Шануй сваю родную мову, родныя песні і казкі і дбай аб развіцці і пашырэнні беларускай культуры.
Дбай аб здароўі і чысціні свайго цела і сцеражыся п’янства, курэння і разбэшчанасці…
…Памятай, што ты будучы грамадзянін, вучыся сумленна жыць, шчыра працаваць і мужна змагацца…
Памятай, што шчасце, гонар і слава Бацькаўчыны вышэй і даражэй за дабрабыт і жыццё адзінкі і хто памірае за Бацькаўшчыну, той вечна жыве ў яе народзе!
(Часопіс «Жыве Беларусь!», № 1 1943 г.)
У гэтых Запаветах я не ўбачыў ні здрады, ні фашызму. Я упэўнены, што стваральнікі «Маральнага кодэксу будаўніка камунізму» трымалі ў сябе на стале «Дзесяць запаветаў юнака і юначкі».
Колькі ўсяго было сяброў СБМ, дакладнай лічбы я не знайшоў. Розныя крыніцы называюць іх колькасць ад некалькіх дзесяткаў тысяч да 100 тысяч. У мяне больш даверу да лічбы, якую назвала Вераніка Катковіч, адна з кіраўніц юначак СБМ — гэта 45 тысяч чалавек.
Сябры СБМ падзяліліся на тры групы па ўзросту:
— ад 10 да 14 год — малодшыя юнакі і юначкі;
— ад 15 да 18 год — юнакі і юначкі;
— ад 19 да 20 год — старэйшыя юнакі і юначкі.
Штосьці нагадала мне, што падобны падзел існаваў пры савецкім ладзе. Толькі ў СССР муштраваць дзяцей пачыналі з дзіцячага садка. Потым акцябраты, піянеры, камсамольцы. У адрозненне ад СБМ, у камсамоле ўзрост знаходжання ад 14 да 28 год.
Даводзілася чуць і чытаць, быццам СБМ быў вярбоўшчыкам моладзі на працу ў Нямеччыну. Так, такая праблема існавала. Але калі з Берліна паступіла прапанова пераўтварыць СБМ у такога вярбоўшчыка, Кубэ не пагадзіўся з гэтым. Ён быў перакананы, што беларускую моладзь чакаюць больш важныя справы на Бацькаўшчыне. У гэтых юнакоў і дзяўчат былі самыя светлыя памкненні, патрыятычныя. Яны дбалі пра незалежнасць Беларусі і шчыра верылі, што такое магчыма ва ўмовах нямецкай акупацыі. А як жа не верыць, калі гэтаму спрыяў сам Вільгельм Кубэ, генеральны камісар акругі «Беларусь». Гэтым самым былі выратаваны дзесяткі тысяч маладых беларусаў ад адпраўкі на працу ў Нямеччыну. Праўда, частка моладзі СБМ ад’ехала туды па вярбоўцы — гэта, па розных крыніцах, ад адной да 5 тысяч чалавек. Для іх былі арганізаваны курсы па авалоданню новай, а можа і першай у жыцці, прафесіяй. Пасля курсаў усіх размеркавалі на працу — юнакоў у канцэрн «Юнкерс», а дзяўчат у войскі супрацьпаветранай абароны. Юнакі замянілі на заводах немцаў, якіх мабілізавалі на фронт. Трэба адзначыць, што над гэтымі нашымі суайчыннікамі не стаялі наглядчыкі з палкамі і пражывалі яны не ў бараках за калючым дротам. Пасля працоўнага дня ў іх быў вольны час, яны маглі збірацца разам. Тут таксама дзейнічалі структуры СБМ, нават выпускаўся часопіс «Малады змагар».
Дарэчы, я яшчэ нічога не сказаў пра кіраўніцтва СБМ. Кіраўнікоў не проста прызначалі, а спачатку іх рыхтавалі ў вучэбных цэнтрах. Вышэйшае кіраўніцтва і кіраўнікі СБМ акруг праходзілі падрыхтоўку ў Берліне. На кіруючыя пасады маглі прызначацца асобы, старэйшыя за 20 гадоў.
Такім быў Міхась Ганько. Ён нарадзіўся 28 лютага 1918 года ў Маладзечанскім павеце. Скончыў Маладзечанскую гімназію. У 1938 годзе паступіў у Віленскі ўніверсітэт на медыцынскі факультэт. Вучобу хугчэй за ўсё ён не закочыў, магчыма, перашкодзіла вайна. У 1939–1941 гадах працуе настаўнікам у Маладзечанскім раёне. У траўні 1941 года яго прызвалі ў Чырвоную Армію. Калі пачалася вайна, ён з першых дзён на фронце. У ліпені 1941 года пад Псковам трапіў у нямецкі палон. Беларускія дзеячы, якія знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі, у Нямеччыне і ў іншых акупаваных краінах Еўропы, наведвалі лагеры ваеннапалонных і, дзякуючы свайму аўтарытэту і сувязям, вызвалялі беларусаў з палону. Быў вызвалены з палону і Міхась Ганько, пастараўся ў гэтым актыўны дзеяч беларускай эміграцыі журналіст Акінчыц. Міхася Ганько накіравалі на вучобу ў школу прапагандыстаў. Пасля вучобы на пачатку 1942 года яго накіравалі ў Мінск на пасаду супрацоўніка аддзела прапаганды Генеральнага камісарыята. 22 чэрвеня 1943 года Міхась Ганько быў прызначаны кіраўніком СБМ. Ён быў вопытным прапагандыстам, умелым кіраўніком. У кароткі тэрмін ён арганізаваў кіруючы штаб СБМ і стварыў адпаведныя структуры ў акругах. Ім былі арганізаваны курсы падрыхтоўкі кадраў СБМ, ён сам кантраляваў вучэбны працэс, выступаў з лекцыямі. Міхась Ганько быў выдаўцом і рэдактарам часопіса «Жыве Беларусь!». У верасні 1944 года быў уключаны ў склад Беларускай Цэнтральнай Рады. Міхась Ганько загінуў у маі 1945 года ў Празе, пры якіх абставінах ён загінуў, звестак знайсці не ўдалося.