Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Усё гэта неверагодна, але я не маю падставаў не верыць чэснаму, найчаснейшаму брату майму, маці сваёй і дарагой сястронцы. Я не маю падставаў не верыць ім, і я ім веру. Я мела намер забраць з сабою Люсеньку. Перад ад’ездам схадзіла ў чэшскую паліцыю, і яны абяцалі мне яе прапісаць, калі ўдасца перавезці яе ў Прагу. Люся была гатовая йсці з намі, але Ніна так спалохалася, так збялела й пачала прасіцца, каб мы не бралі Люсенькі, бо яе за гэта пасадзяць, а яна ўжо ведала савецкую турму...
Польскае таварыства ахвотна забрала з сабою пад апеку маіх сёстраў. Панеслі нават іхнія рэчы. Дружныя й харошыя палякі ў горы, як брацця. А мы йшлі памалу да свае машыны. Са Снежкі відно было польскі бок. Мне здавалася, што там бяспечней крыху. Пайшла мая Люсенька, як русалачка, з імі ў маім зялёным касцюме, у харошай шапачцы белай. «Каб не гэты шакалад, што ем, і каб не падаркі ад іх, я думаў бы, што гэта сон»,— мудра высказаўся мой Юра.
Як было хораша, што я іх бачыла. Пан Кржываноска ніяк не мог супакоіцца, што палякам мы пакінулі такое дзяўчо, такое цуда... Задуманая, сумная, як не з гэтага свету, дзяўчынка адышла ад мяне назаўсёды, маленькая Люся... Не шчодра адмераў ёй лёс ніць жыцця. Расказвала я ім пра таго Толіка-партызана (мне здавалася, што ён Міша, але людзі з Палавок мне сказалі, што Толік). Успаміналі, як нейкі Сундукевіч (з Лазоў, здаецца) арыштоўваў тату, як гнаў яго Заяц з Тупічан, азвярэлы на безабароннага пана, аж да Лунны. Яшчэ жыве ў Мастох нейкі Капейка, які прыгарнуўся да Расціслава ў час вайны, а пасля праследаваў яго толькі за тое, што кулацкі сын. Так даказваў сваю рабскую адданасць Сталіну, памагаючы фізічна вынішчыць яшчэ жывых. Недзе й далей прадае ў Мастох на лесапільнай фабрыцы такіх жа нявінных. Што ж, залаты фонд сянняшняга рэжыму. Цераз такіх гінулі людзі, не ўсе, безумоўна, толькі тыя, хто не ўцякаў, хто не пакідаў гнязда свайго, зямлі роднай, каму здавалася, што людзі ўсё ж за дабро заплацяць дабром і за праўду — праўдай... Няўжо так вынішчаць увесььь наш род?
А крывавыя кіпцюры ўжо памалу заціскаліся ля майго горла, і малы сынок ішоў насупраць страшнога сіроцтва. Так наканавана ўсяму нашаму роду гінуць на зубах гэтых азвярэлых людзей. Мне найболей цяжка, бо я кахала гэты народ, кахала яго безгранічна... А можа, гэта толькі шумавенне, крывавая пена такіх жа крывавых дзён, можа, яшчэ б’ецца чалавечае сэрца ў майго народу й загамоніць некалі пратэстам супраць садызму? Так мне хацелася гэтаму верыць.
Муж пісаў з Вімпэрку, клікаў мяне да сябе, бо было яму цяжка. Страшны Вімпэрк, на ўспамін аб якім браў мяне жах. Трэба было здаць хлопчыка на кватэру, а самой ехаць. Мае добрыя знаёмыя Сіраполкі знайшлі нейкую ўкраінку пані Кучынскую, дзе й аддалі мы Юру, над якім апеку пераняў пан Кржываноска — наш знаёмы чэх. Часта я прыязджала да Юры, тады мы йшлі на нашую кватэру й праводзілі там пару дзён. Былі тады шчаслівыя. Я заўважыла толькі, што Юра стараецца быць самастойны, гэта палохала мяне. Пані Кучынскай ён не слухаў. Муж мала наагул звяртаў на яго ўвагі, а цяпер дык зусім не бачыў яго. Хлопчык вырас велькі, нейк выцягнуўся.
Аднойчы я ехала да мужа. Звычайна спакойна бывала ў аўтобусе, але на гэты раз да мяне ўчапіўся нейкі тып, які вельмі пагана гутарыў па-чэшску з расейскім акцэнтам. Бяссільны, каб вырваць ад мяне хоць слова, ён звяртаўся да шофера й да ўсіх з аўтобуса, што гэтая дама-буржуйка сама жыве ў Вімпэрку, а сын яе вучыцца ў Празе і т.п. Мне прыпомніўся Аляхновіч[166], нічога новага, паўтараецца тое, што перанёс калісьці ён. Цераз пару дзесяткаў гадоў так жа адзін з іх «прадстаўнікоў» нападзе на мяне ў Польшчы па дарозе ў Крынкі. Калі муж спаткаў мяне ў Вімпэрку, я паказала яму на праследавацеля, і ён адразу ўцёк. Таксама ў Польшчы ўцёк той чэкіст у лес, не даязджаючы да Крынак...
Ішлі мне па пятах, сачылі, акружалі, і толькі муж мой быў глухі й сляпы й па-ранейшаму баяўся, каб хоць не пераехаць граніцы ў Заходнюю Германію. У мужа была медсястра й сакратарка, якой бацька быў немец, а любоўнік — партыйны актывіст, чэх, вельмі зацікаўлены нашымі асобамі. Муж і тут не бачыў нічога страшнага, наадварот. Мне ўсё было ясна, але я рабілася пасіўнай і, як тупая авечка, ішла на зарэз. А трэба было браць сына й ратавацца, бараніць жыццё адзінага сына й сваё. Злачыннае кіданне нас Сталіну пад ногі ніколі не лягло каменем на сумленне майго мужа. Мы для яго былі хутчэй рэчы, чымсьці жывыя людзі.
166
Аляхновіч Францішак (1883–1944) — тэатральны дзеяч, драматург, аўтар кнігі «У капцюрох ГПУ» (1937). У 1942–1944 гг. рэдагаваў тыднёвік «Беларускі голас». Забіты невядомымі на ўласнай кватэры ў Вільні.