Ад сяўбы да жніва
- Автор: Брыль Янка
- Год: 1987
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Советская классическая проза
Электронная книга - «Ад сяўбы да жніва». Краткое содержание книги:
Ліда толькі паспела ўсхапіцца з пасцелі, зірнуць у акно і выбегчы на двор, а людзі ўжо беглі, уцякалі ў пушчу: старыя, дзяўчаты, дзеці… Схапіўшы адно, чаго ёй нідзе і ніяк немагчыма забыцца — сваю сонную, цёплую Верачку, — паляцела і Ліда.
Ззаду, на Нёмане і ў вёсцы, чуўся крык, страляніна, узнімаўся пажар. Над галовамі ўцекачоў, абганяючы іх, звінелі кулі, а міны цяжка гупалі то тут, то там, злосна брызгаючы вакол сябе вісклівымі асколкамі. Дарогай і полем, па зелені збожжа, бегла многа людзей. Ліда з дзіцем ніяк не магла іх дагнаць. І не таму, што цяжка было ці нязручна, а таму, што, як толькі яна кідалася бегчы хутчэй, малая прачыналася і зноў заходзілася плачам. Толькі з Верачкай дабегла яна да першых каля лесу кустоў — і там ужо нікога не было. Кустамі, калечачы босыя ногі (тут толькі ўспомніла пра боты пад ложкам), дабегла да бярэзніку. Пасля ўбілася ў росны гушчар і, ныраючы пад галлё, сарвала хустку, парвала сукенку і двойчы спатыкнулася. І толькі тады, калі спатыкнулася на ламачыну трэці раз і ледзь-ледзь не ўпала, Ліда пайшла памалу, тулячы дачушку да задыханых грудзей.
— Ціха, ціха, галубка мая, — гаварыла яна. — Ну, не плач…
А сама ўжо гатова была і заплакаць.
Яна засталася адна. Спераду быў толькі лес, а на руках — дзіця, з якім не паспяшаешся, нікога не дагоніш.
Ды і як даганяць, куды бегчы? А тут, глядзі, дагоняць і цябе… Вунь як страляюць — бліжэй ды бліжэй…
Гэты жах нарадзіў недарэчную думку аб тым, што ўсё, што за ёй, — загінула. А цяпер… а цяпер і яна…
— Ціха, ціха, малая мая… Ну, не плач…
Вусны шапталі, прасілі, а вочы ўжо плакалі…
Сонца толькі што выбралася з-за дрэў у чыстае неба, калі маладзіца, усё ўцякаючы ад грукату гармат і страляніны, наткнулася ў гушчары па трох узброеных людзей, адзін з якіх трымаў за павады каня. Спачатку, не пазнаўшы іх, яна жахнулася, а потым радасна ўскрыкнула:
— Хлопчыкі!..
Там былі: Жэнька Саковіч, Тадорын Іван і Серада з Грачанікаў. З імі больш года партызаніў яе Андрэй.
2
Тры партызаны, адзін з іх паранены і толькі адзін з канём, — вось і ўсё, што засталося ад разведкі іх атрада.
…Гэта сталася так нечакана і хутка.
На досвітку яны вярталіся з задання. Коні, узмакрэлыя ад далёкай дарогі і хуткай язды, як толькі ім зноў дазволілі перайсці на ступу, пачалі задаволена фыркаць, рупліва тупаючы па глыбокім пяску. Коннікі зноў пачалі гаварыць і закурваць.
Вызначаючы кароткі начны шлях бяссоннага летняга сонца, па поўначы святлела паласа суцэльнай зары. Сонца, якое, здаецца, так нядаўна села амаль па паўночным захадзе, перапаўзло, хаваючыся за далягляд, на паўночны ўсход і спынілася, каб пачаць памаленьку выплываць наверх. Яно было яшчэ глыбока за пушчай, таму што над грэбенем лесу яшчэ ўсё нясмела займалася сапраўдная зара ўсходу. А па меры таго як яна разгаралася, рэшткі вячэрняй зары патухалі. Вось-вось павінен быў прачнуцца ў збожжы першы жаўранак і, атрасаючы свежыя кропелькі з шэрага, цёплага пер'я, узняцца пад полем, абвяшчаючы захопленым шчэбетам пачатак новага дня.
Шура Сучок ехаў сёння далёка спераду. Каштанка аднастайна тупала, нудна парыпвала сядло. Аўтамат, як заўсёды, вісеў перад грудзьмі. Нават і Шура, вельмі асцярожны і ўважлівы хлопец, глядзеў наперад спакойна. Вось толькі пераехаць гасцінец, праехаць каля гэтых вёсак, а там трохі лугам — і лес. Ды і вёсак, дакладна кажучы, няма: гэта адно Загароддзе, якое ляжыць па ўзгорках абапал звілістай рэчкі Вушанкі. Падаючы кірунак усёй групе, каля першай палавіны вёскі Шура павярнуў управа, пераехаў шырокі пясчаны гасцінец і патупаў з узгорка ў лагчыну, да мосціка…
Нядаўна з Шурам здарыўся адзін, здаецца, нязначны выпадак, які запомніўся хлопцам у атраднай разведцы. У тую ноч яны былі на заданні пад самым бокам фашысцкага гарнізона. Шура стаяў на пасту за апошнім будынкам вёсачкі. Калі ж па яго пасля паехалі, хлопца не знайшлі на ўмоўленым месцы… Устрывожаныя сябры кінуліся шукаць. Сучок стаяў за дрэвамі, не больш трохсот крокаў ад першых дамоў мястэчка, дзе пачыналіся гарнізонныя драты.
«Ну, і да чаго ж гэта? — крычаў пасля камандзір. — Каму гэта патрэбна было б, каб цябе раздушылі, як хрушча? Эх ты!..»
«Я, каб што-небудзь такое, — апраўдваўся Шура, — спачатку даў бы вам знак, каб вы змаглі спакойна адысці».
«А сам?»
«Сам? Чорт яго ведае», — засмяяўся збянтэжаны хлопец.
Ён быў, як аказалася, зусім не падрыхтаваны да такога пытання. «Сам, — сказаў ён на скорую руку, — таксама нешта рабіў бы…»