга трапілі? Што мы будзем рабіць, калі пройдзе застуда? Бо цёпла.
Застуда сапраўды турбавала Лявона. У ягонай галаве трохі шумела, нос быў яшчэ закладзены, але ён пачуваўся нашмат лепей, чымся ў апошнія дні. Рыгор штучна пакашляў і прапанаваў начаваць галяком у траве – ураніцу ляжа раса і так застудзіць, што матка не пазнае. Узгадай, як сёньня было. Яны ляглі і маўчалі.
Праз паўгадзіны Рыгор дахрумсьцеў апошнія палачкі і штурхнуў Лявона. Яны рушылі далей, часам казалі адзін аднаму нешта нязначнае, але абодва адчувалі, як уздымаецца мімаволі трывога.
Калі сонца пачало хіліцца да захаду, шаша раптам паднялася на горку, асіны і бярозы перамаглі над ялінамі і лес прасьвятлеў. Наперадзе цераз дарогу перакінуліся правады, і, наблізіўшыся, яны ўбачылі шырокую прасеку з высокавальтовай лініяй. Прасека буйна зарасла бясформавымі, безыменнымі паўдрэвамі-паўхмызам, паміж якімі ў абодва бакі ад шашы сыходзілі сьцяжынкі. Лявон і Рыгор рассудзілі, што магістралем яны натупаліся ўжо досыць, і варта паспрабаваць пайсьці ўздоўж электралініі, мусіць жа яна куды прывесьці.
– Направа ці налева?
Рыгор павярнуў галаву туды-сюды, але не знайшоў аніякае розьніцы.
– Давай направа. За сонцам. Больш пасьпеем прайсьці да цемры, – навукова разважыў Лявон.
Яны спусьціліся насыпам на сьцежку і акунуліся ў зарасьнікі. У густым гудзеньні правадоў ня чулася ні іхніх крокаў, ні шуму дрэў, ні птушак. Рыгор сказаў, што ў гэтай высокай траве могуць весьціся зьмеі і абуўся. Часам сьцяжынка гублялася, і, рассоўваючы рукамі пругкія галіны, Лявон азіраўся назад, каб не хваснуць Рыгора па твару. Празь нейкі час Рыгор адстаў, а потым радасна паклікаў Лявона – ён знайшоў маліны. Лявон спыніўся і назіраў, як ён есьць. Думкі марудна вагаліся: «запэцканыя ў чырвоны сок пальцы... ягады складаюцца з маленькіх шарыкаў…» Яшчэ Лявон думаў пра малюнак уласных сьлядоў на мапе, які пускаў зараз доўгі і тонкі самотны парастак.
– Чорт! Чарвяк! – абурыўся Рыгор, адплёўваючыся. – Тоўсты, жоўты! Скаціна! Бач ты, і тут чарвякі водзяцца.
– Ага... І паспрабуй адгадай, хто яшчэ можа весьціся ў гэтым лесе, – шматзначна сказаў Лявон. – Ну што, наеўся? Рушымо далей?
– Хто яшчэ можа весьціся? Ты каго маеш на ўвазе? Ваўкоў зь мядзьведзямі? – Рыгор паспрабаваў ісьці побач зь Лявонам, але ўдваіх на вузкай сьцежцы было цесна.
– Мядзьведзі – гэта было б надта проста і будзёна для нашага дзіўнага сьвету.
– Маньякі? Мярцьвякі? – засьмяяўся Рыгор. – Слухай анэкдот! Сустрэліся аднаго разу Хічкок, Рамэро і Фасбындэр – і паспрачаліся, хто даўжэй на могілках уночы вытрымае. Прыехалі апоўні на могілкі і разыйшліся па розныя бакі. Першы ня вытрымаў Хічкок – праз гадзіну выбягае і галосіць: «Мама!» Праз дзьве гадзіны выбягае Рамэро: «Ратуйце!» А Фасбындэра чакалі-чакалі, дый не дачакаліся, ён толькі ўраніцу зьявіўся, заспаны. Хічкок і Рамэро пытаюцца: як гэта ты не спалохаўся? Ты ж на’т аніводнага фільма жахаў не зрабіў? Фасбындэр адказвае: затое я зрабіў шмат нудных фільмаў. Ад іх нават мёртвы ўцячэ.
Лявон паківаў. Чаму ў тваіх анэкдотах абавязкова хтосьці з кімсьці сустракаюцца і пра нешта спрачаюцца? І што гэта наогул за людзі? Рыгор адказваў, што зусім ня ўсе ягоныя анэкдоты гэткія, ёсьць і іншыя; людзі ж гэтыя – славутыя рэжысёры.
Цямнела. Лявон прапанаваў шукаць дзе начаваць, пакуль яшчэ хоць нешта відаць. Каб не калоцца сухой ігліцай, яны ўладкаваліся пад тоўстым старым дубам, наводдаль сьцяжынкі, на мяжы лесу і прасекі. Распрануўшыся па майткі, каб добра застудзіцца, і паадкідаўшы ў бок жорсткія жалуды, яны апусьціліся ў густую нізкую траўку і ляглі на сьпіну. Рыгор нягучна засьпяваў «Ляснога цара».
Ужо была глыбокая ноч і цемра, калі Рыгору раптам стала пранізьліва холадна і самотна. Ён прыслухаўся да левага боку, спрабуючы ўлавіць Лявонаў подых праз лёгкі шолах лісьця зьверху і гудзеньне правадоў. Цішыня. Рыгор асьцярожна падаў руку, але пальцы кранулі толькі халодную траву. «Ляво-оне», – ціхутка паклікаў ён, спадзяючыся пачуць у адказ хоць мармытаньне ці сонны чмых. Рыгор закашляўся і сеў, абдымаючы сябе за плечы, каб угрэцца. «Куды ён мог падзецца?»
– Лявоне! – хрыпла крыкнуў ён, – Лявоне! Дзе ты?
Ён памацаў зямлю вакол і знайшоў сваю вопратку, складзеную акуратным стосам. Плюнуўшы на застуду, ён пачаў нацягваць суколку, але спачатку заблытаўся ў рукавох, а потым выявіў, што надзеў яе задам наперад – каўнер ціснуў шыю. Перагортваючы суколку, ён раптам пачуў крокі і замёр.