Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Кнігазбор
- ISBN: 978-985-7007-66-0
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула». Краткое содержание книги:
Я не была ў дамку ля могілак, напэўна, тыдні два. Адключыла “сотавы”. Накупіла дыскаў з фільмамі Грынуэя, Кім-Кі-Дука і Ванвармердама — мой улюбёны дэпрэсьняк. Асабліва люблю Грынуэя “Адлік нябожчыкаў”. Там жанчыны гэтак вытанчана топяць мужчынаў… аднаго за другім… у атачэньні кветак, апалых лісьцяў і чырвоных яблыкаў. І ўсё гэта таксама Вялікая Гульня — толькі іхняя, а ня нашая.
Заняткі таксама прагуляла. Бацькам, вядома, па барабану. Маці толькі аднойчы зьедлівым тонам прамовіла, што лепей бы я, чым блытацца па хаце бяз справы, схадзіла на вечарыну барда Сьцяпана Ветравея, якога зараз не пускаюць на вялікія сцэны.
Нічога ня маю супраць барда Ветравея.
Але дваццаць гадоў сьпяваць адно і тое ж, з тым самым пафасам, і практычна для той самай публікі, якая за гэты час пасівела і палысела, і не выканала нічога з таго, да чаго гэтыя песьні заклікаюць?
Я лепей апавяданьне напішу… Пра аднаго з паэтаў, расстраляных у гонар дня народзінаў савецкага камсамолу, 29 кастрычніка 1937 году. Пра дзяўчыну, якая кахала свайго прафесара, але пайшла замуж за камсорга. Пра сёньняшнюю студэнтачку архітэктурнага аддзяленьня, якая няздольная разабрацца ў тым, што ёй рабіць у гэтым жыцьці — прынамсі, не будаваць жа лецішчы для багацеяў. Лядовыя палацы таксама неахвота. Дый увогуле… Здавалася толькі, што архітэктура амаль тое самае, што маляваньне. Музыка, замкнёная ў камні... Ле Карбюзье, Гаудзі… Ага… А “супрамат” хто вывучыць? А ўсе гэтыя праграмы тры-дзі-макс? Балкі-швелеры-русты-канелюры? А жах майго жыцьця — адмыўка? Вы ведаеце, што такое адмыўка? Гэта калі празрыстую ваду, у якой расчынена фарба, слой за слоем вельмі акуратна наносіш на накрэсьлены на ватмане фрагмент, раз за разам адступаючы. Такім чынам дзесьці фарба — у два слаі, дзесьці — у дзесяць… І атрымліваецца дасканала плаўны пераход ад сьветлага да цёмнага.
Мне ніяк не ўдавалася роўненька ссоўваць пэндзлем валік афарбаванай вады па нахіленым планшэце. Заўсёды атрымліваліся пісягі.
А мае прабабулі, напэўна ж, пралі, ткалі, вышывалі… Божа мой, я ж нават вязаць не навучылася — не разумею, як гэта можна не ўдавіцца ад нуды, тысячу разоў аднолькавым рухам чапляючы на дроцік нітку… А тут… І ўсё жыцьцё гэтым займацца?
Таму я валялася на канапе, глядзела Грынуэя, а па начах пісала на сваім старэнькім кампутары прозу, а ў сшытку — вершы. Не прызнаю, калі вершы пішуцца на кампутары. Па-мойму, парушаецца нешта пры гэтым. Ну, усё роўна як стол накрываць газетамі.
Час сьцякаў марудна, па кроплі, як вада ў кітайскім катаваньні. Вядома, я чакала, што нехта ўсё-ткі праб’ецца праз узьведзеную мною сьцяну. Самыя зацятыя мізантропы заўсёды на гэта спадзяюцца. Чым мацней яны адасабляюцца — тым больш пякучая надзея, што нехта зараз раскайваецца ў тым, што не цаніў іх прысутнасьць.
Насамрэч чым болей часу ты хаваешся ад сьвету, тым болей цябе забываюць, а ты, наадварот, “накручваеш” сябе.
