Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка
- Автор: Копыл Илья
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Інстытут Беларускай гісторыі і культуры
- ISBN: 978-9984-897-11-0
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка». Краткое содержание книги:
Ілля Копыл
З той паездкі па месцах пахаванняў ахвяр савецкага і фашысцкага рэжымаў запомніўся яшчэ адзін момант. Гэта наш прыпынак у Крыжа, які ўсталяваны на мяркуемым месцы расстрэла ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага. Калі мы прыехалі сюды, нас ужо чакалі прадстаўнікі нейкіх спецслужб. Але мітынг у Крыжа адбыўся, было шмат выступоўцаў. Усё здымалася і запісвалася на тэлекамеру спецслужбы.
Вінцэнт Гадлеўскі — каталіцкі святар, кіраўнік нацыяналістычнага беларускага падполля ў часы нямецкай акупацыі, ідэолаг беларускай нацыянальнай ідэі. Ён быў адным з самых аўтарытэтных, самых буйнейшых дзеячаў Заходняй Беларусі ў 1930-х гадах пад польскай акупацыяй.
Вінцэнт Гадлеўскі нарадзіўся 16 лістапада 1888 года ў вёсцы Шурыны Ваўкавыскага павета. У 1912 годзе закончыў Віленскую духоўную семінарыю. Пасля гэтага паступіў у Пецярбургскую каталіцкую духоўную акадэмію, якую закончыў у 1916 годзе. Накіраваны на службу ў кафедральны касцёл горада Мінска. Ён быў удзельнікам Усебеларускага з’езду 1917 года, уваходзіў у склад рады БНР. Пасля Рыжскай дамовы пераехаў на Віленшчыну. За нацыянальную дзейнасць у 1925 і 1927 гадах арыштоўваўся польскімі ўладамі. Пасля агрэсіі супраць Польшчы і яе раздзелу паміж Германіяй і СССР Вінцэнт Гадлеўскі застаўся пражываць у Вільні. Ён быў ініцыятарам стварэння Беларускага нацыянальнага фронту, выдаваў газету «Беларускі фронт».
Калі двое хаўруснікаў, двое драпежнікаў шчапіліся паміж сабой — Германія не стала чакаць, калі СССР нападзе на яе, напала на яго першай, Вінцэнт Гадлеўскі прыбыў у акупаваную немцамі Беларусь. Ён стаў займацца справамі адукацыі, таму яго прызначылі на пасаду галоўнага інспектара беларускіх школ. Гэта давала яму магчымасць свабодна наведваць любыя раёны акупаванай Беларусі. Але яго цікавіў не толькі вучэбны працэс, хоць гэта было важнай сферай яго дзейнасці. Галоўным было тое, што ён ствараў нацыянальны супраціў як нямецкаму, так і савецкаму акупацыйным рэжымам. Вінцэнт Гадлеўскі быў кіраўніком БНП — Беларускай незалежнай партыі. Партыя хутчэй за ўсё магла складацца з тых грамадзян Беларусі, якія так ці інакш працаўладкаваліся ў немцаў. Вінцэнт Гадлеўскі актыўна выступаў супраць угону насельніцтва на працу ў Германію. Нямецкая адміністрацыя спачатку папярэдзіла яго і прапанавала пакінуць Беларусь і з’ехаць у Рыгу. Але ён адмовіўся. У канцы 1942 года ён быў арыштаваны і загінуў у засценках гестапа.
Новым кіраўніком БНС пасля смерці Вацлава Іваноўскага быў прызначаны Юры Сабалеўскі. Але арганізацыя к гэтаму часу была вельмі аслаблена, яе дзейнасць была абмежавана, а з 1 сакавіка 1944 года яна згубіла сваю самастойнасць, пераведзена ў падпарадкаванне БЦР.
У падсумаванне вышэй сказанага хачу яшчэ раз падкрэсліць, што БНС згуляла значную ролю ў жыцці мірнага насельніцтва ва ўмовах акупацыі, памагла выжыць, ацалець, асабліва ў гарадах і буйных мястэчках. Падмацую гэтыя свае высновы ссылкай на матэрыялы гісторыка — даследчыка часоў акупацыі. У «Народнай газеце» за 1.07.1993 года было надрукавана вельмі грунтоўнае даследаванне кандыдата гістарычных навук на той час Галіны Кнацько «Мінск у гады акупацыі». У гэтым даследаванні няма эмоцый, а ёсць спасылкі на архіўныя дакументы, ёсць табліцы, канкрэтныя лічбы. З гэтага матэрыялу бачна, якую велізарную працу выконвала БНС: бытавыя ўмовы жыцця Мінчукоў, выплаты пенсій, арганізацыя харчавання, медыцынскае абслугоўванне, дзіцячыя ўстановы, арганізацыя прытулкаў і бясплатных абедаў для бяздомных і шмат што іншае.
Трэба адзначыць, што нямецкая акупацыйная ўлада пакінула ў Мінску савецкія парадкі. Дзве палітычныя сістэмы — савецкая і нацысцкая былі настолькі падобны адна на адну, што нават можна было нічога не мяняць. Каб не ваенныя дзеянні, не разбурэнні, насельніцтва нічога не заўважыла б. Дзейнічалі савецкія пашпарты, прапіска, аплата камунальных паслуг, аплата лістоў непрацаздольнасці, тыя ж самыя памеры заробкаў і пенсій, тыя ж кошты на тавары першай неабходнасці. Савецкія грошы хадзілі нароўні з акупацыйнымі дойчмаркамі. Працавалі прадпрыемствы і ўстановы, людзі як і раней хадзілі на працу. Мая стрыечная сястра Копыл Ніна, дачка дзядзькі Банэдыка, перад вайной працавала ў 5-м паштовым аддзяленні горада Мінска, на тым жа месцы працавала і ў гады акупацыі, а потым і пасля вайны да выхада на пенсію.