Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]
- Автор: Свабода Радыё
- Год: 2021
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]». Краткое содержание книги:
Памятаеце першыя кадры відэа By_Pol, дзе хлопец ляжыць на шэрай падлозе? Іх зьнялі ў ціры РУУС, які абсталявалі пад „катоўню“.
Мяне падвялі да гэтага пакою, пыталіся, хто я такая і чаму не люблю радзіму, пару разоў ударылі і пакінулі сядзець там жа. Крыху пазьней сьледчы выклікаў мяне на допыт проста ў „катоўню“. Там 6-7 хлопцаў ляжалі штабэлямі — іх білі дубінкамі, хадзілі па іхных сьпінах, рабілі ім „ластаўкі“. Гэта таксама здымалася на відэа, сілавікі наогул многае запісвалі на камэры, нават рабілі сэлфі на фоне пабітых імі людзей.
Пасьля допыту мяне зноў пакінулі сядзець каля „катоўні“ — здавалася, пра мяне проста забыліся гадзіны на дзьве. Я бачыла, як у гэтае памяшканьне заводзяць хлопцаў, якія яшчэ могуць ісьці самі, а праз хвілін 15-30 іх ужо выводзяць пад рукі, ледзь жывымі. Увесь гэты час пад дзьвярыма стаяў дзікі мужчынскі лямант і плач — гэта было невыносна.
Калі пра мяне ўспомнілі, завялі назад у залю, а потым накіравалі на вопіс дакумэнтаў. За сталом сядзелі дзьве дзяўчыны — рыжая і белая. Пазьней я даведалася, што гэта супрацоўніцы Фрунзэнскага аддзелу міліцыі №3. Рыжая мяне пастаянна правакавала, пыталася, ці варта яно таго? У мяне з сабой быў тэлефон, але ня мой, а сябра. Яго таксама выклікалі, разблякавалі тэлефон і пачалі лазіць у тэлеграме. Сьветлавалосая супрацоўніца знайшла аўдыёпаведамленьне, дзе сябра апавядае, як 9 жніўня хадзіў да стэлы, і паклікала амонаўца. Той паставіў сябра на калені і пачалі біць дубінкай па вонкавым боку сьцёгнаў. Усё рабілася з мацюкамі.
Пазьней я даведалася, што было з маім хлопцам. Яго адвялі ў памяшканьне з туалетамі, каб запісаць відэа. Ён расказаў, што ўбачыў там душавую, цалкам залітую крывёю. А калі яго ўжо зьнялі, амонаўцу нешта не спадабалася, і ён некалькі разоў ударыў хлопца з калена ў грудзі. Ад гэтага ў яго быў моцны боль.
Зьбіваньне скончылася толькі пад раніцу, калі ў пастарунку сталі рыхтавацца да перазьменкі. Мы ціха сядзелі ў залі, нам нават пачалі даваць ваду, вадзіць у туалет. Сярод супрацоўнікаў, якія такім чынам дапамагалі, быў лейтэнант Андрэй. Ён зьняў зь мяне кайданкі, але пазьней амонавец зацягнуў мне рукі сьцяжкай так моцна, што яны пасінелі. Лейтэнант на просьбу майго хлопца зьняў зь мяне і сьцяжку. Гэты Андрэй рабіў паўторны вопіс маіх рэчаў, таму што першы, мабыць, згубілі. Мы зь ім разгаварыліся: „Я ж бачу, што ты нармальная дзяўчынка, чаго палезла сюды? Колькі табе гадоў?“ — „Проста хацела дапамагчы людзям. А табе колькі гадоў? Няўжо табе падабаецца твая праца?“ — „Мне 20 гадоў, і я проста зарабляю грошы. А хто там пры ўладзе, што ён там робіць — наогул пофіг“.
Пазьней я знайшла старонкі гэтага лейтэнанта ў сацсетках і адправіла яго імя ў „Адзіную кнігу рэгістрацыі злачынстваў“. Ён нікога ня біў, нават дапамагаў затрыманым, але ён стаў сьведкам таго пекла, якое дзеялася ў пастарунку, і нічога не зрабіў. Мне б хацелася, каб ён паспрыяў у расьсьледаваньні гэтых злачынстваў, а не казаў, што яму „ок“ ад выгляду пабітых, ледзьве жывых людзей. Хоць, напэўна, гэта сьведчаньне таго, што гэты лейтэнант, у адрозьненьне ад мяне і іншых, бачыў падобнае і раней. У пастарунку я пераканалася, як моцна сілавікам прамываюць мазгі ідэолягі. Яны ўсе сьвята верылі, што мы ворагі народу, якія ня цэняць, як шмат робіць для гэтай краіны Лукашэнка.
Пры гэтым сярод іх сапраўды ёсьць людзі. Акрамя 20-гадовага лейтэнанта, быў яшчэ міліцыянт, які прыйшоў ужо пасьля перазьменкі. У яго з сабой была гронка бананаў і энэргетык — мабыць, на абед. Ён раздаў усе бананы і напой дзяўчатам. Яшчэ я запомніла амонаўца, які ўжо бліжэй да абеду адвёў мяне ў прыбіральню і зьняў кайданкі. Я памылася і захацела завязаць валасы, але з сабой у мяне быў толькі белы бранзалет, які цудам не намацалі ў кішэні. Калі я яго дастала, амонавец сказаў: „Ня варта. Яны цябе заб’юць, калі завяжаш бранзалетам“.
Пасьля перазьменкі сапраўды прыйшла крыху больш спакойная зьмена, але там была супрацоўніца амону Ксюша. Яна заляцела ў спартовую залю са словамі: „Якога х… вы тут палеглі?“ Было гадзін 7-8 раніцы, шмат у каго пачалі званіць тэлефоны, будзільнікі — Ксюшы гэта не падабалася. І яна максымальна вычварнымі спосабамі разьбівала гэтыя тэлефоны. Кідала аб сьцяну, біла дубінкай. Так яна разьбіла ўшчэнт тэлефонаў восем. Адна дзяўчына ня вытрымала і ціхенька сказала „сука“, а Ксюша пачула. Паставіла яе на калені, дала аплявуху і вывела з залі. Калі абедзьве вярнуліся, дзяўчына плакала.