У маіх начных жахах бачыўся Едрусь, які працягвае мне руку, на якую я так і не апусьціла сваю, сьпіна Генуся і ягоны разьвітальны зьняважлівы жэст, вусны Далілы, з якіх зьлятаюць крыўдныя словы, і змрочны твар Скаловіча. Мне нават некалькі разоў падалося, калі я глядзела праз вакно на двор, што я бачу постаць Едруся, які таксама пазірае на мяне. Да трызьненьняў сябе давяла.
Я ўяўляла, што робіць госьць з мінулага ў дамку… Мы ўжо перасталі дзівіцца некаторым ягоным звычкам. Напрыклад, кожную раніцу і ўвечары ён станавіўся перад абразам і хвілінаў пятнаццаць прамаўляў малітвы. Не зважаючы, глядзім мы, не, зьвяртаемся да яго ці не… Вось менавіта на гэты час у яго прызначанае самае важнае спатканьне — і ён нізавошта гэтае спатканьне не прапусьціць. Потым пачаў адціскацца ад падлогі. Адразу — нядоўга, па некалькі разоў, падаючы ад болю. Але чым больш ачуньваў, тым даўжэй адціскаўся. На адной руцэ, на другой… На кулаках… Зноў жа — не зважаючы на насьмешкі і роспыты. Толькі адно патлумачыў — маўляў, хімік ня мае права сапсаваць досьлед з-за таго, што ў яго трасуцца ад слабасьці рукі. Нібыта быў пэўны, што вось-вось давядзецца зноў узяцца за досьледы. А яшчэ ён бясконца выпрабоўваў розныя рэчывы. Усё роўна, што… Адшкрабаў галоўкі запалак, выціскаў крэм для галеньня… Разглядаў, зьмешваў, падпальваў. І чыркаў, чыркаў алоўкам на абрыўках газетаў, на цэтліках, на любых ашмётках паперы нейкія формулы. Аднойчы — ня ведаю, з чаго — яму ўдалося зрабіць сапраўдны фейерверк. Рознакаляровыя іскры разьляталіся фантанам, чамусьці нічога не апякаючы. Але смурод утварыўся такі, што давялося расчыніць усе вокны, нават тыя, што гадоў трыццаць не адчыняліся, і з іх павылятала вата, усыпаная раструшчанымі навагоднімі цацкамі. А яшчэ ён умеў жангліраваць чым заўгодна. Так, так, спадар мізантроп мог быць і такім. Малая Віка страшэнна радавалася і падсоўвала дзядзьку то цыбуліну, то лыжку, то кубак — каб паляталі ў паветры. Мяне ўвогуле зьдзіўляла, што ў Скаловічы, калі прыгледзецца лепей, ужываліся і малітоўнасьць, выхаваная бабуляй, і балаганныя штукарствы, дарунак бацькоў. Хрысьціянскасьць — і дзіцячая крыўдлівая зацятасьць. Змрочны аскетызм — і схільнасьць да гумару, праўда, чорнага. Педантычнасьць — і побытавы мінімалізм, амаль хіпоўскі. Я ўспамінала, як з Далілай прыйшла позна вечарам у дамок, забраць Віку, пакінутую на прафесара, і яшчэ спанадворку мы пачулі дружны сьмех… Даліла прыклала палец да вуснаў, і мы прасьлізнулі ў хату, як дзьве мышы… І… пабачылі прафесара і Віку ў становішчы дагары нагамі. Ён, аказваецца, вучыў яе па ейнай просьбе стойцы на руках. І гэта з рэбрамі, якія ледзь зрасьліся! Абодва час ад часу падалі на падлогу і рагаталі, хаця прафесар пры гэтым і моршчыўся ад болю. Нарэшце абодва акрабаты заўважылі нашу аслупянелую прысутнасьць і зараз жа да сьмешнага аднолькава зрабілі каменна-сур’ёзныя твары і імгненна ўселіся за стол, на якім ляжала адчыненая кніга, каб з перабольшанай цікавасьцю працягваць знаёмства з прыгодамі паноў Кубліцкага ды Заблоцкага.