Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка
- Автор: Копыл Илья
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Інстытут Беларускай гісторыі і культуры
- ISBN: 978-9984-897-11-0
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка». Краткое содержание книги:
Ілля Копыл
Вацлаў Іваноўскі карыстаўся аўтарытэтам як сярод эміграцыі, так і ў мясцовага насельніцтва. Ён працягваў змаганне за аўтаномію Беларусі. Калі б ён дасягнуў гэтай мэты, то быў бы першай кандыдатурай на пасаду кіраўніка краіны. Яго рашучасць, настойлівасць у вырашэнні беларускага пытання не надта падабалася немцам. Ім не патрэбна самастойная ці аўтаномная Беларусь, як была ім не патрэбна БНР у 1918 годзе.
7 снежня 1943 года на Вацлава Іваноўскага быў здзейснены замах, яго забілі. Партызаны і падпольшчыкі тут жа паспяшылі запісаць тое забойства ў свой актыў. Забіць «здрадніка», «нямецкага прыслужніка» — лічылася гераічным учынкам. За гэта можна было медаль атрымаць і нават ордэн, у залежнасці ад рангу ахвяры. Але на думку некаторых гісторыкаў, у гэтай справе назіраецца нямецкі след.
Пасля таго як газета «Народная Воля» надрукавала мае ўспаміны, мне патэлефанаваў адзін рэжысёр з кінастудыі «Беларусьфільм», прозвішча называць не буду, і папрасіў сустрэцца. Сустрэліся. Ён звярнуўся да мяне з прапановай даць згоду на стварэнне фільма па матэрыялах маёй кнігі з маім удзелам для тэлеканала «Белсат». Каб падмацаваць мой давер да яго і яго прафесійнасці, рэжысёр перадаў мне дыскі з ужо зробленымі тэлефільмамі. Адзін з фільмаў быў пра Вацлава Іваноўскага. Я перагледзеў яго некалькі разоў. Асабліва ўразілі мяне сцэны пахавання. Каб правесці свайго бургамістра ў апошні шлях, сабралося ўсё насельніцтва Мінска. Немцы не перашкаджалі. На маю думку, калі б Вацлаў Іваноўскі быў «здраднікам» і «нямецкім прыслужнікам», як сцвярджала савецкая прапаганда, людзі на яго пахаванне не прыйшлі б.
А ўдзельнічаць у тэлездымках я адмовіўся.
29 кастрычніка 2010 года, у Дзень памяці ахвяр палітычных рэпрэсій, у складзе групы я наведаў месцы пахаванняў тых ахвяр. Я ўпершыню пабачыў магілу Вацлава Іваноўскага. Для мяне было вялікай нечаканасцю, што яго магіла ўцалела за савецкім часам, калі ўсё знішчалася, знішчалася людская памяць. Тут, у магілы адбыўся невялікі мітынг. Выступоўцы, а гэта былі вядомыя гісторыкі, пісьменнікі, мастакі і проста неабыякавыя людзі расказалі пра яго жыццёвы шлях. У яго адрас прагучалі добрыя і цёплыя словы. Вацлаў Іваноўскі — вядомы палітычны і грамадскі дзеяч Беларусі.
Ён нарадзіўся 7 чэрвеня 1880 года ў Гродзенскай вобласці. У 1899 годзе паступіў у Пецярбургскі тэхналагічны інстытут. Пасля заканчэння вучобы застаўся ў ім працаваць, стаў таленавітым вучоным. К 1913 году ён ужо доктар тэхнічных навук, дацэнт. Акрамя навуковай працы ён займаўся і палітычнай дзейнасцю. Выступоўцы на гэтым мітынгу паведалі, што Вацлаў Іваноўскі быў энергічным арганізатарам. Ён з’явіўся адным з заснавальнікаў і кіраўнікоў партый Беларуская рэвалюцыйная грамада, а потым Беларуская сацыялістычная грамада. Калі імператар Расіі Мікалай Другі выдаў Указ ад 12 снежня 1904 года, якім скасаваў ранейшыя абмежаванні ў карыстанні мясцовай мовай на тэрыторыі Паўночна-Заходняга краю, Вацлаў Іваноўскі скарыстаў гэты момант. Ён заснаваў у Пецярбургу першае легальнае беларускае выдавецтва, якое назваў «Загляне сонца і ў наша аконца». Яно праіснавала з 1906 па 1916 гады. Выдавецтва выдавала газеты, часопісы, кнігі, падручнікі на беларускай мове. Вацлаў Іваноўскі лічыў, што пашырэнне беларускай адукацыі, фарміраванне нацыянальнай свядомасці — гэта будзе моцным падмуркам будучай дзяржаўнай незалежнасці. З 1918 года Вацлаў Іваноўскі становіцца міністрам адукацыі ва ўрадзе БНР.
Пасля заключэння так званай Рыжскай мірнай дамовы 1921 года, у выніку якой Беларусь была падзелена паміж РСФСР і Польшчай, Вацлаў Іваноўскі пераехаў у Варшаву. З 1922 па 1939 год ён на пасадзе прафесара Варшаўскага палітінстытута. У 1939 годзе, калі Польшча была акупавана Германіяй і Савецкім Саюзам, Вацлаў Іваноўскі пераехаў у Вільню, дзе працаваў выкладчыкам Віленскага ўніверсітэта. Пасля акупацыі немцамі тэрыторыі Беларусі, Вацлаў Іваноўскі ў лістападзе 1941 года прызначаны бургамістрам горада Мінска. У выступах тут над магілай была дана ацэнка яго дзейнасці, што гэта быў лепшы граданачальнік Мінска. Мяне ўразіла тое, што Вацлаў Іваноўскі быў адным з лідэраў падпольнай Партыі беларускіх нацыяналістаў, падтрымліваў тайныя сувязі з Арміяй Краёвай. Гэта было небяспечна. Немцы маглі дагадвацца пра яго падпольную дзейнасць. Магчыма, гэта было адной з прычын, што яго забілі.
На магіле Вацлава Іваноўскага звычайны помнік, якіх шмат можна ўбачыць на любых могілках. Гэта вертыкальная бетонная пліта, на якой замацавана шыльда з тэкстам… На маю думку, такая асоба, як Вацлаў Іваноўскі, кіраўнік горада Мінска ў вельмі складаны час нашай гісторыі, які зрабіў значны ўнёсак у справу беларускага нацыянальнага адраджэння, варты ўсталявання на галоўнай плошчы сталіцы Беларусі манументальнага помніка.