Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]
- Автор: Свабода Радыё
- Год: 2021
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]». Краткое содержание книги:
Нам сказалі, што заключэньне рабілі і, нібыта, адправілі яго ў Менск. Усе пробы, усе аналізы будуць гатовыя толькі празь месяц. Я ня ведаю, як хаваць брата, ня ведаючы прычыны, ня ведаючы наогул, што адбывалася і як адбывалася. Ёсьць факты пра тое, што іх зьбівалі. Факты, вядома, нашымі праваахоўнымі органамі не пацьвердзіліся. Мы самі шукаем сьведкаў, і я прашу, каб сьведкі адгукаліся.
Я хачу справядлівасьці. Я хачу ведаць, за што, як і чаму загінуў мой брат. Я заяўляю, што ён не памёр, ён загінуў. Я ня ведаю, як назваць гэта. Самаўпраўства, халатнасьць, перавышэньне службовых паўнамоцтваў. Ды проста гэта ня людзі. Даць паміраць маладому хлопцу, зьбіваць, калі чалавек просіць пра дапамогу. Чалавек знаходзіўся ў суправаджэньні праваахоўных органаў. Вы прывозілі яго на суд. Гэта адміністрацыйная працэдура. Няўжо вы не маглі элемэнтарна хуткую выклікаць. А вы давялі яго да гібелі.
Ягоная дзяўчына пра ўсё ведае, і ня толькі яна. Я цяпер была ў сьледчым камітэце, і па прыезьдзе дадому мы арганізавалі вялікі пікет, Сашавы сябры, аднагрупнікі, аднаклясьнікі, знаёмыя, вельмі шмат людзей нясуць кветкі, ставяць сьвечкі каля вокнаў, павесілі партрэт. Мы гэтага не чакалі.
Мы напісалі заяву ў пракуратуру, патрабуем узбудзіць крымінальную справу, правесьці расьсьледаваньне, што былі зробленыя супрацьпраўныя дзеяньні, што не была аказаная мэдычная дапамога. Што будзе далей, я ня ведаю. Але пахаваць яго, на жаль, пакуль мы ня можам. Дакладней, можам, але тады ўсё застанецца беспакараным і невядомым для нас. І як пасьля з гэтым жыць, я ня ведаю.
Маці Аляксандра:
— У адным з аўтазакаў быў і Саша... Ён ня ўдзельнічаў у акцыях. Ехаў у нядзелю на спатканьне да дзяўчыны. Яго схапілі недзе ў цэнтры, калі ён перасаджваўся на іншы транспарт. Ён мне напісаў смс, што яго схапілі... І ўсё. Я яго шукала ўсе гэтыя дні. Мне не давалі пра яго інфармацыі. Сёньня мне нарэшце сказалі, што Саша — у моргу.
У Сашы былі праблемы з сэрцам. Калі ён доўга знаходзіўся ў закрытым аўтамабілі на чаргу ў СІЗА, яму зрабілася блага.
А ў моргу мне адмовіліся яго паказваць. Я думаю, што ён моцна зьбіты. Я прашу людзей, якія былі разам зь ім у аўтазаку, калі яны выйдуць з турмаў — хай раскажуць мне праўду! Што там здарылася з Сашам. Я проста хачу, каб людзі ведалі: гэтая мярзотная ўлада забіла майго сына.
„Казалі, што я лялькавод зь Літвы“
Марыя, 21 год:
— Я грамадзянка Літвы, але нарадзілася і вырасла ў Менску — літоўскі пашпарт атрымала ў спадчыну ад мамы. У Беларусі ў мяне заўсёды быў пастаянны від на жыхарства, але летам 2020-га шмат што зьмянілася.
У ноч на 12 жніўня я разам з тады яшчэ сваім хлопцам і сябрам апынулася ў Фрунзэнскім РУУС. Мы выходзілі на пратэсты і 9, і 10 жніўня. 11-га вырашылі, што будзем, як партызаны, развозіць людзям ваду і мэдыкамэнты. Наклеілі на заднія вокны машыны чырвоныя крыжы, каб людзі разумелі, што мы свае, і адправіліся ў горад.
Прыкладна а 2-й гадзіне ночы, калі пратэст ужо заціхаў і мы вырашылі ехаць дадому, каля Палаца спорту нас спыніў супрацоўнік ДАІ. Ён да нас нават не падышоў, адразу выбег „Алмаз“ (у іх на форме былі нашытыя бірузовыя перакуленыя трыкутнікі). Нас выцягнулі з аўтамабіля, пачалі корпацца ў машыне і асабістых рэчах. Усё гэта суправаджалася абразамі, лаянкай і здыманьнем на камэру. Калі ўбачылі мой літоўскі пашпарт, перавялі ўвесь фокус увагі на мяне. Казалі, што я лялькавод зь Літвы, якая прыехала, каб разбурыць іх краіну, і пагражалі мне 12 гадамі турмы.
Сілавікі радаваліся, думаючы, што затрымалі мэдыкаў. Пазьней у пастарунку мы даведаліся, што амонаўцам давалі грашовыя бонусы за ўпаляваных журналістаў і лекараў — яны самі гаварылі пра гэта паміж сабой. Яшчэ я чула, як яны абмяркоўваюць, хто больш запакаваў: „У вашай брыгады ўжо 300? Блін, у нас усяго 250, трэба паднаціснуць“.
Калі нас пасадзілі ў бус, хлопцаў адразу ж пачалі біць дубінкамі. Мяне спачатку не чапалі, але потым амонавец сказаў: „Ты ж зь Літвы! Раз там фэмінізм, значыць, будзеш адграбаць, як усе“. І пачаў біць і мяне, але не дубінкай, а рукамі — па сьпіне, шыі, галаве. Нас білі ўсю дарогу да РУУС. Калі прыехалі, мы адразу ж трапілі ў спартовую залю. Як мне здалося, там ужо было чалавек 200 — відэа, якое трапіла ў сетку, відавочна, здымалі да нашага прыезду. Многія хлопцы ў кадры яшчэ цэлыя, я ж убачыла іх у той залі ўжо моцна пабітымі.
Уся спартзаля была ў крыві, у мачы і ў фэкаліях — некаторыя хлопцы ад страху... Адзін амонавец сказаў мне: „Бачыш таго хлопца? Ён абрабіўся — і цябе чакае тое самае“. Пачаўся вопіс рэчаў і складаньне ідэнтычных пратаколаў зь няправільным часам, месцам затрыманьня і гэтак далей.