Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]
- Автор: Свабода Радыё
- Год: 2021
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]». Краткое содержание книги:
У выніку ў мяне больш няма віду на жыхарства, але ёсьць забарона на ўезд у Беларусь на пяць гадоў.
Крыўдна і злосна ад таго, што ты хацеў зрабіць нешта добрае, але цябе за гэта пабілі і амаль зьнішчылі маральна. Пасьля таго, што здарылася, у мяне разьвілася моцная форма посттраўматычнага стрэсавага расстройства (ПТСР), якое дайшло да памежнага разладу псыхікі. Першы час, калі мы яшчэ былі ў Беларусі, я не магла нават хадзіць па горадзе адна. На жаночыя і нядзельныя маршы ў верасьні хадзіла зь сябрамі — жаданьне змагацца не прапала, я ўсё адно той яшчэ воін. Траўмаваны, але воін. Цяпер мой стан палепшыўся, у Літве стала нашмат спакайней, але я працягваю працаваць з псыхатэрапэўтам.
Самае іранічнае ў гэтай гісторыі тое, што за год да 11 жніўня 2020-га я паехала жыць у Лёндан. Калі ў Беларусі пачаліся пратэсты, вырашыла падтрымаць беларусаў у „загнілым Захадзе“ і кінула кліч у фэйсбуку, каб сабраць людзей на акцыю салідарнасьці каля амбасады. І разам зь іншымі беларусамі сабрала! У нас на акцыях былі Яўген Чычваркін, Мікалай Халезін, Аіша Янг з Amnesty International, Alan Flowers і шмат іншых выдатных людзей. У выніку ў Англіі ўтварылася паўнавартасная беларуская дыяспара з прыкладна тысячы чалавек.
Я хацела зьлятаць у Менск у верасьні, каб палячыць калена і адпачыць, але памяняла квіткі на лета. Была маральна гатовая да сутак, але не да зьдзекаў. І вельмі баялася, што на допыце сьледчы высьветліць, што я маю дачыненьне да арганізацыі акцый пратэсту ў Лёндане — тады б я дакладна ня выйшла.
Я плянавала, што пасьля Менску вярнуся ў Лёндан, але ў выніку пабывала ў Фрунзэнскім РУУС, на Акрэсьціна, выйшла замуж і зьехала жыць у Вільню. Складана загадваць, што будзе далей, але адно я ведаю дакладна: мы вернемся ў Беларусь, калі там здарацца перамены. Я веру, што ўсе, хто зьдзейсьніў жудасныя злачынствы, будуць пакараныя. І моцна ганаруся беларусамі.
Рэвалюцыя вуліц
12 жніўня жанчыны з кветкамі сталі ў шэраг каля ГЦ „Спэктар“ ва Ўруччы ў Менску. Такія шэрагі па ўсёй краіне людзі назвалі „ланцугамі салідарнасьці“.
„Людзей у чорным кветкі ня спыняць, на жаль“
— Мы хочам, каб спыніўся гвалт. Каб былі сумленныя выбары. Каб былі перагледжаныя вынікі. Мы хочам свабоды людзям, якія затрыманыя. Белыя кветкі — гэта знак свабоды людзям, якія цяпер пакутуюць у турмах. Людзей у чорнай форме яны ня спыняць, на жаль, але думаю, што нас можа ня будуць тут біць сёньня.
„Кветкі — знак таго, што я мірны чалавек“
— Цяпер я хачу быць салідарнай з тым, што адбываецца наогул у Беларусі. І ёсьць такая магчымасьць выйсьці мірна і паказаць, што мы супраць таго, што адбываецца, падтрымаць іншых беларусаў, якія цяпер сядзяць там, дзе яны не павінны знаходзіцца. Кветкі для мяне — знак таго, што я мірны чалавек і не хачу нікому рабіць ніякай крыўды.
Больш за 200 мэдычных супрацоўнікаў выйшлі 12 жніўня на акцыю „Мэдыкі з народам“ у Менску.
„Ня мусіць на «хуткіх» гойсаць амон“
— Гэта не пратэст. Гэта акцыя за мір, за тое, каб мэдыкам далі магчымасьць дапамагаць параненым. Ня мусіць на „хуткіх“ гойсаць амон. Нам, вядома, страшна. Цяпер кожнаму з нас страшна. Але калі мы будзем усе баяцца, што мы тады зьменім?
„Ганебны максымальна крок“
— Адчайны крок дзяржавы дастаўляць сваіх вайскоўцаў на месцы пратэстаў на „хуткай дапамозе“. Гэта проста агідны крок. Проста крывадушны нейкі і ганебны максымальна, таму што заўсёды да службы мэдычнай дапамогі была павага, і ўсе, нават жорсткія акупанты, прапускалі мэдыкаў на месцы. І калі пратэстоўцы прапускалі „хуткія дапамогі“, а ў іх аказваліся ўзброеныя хлопчыкі…
„Пакуль не памру“
— Мне 75 гадоў. Я патолягаанатам. Я не магу глядзець на гэтае вар’яцтва, таму і прыйшоў. І буду прыходзіць, пакуль не памру.
„Рана ці позна забяруць“
— Насамрэч мне вельмі страшна. Але… Сыходзіць? А навошта? Калі я зьбіраюся кожны дзень выходзіць, рана ці позна мяне ўсё адно забяруць.
„Пазьбегнуць крыві“
— Мы выйшлі паказаць аднаму небезьвядомаму чалавеку, які сказаў, што пратэстуюць толькі тыя, каму няма чым заняцца і каму хочацца крыві. Нам якраз такі хочацца пазьбегнуць крыві. І нам ёсьць чым заняцца, апроч таго, як адстойваць незалежнасьць сваёй краіны.
„Не чапайце дзяцей“
Аляксей, 33 гады, праграміст, Горадня:
— 12 жніўня я выйшаў з фотаздымкам дзяўчынкі, якая пацярпела ў аварыі з вайсковай тэхнікай. Калі я прачытаў пра тую аварыю, зразумеў, што мушу нешта зрабіць. Я ўзяў фота дзяўчынкі і плякат з надпісам „Трэба кроў — бярыце маю. Не чапайце дзяцей“, выйшаў на плошчу Леніна і стаў на калені. Міліцыянт у цывільным папрасіў прайсьці ў гарвыканкам і вывеў праз чорны ўваход разам зь яшчэ адным затрыманым.