Рабаваньне па-беларуску
- Автор: Липень Пилип
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Рабаваньне па-беларуску». Краткое содержание книги:
– Ну, дык куды мы прыехалі? – спытаў ён панура.
– Як куды? Тутака твой кіраўнік практыкі працуе, Піліп! Твой кіраўнік, а мой сябра. Пайшлі, зойдзем да яго, пахвалімся самаходам! – Рыгор выскачыў з кабіны і пацягнуўся. – Ня кныхай! Пасьпеем яшчэ за горад.
Лявон хмурна адмовіўся. «Рыгор – зусім дурны. Навошта яму гэты Піліп?» Ён пакруціў рычажок, апусьціў шкло і высунуў твар вонкі, ўдыхнуўшы вечаровае паветра. Пасьля рову і грукату цішыня зьвінела ў вушох.
Лявона разбудзіў грук дзьвярэй. Рыгор плюхнуўся на сядзеньне і падаў Лявону буйны памідор. У падоле ягонае суколцы ляжалі яшчэ пяток памідораў, дзясятак агуркоў і шмат дробных сініх сьліў.
– Няма яго, гада. А мне пагутарыць зь ім трэба было... – ён адчыніў бардачок і выгрузіў туды здабычу. – Думаеш, я дзеля сьмеху сюды прыехаў? Не, братка. Разумееш, я яго, Піліпа, да тога як сеў, падгаварыў наладзіць тэлефоны ў горадзе. Намаляваў фарбамі – грамадзянскі абавязак, адказнасьць, карысьць людзям. А ён і паверыў, наіўка. Дый сам я наіўны быў, пакуль у вязьніцы не патрымалі. Гэта значыць у музэі – ну ты зразумеў. Ім, – ён тыцнуў паказальнікам у столю, – гэтая народная карысьць далямпады! Ім галоўнае – выконваць свой дурны, нікому не патрэбны закон. Дык вось, хацеў я Піліпу зараз сказаць, што ўся гэтая задума з тэлефонам – сапраўдная дрэнь. Каб ён на’т і не рабіў анічога. А яго, бач ты, няма. Мабыць ужо на АТС... Ну што, паехалі за горад!
Рыгор запаліў фары, завёў рухавік і даў задам.
– Дый што тэлефоны! Тэлефоны – драбяза. Ён жа ўсё пра сьмерць думае, рыхтуецца. А сьмертайкі няма! Вось што трэба яму сказаць!
– Добрая вестка... Дабравешчаньне, – прамармытаў Лявон і задуменна панюхаў свой памідор.
Ён напаўвуха слухаў Рыгораву гаворку і спрабаваў злавіць за хвосьцік сон, што прысьніўся яму і зараз высьлізгаў – здаецца, гэта было нешта вельмі значнае. Яны моўчкі мчалі змрочным горадам, тым жа шляхам, якім прыехалі. Хвілін празь пяць Рыгор падумаў, што можна было трапіць за горад карацейшым шляхам, Ракаўскай шашою, на Гародню, але вяртацца было ўжо позна.
Калі наперадзе зноў паўстала цёмная будыніна банка, Лявон усклікнуў:
– Я ўспомніў свой сон! Мне прысьнілася, што банк – гэта заварожанае, анамальнае месца. Усе сыходзіцца! Глядзі: раз тамака ёсьць і грошы, і машыны, якія ў звычайным сусьвеце не існуюць, дык там могуць быць і жанчыны! Паварочвай. Вернемся і перарыймо ўсё! Дарэчы, можа, гэты дырэктар і ёсьць жанчынай?!
– Добра, пасьпеем яшчэ, – адказаў Рыгор, мінуўшы паварот да банку. – Паехалі ўжо за горад, бо зусім цёмна зробіцца, нічога не разгледзеш. А спаць вернемся ў банк, каб наша дырэктарка не засумавала ў адзіноце. Я памятаю, у яго там запасы сухога пюрэ былі, дык я ня супраць падсілкавацца!
– У цябе толькі пра адно думкі, – засьмяяўся Лявон і засьпяваў «Das Lied im Gruenen». Рыгор, як умеў, падхапіў.
Міма праплылі апошнія дамы спальных раёнаў, прысадзістая глыба гіпэрмаркета, і вось, паднырнуўшы пад мост кальцавое дарогі, аўтобус памчаўся Брэсцкай шашою.
Частка 3. Вандраваньне
1. Як Лявон ды Рыгор заблукалі
Яны ўжо доўга маўчалі, і Рыгор гнаў машыну наперад і наперад. Спачатку паабапал дарогі цьмянымі ценямі праносіліся хаты, лецішчы, запраўныя станцыі, нейкія склады, а потым застаўся толькі чорны лес, ён падступаў да асфальту ўсё бліжэй і бліжэй. Калі звонку стала зусім цёмна, непрыкметныя раней спыдомэтры і тахомэтры вакол Рыгора набылі значнасьць, выявіўшы свае таямнічыя бледна-зялёныя абрысы. Рухавік упэўнена і магутна роў унізе, празь сядзеньне перадавалася прыемная вібрацыя. Праплывалі ліхтары – мяккія колы сьвету, высока на нябачных ножках – узрасталі, асьвятлялі кабіну і зьнікалі ззаду. Лявон звужаў павекі, і тады зь сярэдзіны кожнага кола ўзьнікаў яркі чатырохвугольны промень, падобны да компасу са старажытных мапаў, толькі танчэйшы. Лявон чакаў, калі Рыгор скажа «ну што, пракаціліся? нічога асаблівага? паварочваем», ці нешта кшталту, і гатоў быў пагадзіцца, але Рыгор з выглядам адважнага капітана карабля пазіраў наперад і крэпка сьціскаў абаранак. Здаецца, яму проста падабалася ехаць. Нарэшце яны загаварылі адначасна:
– Слухай, Рыгору...
