Ад сяўбы да жніва
- Автор: Брыль Янка
- Год: 1987
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Советская классическая проза
Электронная книга - «Ад сяўбы да жніва». Краткое содержание книги:
Паўлюк па-сяброўску ступае наперад і кажа:
— А вы майго, таварыш камандзір, мультанчыку… А то вы, гляджу я, нейкую там сабе пацяруху курыце. Эх, і хлопцы ж у вас: каб чаго — табаку не прынесці!..
— Яны толькі за дзеўкамі, язві іх душу, — зусім дабрадушна мармыча Іван Кузьміч, лезучы трыма пальцамі ў Паўлюкоў капшук.
Ён напіхае люльку, тады, не без важнасці, падстаўляе Паўлюку аганёк зайздроснай самапалкі, якая таксама з Вялікай зямлі, потым прыкурвае сам, смачна зацягваецца поўнай зацяжкай і, амаль што зусім захоплена, кажа:
— Язві яго душу — хар-рош!..
Я не куру. Мне мультан не мультан — адзін чорт. Ды якое там, па-мойму, з табаку хараство! Я ўпэўнены, што камандзір гаворыць гэта больш пра Паўлюка.
1945
КАЗАЧОК
Самшэлы хутар Батракова Кудзерка закінуты ў самы глухі куток Налібоцкай пушчы.
Начамі дзікі ўзрывалі бульбу амаль пад вокнамі хаты, а днём, калі па хутар трапляў чужы чалавек, крамяная чырванашчокая Маня, адзіная дачка ўдавы Батрачыхі, хавалася ў каморку ці на печ.
Па пачатку вайны над паляпай гулі самалёты і чуўся, здаецца, зусім недалёкі грукат гармат. Аднак салдатаў па хутары так і не бачылі: не ішлі сюдой пі нашы, адыходзячы, ні немцы.
Цяпер жа, да другой зімы партызанскага царства, змянілася ўсё. Батрачыха то ваявала з вясёлымі хлопцамі за кожны ахапак доўгага шорсткага ляснога сена, то мірылася з імі, смакуючы прывезены з дзесятай вёскі самасад. А Маня настолькі прызвычаілася да людзей, што ўжо зусім прыкметна збіралася павялічыць сям'ю.
Партызаны спыняліся па хутары праездам ці праходам, найбольш падрыўнікі, ідучы на «жалезку» ці ў лагер. Батрачыха пазнала іх за гэты час так шмат, што кожнага незнаёмага лічыла навічком у пушчы, «свежаяіжім».
…Міша Спорык, яшчэ два хлопцы і Валя прыйшлі ў Батракову Кудзерку завідна.
— Здарова, цётка, жывеш! А ў нас якая кветка, паглядзі! Свежанькая! Казачок!
Батрачыха ажно рукі развяла.
— Ах, Мішачка! Ах, мая долечка! Зноў дзеўка ў портках! З вінтоўкаю! Ды што ж гэта за свет настаў!..
А «свежанькая» — хоць бы што, смяецца. Паставіла вінтоўку, села і глыбока, з палёгкай уздыхнула:
— Ой, каб яшчэ, здаецца, трошкі — не дайшла б.
Ды такое ні гэта з марозу румянае, спраўнае. Хлопец — ды годзе! Толькі як зняла кубанку і стала прычэсвацца — гэтыя пасмы дзявочыя, гэты грабеньчык… Ды як зияла рэмень і вышываны кажушок — гэтыя грудзі, і ўсё…
І таму, як збіраліся спаць, Батрачыха шапнула:
— Ты, галубка, са мною лажыся. Манька няхай на печы. Ды пад сцяну залазь, а я ад хаты. Мая дурніца таксама раней зухавала…
Ды «свежанькая» засмяялася ў адказ і лягла ад хаты сама.
Смех яе гаспадыня зразумела па-свойму.
— Не насмяецца, — шапнула збоку, на самае вуха, — не бойся. Абы жывы-здаровы быў…
Пытання «хто?» не дачакалася, дык растлумачыла:
— Харошы хлопец. Уткін. Разведчык. Слесар. І на гітары іграе. Божыцца: «Вазьму з сабою…» Ажно за Маскву.
Памаўчала яшчэ.
— Бо ў нас, відаць, трапёны, не захоча жыць…
«Свежанькая», здаецца, добра такі заснула.
Гэта — толькі здалося Батрачысе.
Для «казачка», як і ўчора, зноў пачалася бяссонніца.
Дык што ж гэта, нарэшце, за бяда! Ці брыдзеш цэлы дзень па снезе, ці сядзіш за сталом, — усюды адны толькі думкі, адно і на сэрцы. Ад самага рання чакаеш начной адзіноты, каб зноў бясконца марыць…
Марыць не так сабе, але аб ім, бо ён такі, нарэшце, ёсць.
«Ён» не з'яўляўся доўга. Спачатку нават думкі аб ім не было. Калісьці малая Валечка, прыбегшы з вуліцы, дзе верх заўсёды бралі хлопцы, з плачам пыталася ў мамы, чаму і яна не хлопец. Падлеткам білася з хлопцамі, ездзіла конна, хадзіла на лыяеах і часта думала пра тое, з якім шчасцем абула б боты са шпорамі. Падабацца яна пачала досыць рана. Рана магло б і каханне прыйсці, ды Валя нікога са знаёмых хлопцаў не любіла, і таму, калі бывала з кім-небудзь з іх сам-насам, амаль зусім не хвалявалася. Так і расла, быццам дзічка. Касіла, арала, па-мужчынску віталася моцнай, шурпатай ад мазалёў рукой.
Быць толькі сувязной ёй надакучыла. Хадзіць у разведку ў навакольныя гарнізоны, даставаць паперу і медыкаменты — гэтага было замала. Прыйшла ў атрад сама, супроць волі штаба, з якім была звязана. На кухню не захацела, у санчасць — таксама, засталася байцом.
Спачатку ў мужчынскай зямлянцы было дзікавата. Аднаму з малайцоў, што быў занадта ўпэўнены ў сваёй прывабнасці, прыйшлося нават дзеля прыкладу хропнуць ручкай нагана пад бараду.