Толькi не гавары маёй маме...
- Автор: Глебус Адам
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Сучасная Літаратура
- ISBN: 985-6202-02-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Толькi не гавары маёй маме...». Краткое содержание книги:
За некаторымi з амстэрдамскiх вокнаў ты мог бы пабачыць у свой час i мяне, апранутага ва ўсё чорнае. Верыш, залаты гузiк маёй шаўковай кашулi зiхцеў дыяментам. І гэта не жарт. Вер мне, як маленькi хлопчык у аэрапорце паверыў у Дзеда Мароза. Хлопчык паказаў пальцам на пераапранутага артыста i сур'ёзна сказаў: "Мама, паглядзi на жывога Дзеда Мароза!"
Амстэрдам-Мiнск. 17.XII.1994 — 9.III.1995
„Дарагі мой сябра Адам”
Раман пра лёгкае расчараваньне
Здараецца, жыццё падасца марным заняткам i захочацца кiнуць усё чыста i з'ехаць на край свету. А краем цывiлiзацыi ўяўляецца Санкт-Пецярбург — бедныя людзi, белыя ночы, бясконцыя карпусы заводаў, брудная рака Нява, стракаты Неўскi праспект, турма, пераўвасобленая ў музей, чучала тоўстага жандара-наглядчыка, Кунсткамера, двухгаловы чалавечы зародак у слоiку з фармалiнам, прынiжаныя ды пакрыўджаныя... Вядома, не пакiнеш анi дому, анi справы, а толькi ўяўляцьмеш, як набраўся мужнасцi, кiнуў усё ўсякае i паехаў.
Тады згадаецца, як сеў у цягнiк Львоў-Ленiнград разам з сябрам Валодзем Бортнiкам i ягонай тагачаснай каханкай Яняй Бялькевiч. Цягнiк вызначаўся дэмакратычнасцю пасажырскiх нораваў i бруднаватай вiльготнай бялiзнаю шарага адцення. У суседнiм купэ ехалi арабы з маленечкiм, але галасiстым магнiтафонам, з якога лiлася лiпучая, нудная i бясконцая, нiбыта гiсторыя Усходу, мелодыя. Бялькевiч пачала капрызiцца, яе раздражняла арабская музыка. Бортнiк пайшоў сварыцца; а дзе сварка, там i знаёмства, там i вiно. Пiлi сухое, кiслае, як першы яблык, чырвонае вiно "Мэрло".
У мяне ўсчалася пякотка, якая нiяк не затушвалася цеплаватай вадою з жоўтага вагоннага бачка. А ў студэнтаў арабскага паходжання пачалiся прыпадкi патрыятызму: на каструбаватай расейскай мове яны спрабавалi растлумачыць, што не пашкадуюць жывата свайго за зялёны штандар iсламу, за Палесцiну i Галанскiя вышынi. Каб давесцi сур'ёзнасць сваiх намераў, арабы прапанавалi дужацца на рукi. Валодзя Бортнiк перамог усiх чатырох мусульман i на правую i на левую. Я пакутаваў ад пякоткi, але дужацца давялося. Правая рука ў мяне слабейшая за левую, i вось левай я паклаў тры арабскiя рукi на залiты вiном столiк i пайшоў спаць. Але не заснуў, бо думаў: чаму ў чалавека левая рука дужэйшая за правую?
У такiх пытанняў няма адказу. Можна, вядома, запытацца ў яе вялiкасцi Прыроды. Яна ўсё ведае, толькi нiкому нiчога не дагаворвае да канца, яна бясконцая i бесканцовая ў сваёй сутнасцi, як космас, як Бог, як жыццё, як i ўсё астатняе, што паўсюль i наскрозь. А што паўсюль i наскрозь, таго i няма. Рыторыка, пустата, нiшто. Лепш рыторыка, чым пералiк ад бяссоння сланоў: адзiн слон, другi слон, трэцi слон... І так да бясконцасцi, да Прыроды, якая бязмежная ў сутнасцi, а таму не зможа, каб i хацела, выказацца да канца, да дна. "Дно" — станцыя на паўдарозе з Мiнска ў Санкт-Пецярбург. Дзябёлая, шырокая i пустая, як усё расейскае, станцыя. Я пагуляў па пероне i паслухаў капрызлiвую Яню Бялькевiч...
Як мне абрыдзеў задушлiвы i брудны цягнiк! Як мне надакучылi потныя арабы! Ад iх тхне жывёльным духам. У арабаў у чатыры разы больш потавых залозаў, чым у белых людзей!
Я не спрачаўся, бо бессэнсоўна. Я толькi цiхенька пачынаў ненавiдзець жаночы род. У тамбур я заскочыў самы апошнi. Жанчыны могуць выклiкаць пачуццё гiдлiвасцi, як i расцiснутыя на дрогкай тамбурнай падлозе недакураныя цыгарэты. Вось такая доўгая думка наведала розум, калi павольна адплыў удалячынь аднапавярховы будынак станцыi Дно. А ў сумным, змэнчаным, стомленым, спатнелым — Яня мела рацыю — цягнiку ўсталявалася чаканне. Арабы млява спрабавалi парушыць паўночную шэрасць: "Якая ў вас прыгожая прырода!". Я не разумеў. Чэзлыя, нiбы прысыпаныя пылам, ляскi на балотах. Рэдкае, белаватае, безасабовае, бяскроўнае неба. Ад аднаго погляду на такое неба згадвалася скура дзяцей, хворых на лейкемiю. Цьфу-цьфу-цьфу! Згiнь, прападзi, усё на лiха спрадзi! Мая баба Ядзя хварэла на рак. Я палохаўся нават слова "лейкемiя". Я недалюблiваў шмат якiх слоў, да прыкладу "Ленiнград", падобнае да "лейкемii". У такiм мiнорным настроi я выйшаў на перон з валiзкай у руцэ. І было прыемна пацiснуць прыгожую, з доўгiмi пазногцямi руку Валодзi Бортнiка, бо што можа быць больш радаснае за развiтанне з капрызлiвай дзявуляй i яе прыгаломшаным палюбоўнiкам? Хiба што каханне з першага погляду. І адразу скажу, яно — каханне — чакала, падпiльноўвала мяне ў бяскроўнай пецярбургскай ночы.