Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]
- Автор: Свабода Радыё
- Год: 2021
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]». Краткое содержание книги:
Людзі глядзелі на нас і спрабавалі знайсьці ў нас чалавечнасьць, бо ня ўсе былі такія літасьцівыя. З расказаў пацыентаў, там была адна жанчына, фэльчар з Акрэсьціна, якая рабіла жахлівыя рэчы. Цяжкіх людзей яна проста выцягвала з машыны і казала, што яны нікуды не паедуць, яны павінны атрымаць па заслугах. Побач стаяла фэльчарка ўжо іншая, добрая. Калі побач не было амону ці кадэбэшнікаў… Мы разам зь ёй аглядалі і разумелі, можна ці не… Дык гэтая жанчына казала, наколькі цяжка і ці зможа яна іх там утрымліваць, працягнуць яны ў камэры суткі ці не.
Амон біў людзей, менавіта амон канкрэтна і чыніў усе гэтыя зьверствы. Я не разумею, што ўвогуле амон забыў на Акрэсьціна. Гэта ня людзі, гэта нейкія зьвяры. Расказвалі, што яны клалі шчыт на людзей і білі спачатку па шчыце, каб у вушах зьвінела, а пасьля білі па галовах, па рэбрах, па нагах. Яны не саромеліся нікога. А калі стаялі гэтыя кадэбэшнікі, яны, я так разумею, выслужыцца хацелі і білі яшчэ з большай лютасьцю.
У вачах турэмнікаў чытаўся жах. Яны, відаць, ня бачылі такой жорсткасьці за ўвесь час. Нашы брыгады прывозілі ежу і ваду. І было сказана амонам, што калі вы надта міласэрныя… А калі яны даведаліся, што мы практычна ўсіх, каго аглядалі, вывозілі, яны проста нас выгналі. Маўляў, нам такая „хуткая“ не патрэбная.
Лекары ішлі супраць волі. Яны рабілі ўсё, каб можна было выратаваць хоць кагосьці. Забіраліся ўсе людзі ў крытычным стане. На жаль, менш бітых мы мусілі пакідаць на дабіваньне. Хто даў ім права штурхаць нас на злачынства? Усіх, хто туды прыяжджаў, штурхалі на злачынства — пакідаць людзей зь менш цяжкімі пашкоджаньнямі на дабіваньне. Людзі вачыма прасілі, каб іх забралі. У вачах чытаўся поўны жах.
„Мама, я больш ніколі не пайду ў прыбіральню“
Іна:
— 11 жніўня мы з сынам вярталіся дамоў на Каменную Горку. Недалёка ад дому зайшлі ў краму і трапілі ў аблаву міліцыі.
Мне вельмі страшна цяпер. Я баюся, што мяне могуць у кожны момант арыштаваць. Я баюся ня толькі выходзіць, але дома быць — раптам нехта ўварвецца? Я жыву ўдваіх з сынам, якому 9 гадоў. Калі мяне арыштуюць, што будзе зь ім?
Каля 23-й гадзіны быў яшчэ ня вельмі позьні час. Мы былі ў мэдычным цэнтры, потым паехалі дамоў. Сувязь не працавала, я не магла выклікаць таксі. Навокал стралялі, бамбілі. У выніку мы пешшу дайшлі з цэнтру да Пушкінскай, а там знайшлі таксі. Паехалі ў краму, каб купіць прадукты. У той момант, калі пад’ехалі, там не было ніякай спэцтэхнікі, міліцыі. Былі людзі, так. Але што дзіўнага, што людзі цяпер зьбіраюцца. Тым больш тыя, хто пратэстуюць, яшчэ ніколі не былі пагрозай для мяне, у адрозьненьне, як высьветлілася, ад людзей, якія павінны нас абараняць.
Мы побач жывём, добра ведаем гэтую краму — яна не такая ўжо і вялікая, і я адпусьціла сына ў прыбіральню. І тут пачаліся выбухі, страляніна. У гандлёвым цэнтры абвясьцілі, што яны зачыняюцца і нікога ня будуць пускаць у краму. Людзі пайшлі да дзьвярэй глядзець, што там адбываецца. Я таксама падышла і стала здымаць. Там было шмат супрацоўнікаў міліцыі. Яны бегалі за людзьмі, стралялі, кідалі гранаты. Людзей, якія выходзілі з крамы — з пакетамі, з прадуктамі — адразу арыштоўвалі і заводзілі ў аўтобусы. Мы разумелі, што мы там заблякаваныя і што, калі мы захочам выйсьці і пайсьці дадому, то нас арыштуюць.
Амонаўцы сталі ламіцца ў дзьверы. Начальнік аховы крамы папрасіў, каб той, хто стаў ламаць дзьверы, паклікаў свайго начальніка, каб мы зразумелі, хто яны, раптам бандыты? Ён хацеў патлумачыць, што ў нас усё спакойна, няма ніякай акцыі, што тут звычайныя пакупнікі, жанчыны зь дзецьмі. Але яго ніхто ня слухаў. Яны натоўпам сталі ламаць дзьверы. Я тады зразумела, што яны зараз уварвуцца, а маё дзіця дагэтуль у прыбіральні, і мне стала вельмі страшна. Ды ва ўсіх пачалася паніка. Людзі сталі крычаць.
Я кінулася бегчы ў бок прыбіральні, і тут чую за сьпінай, што яны ўжо ўварваліся. Яны крычалі людзям матам, такімі адборнымі мацюкамі: „Мордай у падлогу! Да сьцяны!“. Я схавалася пад прылаўкам, каб бачыць, што адбываецца, і, калі будзе ісьці маё дзіця, яго адразу забраць. Я разумела, што, калі б я не схавалася, мяне б затрымалі, і я б не змагла нічога нікому патлумачыць. Ніхто б ня стаў слухаць, што ў мяне тут дзіця. Калі я хавалася, я адчувала сябе так, нібыта нас захапілі тэрарысты.
Сын доўга не ішоў. Я ня вытрымала і пайшла яго шукаць. Я выйшла, гляджу: шмат хто ляжыць на падлозе, некаторыя стаяць каля сьцяны. Было шмат крыві на падлозе. На жанчын амонаўцы крычалі матам, называлі прастытуткамі. Я стала гучна клікаць свайго сына. І я пабачыла яго разам зь нейкай жанчынай на падлозе, яна закрывала яго сабой. Ён пачуў мяне, прыбег. І расказаў, што яго білі, прымушалі класьціся на падлогу, а ён не хацеў, супраціўляўся, хацеў ісьці шукаць мяне.