Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка
- Автор: Копыл Илья
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Інстытут Беларускай гісторыі і культуры
- ISBN: 978-9984-897-11-0
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка». Краткое содержание книги:
Ілля Копыл
Яшчэ прывяду адзін прыклад, які я адшукаў у даступных крыніцах. Анатоль Рубін з Мінскага гета ўвосень 1943 года сустрэў партызан. Анатоль расказаў ім, што бацькоў расстралялі, а ён сам хаваўся ў адной з вёсак Клецкага раёна. Зараз ён жадае помсціць немцам. На тварах партызан з’явіліся іранічныя ўхмылкі і рэплікі з яўрэйскім акцэнтам: «А што ты будзеш рабіць у партызанах? Страляць? Але ў нас няма крывога ружжа». Потым яму параілі прызнацца, што ён нямецкі шпіён, інакш паабяцалі зрабіць другое абразанне. Юнаку паказалася, што ён сустрэў не партызан, а паліцаяў. Калі зірнуць праўдзе ў вочы, то мы ўбачым, што яўрэі ваявалі не горш за іншыя народы. 110 тысяч беларускіх яўрэяў змагаліся на фронце ў складзе Чырвонай Арміі, 48 тысяч з іх загінулі. 23 беларускія яўрэі сталі Героямі Савецкага Саюза, двое — поўнымі кавалерамі ордэнаў «Славы» (Рыгор Багарад і Яфім Мінкін).
А які лёс напаткаў братоў Бельскіх? Асаэль у 1944 годзе ўступіў у Чырвоную Армію, загінуў на тэрыторыі Германіі незадоўга да канца вайны. Туўя і Зусь пасля вайны, ратуючыся ад пераследу з боку НКУС, уцяклі ў Польшчу, а потым у Ізраіль. У 1965 годзе пераехалі ў ЗША. Летам 1986 года выратаваныя братамі Бельскімі яўрэі ў гатэлі Хілтан у Нью-Ёрку арганізавалі банкет. 600 чалавек стоячы віталі 80-гадовага Туўю Бельскага. У снежні 1986 года ён памёр. Пахаваны з ваеннымі ўшанаваннямі на гары Герцля ў Іерусаліме.
Так мы, вяскоўцы, называлі жаўнераў брыгады палкоўніка Гіля-Радзіёнава.[4] Цікава, што больш такой назвы я не сустрэў ні ў адной крыніцы па гэтаму пытанню, якія мне ўдалося знайсці. Магчыма, назва «народнікі» існавала толькі ў межах маёй вёскі Нябышына. І гэтая назва ўзнікла і прыжылася, таму што радзіёнаўцы прыхільна ставіліся да жыхароў вёскі, абаранялі і ад партызан, і ад паліцаяў, і нават ад немцаў. Як кажуць, былі разам з народам. Аб гэтым я падрабязна ўжо расказаў вышэй у сваіх успамінах.
Пасля выхаду з друку 1-га выдання маіх успамінаў некаторыя чытачы выказалі нязгоду са мной, што я занадта ідэалізую радзіёнаўцаў. Яны сцвярджалі, што брыгада актыўна ўдзельнічала ў карных аперацыях супраць насельніцтва. Але пацверджанняў гэтага я не знайшоў. Гэта пры тым, што партызаны і падпольшчыкі пратакаліравалі ўсе карныя дзеянні акупантаў супраць насельніцтва.
Авось крыніцы, у якіх радзіёнаўцы характарызуюцца станоўча, ёсць. Так, былы сакратар Мінскага падпольнага абкама партыі і камандзір партызанскага злучэння Раман Мачульскі ў сваіх мемуарах напісаў, што ў траўні—чэрвені 1943 года «1-я Руская нацыянальная брыгада» была прыцягнута нямецкім камандаваннем да буйной карнай аперацыі супраць партызан у паўночных раёнах Мінскай вобласці. Партызаны былі акружаны, аднак прарвалі акружэнне на ўчастку брыгады Гіль-Радзіёнава. Я мяркую, што ён проста даў магчымасць партызанам выйсці з акружэння. Мачульскі звяртае ўвагу на тое, што як у час блакады, так і пасля яе салдаты і афіцэры брыгады Гіль-Радзіёнава лаяльна ставіліся да мясцовага насельніцтва. Я поўнасцю далучаюся да слоў Р. Мачульскага, як сведка тых падзей. Аб гэтым жа піша і Анатоль Бурдо ў сваёй працы «Лёс камбрыга В. Гіль-Радзіёнава».
4. Структуры грамадзянскай адміністрацыі ва ўмовах акупацыі
Пра нямецкую грамадзянскую адміністрацыю на тэрыторыі акупаванай Беларусі ў сваіх разважаннях вышэй я ўжо прыпамінаў. Нейкія паралельныя структуры кіравання з прадстаўнікоў мясцовага насельніцтва ці з эмігрантаў, якія сталі вяртацца ў Беларусь пасля яе акупацыі, немцы ў першыя месяцы вайны ствараць не спяшаліся. Яны спадзяваліся на паспяховае завяршэнне «бліцкрыгу» і адкладвалі вырашэнне гэтага пытання па канец вайны з СССР. Калі стала зразумела, што «бліцкрыг» не адбыўся, у Беларусі былі створаны розныя структуры, якія займалі нішу паміж нямецкай акупацыйнай адміністрацыяй і мірным насельніцтвам. Гэта такія структуры, як БНС, БСА, СБМ, БЦР ды іншыя. Трэба адзначыць, што ўсіх тых грамадзян, хто супрацоўнічаў з немцамі, з акупацыйнай уладай савецкая прапаганда аб’явіла здраднікамі. На гэтых людзей партызаны і падпольшчыкі распачалі паляванне, забівалі іх без суда і следства. Зараз замест слова «здраднік» часцей ужываецца слова «калабарант», на французскі манер. Звесткі пра дзейнасць вышэйназваных структур да маёй вёскі, вёскі Нябышына, не дайшлі, таму пра іх мы нічога не ведалі. Пра БНС, БСА, СБМ, БЦР я ўпершыню даведаўся напрыканцы 60-х гадоў мінулага стагоддзя, калі прачытаў кнігу В. Раманоўскага «Саўдзельнікі ў злачынствах», выдавецтва «Беларусь», 1964 год. Змест кнігі ад пачатку да канца пранізаны лютай нянавісцю да ўсіх тых беларусаў, якія нейкім чынам прымусова ці добраахвотна, супрацоўнічалі з акупацыйнай адміністрацыяй, ці проста ўладкаваліся на працу, каб выжыць. «Стаўленнікі акупантаў…», «гітлераўскія найміты…», «нікчэмныя лакеі фашызму…», — так гэтых людзей характарызуе аўтар кнігі, выконваючы заказ савецкай прапаганды.
4
Уладзімір Гіль-Радзіёнаў (1906–1944) у 1941 г. быў падпалкоўнік, начальнік штаба 229-й стралковай дывізіі РСЧА. Паранены трапіў у палон. З 1942 да 15.08.1943 узначальваў «дружыну», полк, брыгаду так зв. Рускай нацыянальнай народнай арміі, якую немцы сфарміравалі з ваеннапалонных. 16 жніўня 1943 г. гэтая брыгада перайшла на бок партызан. Праз месяц Гіль-Радзіёнаў быў узнагарожданы ордэнам Чырвонай Зоркі і атрымаў чын палкоўніка. У красавіку — траўні 1944 г. немцы ў ходзе апераыці «Веснавое свята» разбілі брыгаду, Гіль-Радзіёнаў памёр ад ран 14 траўня. — Рэд.