– Чорт!
– Што чорт?
– Ды бэнзін! Бач, чырвонае загарэлася. Канчаецца. Забыўся я, не паглядзеў адразу... – Рыгор зірнуў вінавата, – А што ты хацеў сказаць?
– Мо назад? А то бесталкова неяк – усё роўна не відаць анічога. Лепш заўтра ўдзень вернемся. І заправімся заадно.
Рыгор кіўнуў і пачаў плыўна тармазіць. Бліжэйшы ліхтар спыніў набліжэньне, замарудзіў рост і з роўным зьзяньнем застыў на месцы. А калі Рыгор закруціў абаранак дзеля развароту і зноў перасунуў перадачу, рухавік заглух. Павярнуўшы колькі разоў ключ у замку, Рыгор адкінуўся і з прыкрасьцю ляпнуў сябе па каленях.
– Прыехалі! Ну што... Пайду зірну ў багажнік – раптам тамака запасная каністра.
Ён адчыніў дзьверы, з чаго ў столі кабіны запалілася слабая жоўтая лямпачка, і выскачыў у цемру, а праз імгненьне зьявіўся і зьнік у сьвятле фар. «Нібы ведаў, што будуць непрыемнасьці», – Лявон уздыхнуў і ўладкаваўся ямчэй у куце паміж сядзеньнем і дзьвярыма.
– Чуеш! Тутака поўная машына грошай! – даляцеў да яго голас Рыгора.
– Так, зараз гэта асабліва значна... – млява мармытнуў Лявон сабе пад нос.
За гэты доўгі дзень ён вельмі стаміўся, і цяпер яму нарэшце зрабілася ўсё роўна. Невыразна ўспомнілася, што ён ня піў соку цэлы дзень, праглынулася. Ён заплюшчыў вочы і пачаў драмаць, паклаўшы галаву на бакавое шкло. Але не прайшло і хвіліны, як Рыгор стукнуў косткамі пальцаў у шкло звонку.
– Зноў сьпіш?
Лявон сьцепануўся і падняў галаву. Павекі зьліпаліся, кабіна двоілася, і ён, пазяхаючы, цёр вочы кулакамі. Аўтобус пахіснуўся – гэта Рыгор ізноў сеў на кіроўчае месца.
– Няма бэнзіну. Затое грошай шмат. Інкасатары – нябедныя хлопцы! – голас Рыгора быў аптымістычны і бадзёры. – Ну, што рабіць будзем? Пайшлі, пройдземся да бліжэйшае бэнзакалёнкі!
– Давай лепш заўтра, – прапанаваў Лявон, з прыкрай адзначыўшы ўмольнасьць сваёй інтанацыі. – Я стаміўся і спаць хачу. Дый позна ўжо, цёмна.
– Вось скажы мне, Лявон, – нечакана раззлаваўся Рыгор, – ты зараз будзеш спаць, а мне што рабіць? Доўбні ганяць? Якога ліха ты заўсёды сьпіш? Ніхто ня сьпіць, а вось ты ўвесь час сьпіш! Вось патлумач мне!
– А сам? Чаму ты ўвесь час жрэш? – ускіпеў у адказ Лявон, зь сілай выгаварыўшы неўласьцівае і непрыемнае яму, грубае слова «жрэш». – Ты хоць аднаго чалавека бачыў, каб столькі еў? Празь цябе потым дробкі, і гэты гідкі тлушч на вуснах, і паскудны піўны пах! Я дзіўлюся, як табе не зьневажальна праглынаць ўнутар гэтую перажованую, змочаную сьліною брыду?
Вочы Рыгора загарэліся, кулакі сьціснуліся, і ўсё ягонае цела ператварылася ў спружыну, як у дзень апошняе сваркі з татам. Ён адчуў, што зараз адным ударам расплюшча Лявону вусны і зубы, але той дадаў:
– Успомні, хто выцягнуў цябе зь вязьніцы? На тваім месцы я паводзіўся б сьціпла, хоць першым часам.
І Рыгор садзьмуўся, як паветраны шарык.
– Выбачай, братка.
Яны памаўчалі хвіліну, гледзячы ў розныя бакі, і Рыгор паўтарыў:
– Прабач. Давай, сьпі, калі хочацца. Ты сьпі, а я за бэнзінам схаджу. І соку табе прыхаплю.
Лявон хмыкнуў. Рыгор замірэнча крануў яго за калена і ціхутка засьпяваў песьню, нейкую новую, якую Лявон раней ня чуў. Здаецца, словы былі нямецкія, але гэта быў ня Шубэрт. Сварка згладзілася, здалася сьмешнай і бессэнсоўнай. Лявон падцягваў сьпеў мыканьнем. Стала хораша, але сумна: у мэлёдыі адчуваўся выразны густ трывогі.
Калі песьня скончылася, Рыгор падміргнуў Лявону і выскачыў у цемру. «Чакай, Рыгору, хто гэта быў?» «Гэта Малер, я яго добра ведаю. Трохі ўплывае, га? Пасьпяваем яшчэ!» Ляпнулі дзьверы, сьвятло ў кабіне згасла, і неўзабаве таямнічыя зялёныя кружочкі і стрэлачкі прыбораў выявіліся зноў.