Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка
- Автор: Копыл Илья
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Інстытут Беларускай гісторыі і культуры
- ISBN: 978-9984-897-11-0
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка». Краткое содержание книги:
Ілля Копыл
Гэта самая першая арганізацыя, якая стала дзейнічаць на тэрыторыі акупаванай Беларусі. Яе дзейнасць пачалася ў кастрычніку 1941 года. Першым яе кіраўніком быў Іван Ермачэнка. В. Раманоўскі ў сваёй кнізе «Саўдзельнікі ў злачынствах» называе Ермачэнку «махровым белагвардзейцам», закаранелым агентам германскага фашызму, заклятым ворагам беларускага народа. Мяне зацікавіла гэтая асоба і я стаў шукаць хоць якія-небудзь звесткі. Я не буду спыняцца на падрабязнасцях біяграфіі Івана Ермачэнкі, а прывяду толькі асноўныя вехі яго жыцця. Нарадзіўся ён 13 траўня 1894 года ў вёсцы Капачэўка Барысаўскага павета Мінскай губерніі, у сялянскай сям’і. Удзельнік Першай сусветнай вайны. У 1914 годзе скончыў школу прапаршчыкаў. У часы грамадзянскай вайны ў Расіі знаходзіўся ў белай арміі, у гушчы падзей — быў ад’ютантам генерала Врангеля. Ратуючыся ад крывавай разні, якую ў Крыму падрыхтавалі бальшавікі і Міхаіл Фрунзэ, Бела Кун і Разалія Зямлячка, Ермачэнка іміграваў у Турцыю. І зрабіў ён гэта своечасова. Разам з Чырвонай Арміяй у Крым прыйшоў «красный террор».
У Турцыі Іван Ермачэнка далучыўся да беларускіх суполак. К гэтаму часу ён ужо насіў пагоны палкоўніка. У 1921 годзе ўрад БНР прызначае яго сваім прадстаўніком у Канстанцінопалі, а потым і генеральным консулам на Балканах. Яго намаганнямі былі заснаваны консульствы БНР у Балгарыі і Югаславіі. У 1922 годзе Ермачэнку прызначаюць на пасаду намесніка міністра замежных спраў БНР, урад якой месціўся ў Коўне. Пасля пераезду ў Прагу Ерамачэнка паступае, а ў 1929 годзе заканчвае медычны факультэт Карлава ўніверсітэту. Тут ён знаходзіць час, каб удзельнічаць у выданні часопісу «Іскры Скарыны» і працуе ў палітычных партыях. У 1938 годзе Іван Ермачэнка арганізуе беларуска-нямецкае супрацоўніцтва. Нічога кепскага ў гэтым я не бачу, з немцамі супрацоўнічаў і савецкі ўрад. Як мы зараз ведаем, СССР і Германія разам развязалі Другую сусветную вайну, як заклятыя хаўруснікі.
Як я вышэй ужо сказаў, у кастрычніку 1941 года Ермачэнка ўзначаліў БНС на тэрыторыі акупаванай Беларусі. Гэта дабрачынная арганізацыя, перад якой была мэта аказваць дапамогу тым беларусам, што пацярпелі ад ваенных дзеянняў і таксама ад панавання савецкага і польскага рэжымаў. Гэтым дзейнасць БНС не абмяжоўвалася. Планавалася дапамога, і яна аказвалася, у адбудове нашай краіны, зруйнаванай чужынцамі, у развіцці і пашырэнні беларускай культуры. Трэба адзначыць, што БНС узнікла не на пустым месцы. На тэрыторыі Германіі знаходзілася 70 тысяч беларусаў. Гэта тыя беларусы, якія служылі ў польскім войску і ў верасні 1939 года папалі ў нямецкі палон. На маю думку, немцы праявілі да іх гуманнасць, што не перадалі іх савецкаму боку пасля падзелу Польшчы. Інакш бы савецкае НКВД у адпаведнасці з пастановай Палітбюро ЦК ВКП(б) ад 5.03.1940 года расстраляла б у Катыні не 21 857 чалавек, як сведчаць архівы, а на 70 тысяч больш. Рэжым утрымання палонных беларусаў быў не надта жорсткім, што давала магчымасць наладзіць для іх дапамогу ў пытаннях аб’яднання і ўладкавання на працу. На гэта адгукнуліся эмігранты першай хвалі, якія пражылі ў Германіі ўжо па 15–20 гадоў. Іх намаганнямі ў лістападзе 1939 года ў Берліне было адчынена Беларускае прадстаўніцтва. А ў сярэдзіне 1940 года Мікола Шкялёнак, які па адукацыі быў юрыстам, дамогся дазволу ад Берліна на заснаванне БКС — Беларускага камітэта самапомачы. Першапачаткова планавалася назваць арганізацыю Беларускім нацыянальным камітэтам. Але нямецкія ўлады такую назву забаранілі, таму што гэта магло нашкодзіць савецка-нямецкай дружбе. Суполкі БКС былі створаны як на тэрыторыі Германіі, так і ў акупаваных немцамі краінах.
Ерамачэнка быў заснавальнікам і кіраўніком БКС у Празе. Калі немцы акупавалі тэрыторыю Беларусі, ён прыступіў да стварэння такой арганізацыі і тут. Ён быў мэтанакіраваным, палітычна незалежным чалавекам, карыстаўся аўтарытэтам сярод эміграцыі, меў добрыя стасункі з уплывовымі асобамі Берліна. Пасля перамоў рэйхсміністр усходніх акупаваных тэрыторый Розенберг даў згоду на дзейнасць БНС на тэрыторыі Беларусі, а Ермачэнку прызначыў яе кіраўніком. Дарэчы, сам Альфрэд Розенберг нарадзіўся 12 студзеня 1893 голаў горадзе Рэвеле Расійскай імперыі. Зараз гэта горад Талін, Эстонія. Увосень 1910 г. паступіў у Вышэйшую тэхнічную школу горада Рыгі. Але закончыць вучобу не паспеў, у 1915 годзе разам з сям’ёй эвакуіраваўся ў Маскву. Ішла 1-я сусветная вайна і нямецкі фронт наблізіўся да Рыгі. Тут працягнуў вучобу, увосень 1917 года закончыў МВТУ з дыпломам інжынера-архітэктара. Прыхільна ставіўся да бальшавікоў. У лютым 1918 года вярнуўся ў Рэвель, дзе хацеў уступіць у нямецкую армію, але яго не прынялі, як рускага. Розенберг пераехаў у Германію. І вось ён — рэйхсміністр.