Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Классическая проза » Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:

Раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» – гэта твор пра драматычныя падзеі нашай гісторыі, перадумовы паўстання 1863-64 гг. Пісьменнік стварыў яркі вобраз эпохі, якая дала свету і нашай Айчыне сапраўдных герояў, мужных барацьбітаў за волю. Маштабнасць задумы твора бачна ўжо ў назве твора, што мае сімвалічна-алегарычны сэнс. Галоўны герой рамана Алесь Загорскі разважае: «Бедныя, бедныя людзі! Як каласы, як трава пад сярпом тваім, грубая сіла».
1 ... 52 53 54 55 56 57 58 59 60 ... 192
Перейти на страницу:

– Ну, а чаму ж так?

– А таму, што нікому да гэтага клопату няма. Пра іншае трэба думаць.

– Пра што?

– Ну хоць бы пра тое, што прыдняпроўскія дваране сталі халуі, што няма больш у Прыдняпроўі ні сілы, ні розуму, ні гонару. Што мы выміраем.

– Што ты, бацюхна, – жахнулася Глебавічна. – Есці нам хіба няма чаго? Ды крый божа!

– Памаўчы хвілінку, – мякка сказаў стары князь. – Выміраем, Алесь. Гэта – праўда. Не дай бог толькі дажыць. Ні табе, майму ўнуку, ні твайму ўнуку. Вазьмі ты Магілёў. Быў багаты вялікі горад. Вазьмі Полацк… Загорск стаў вялікай вёскай. Друцк – маленькай і жабрачай. У Сухадолле два гады таму назад было мужчын дзве тысячы без дзвюхсот, жанчын – паўтары тысячы ды сотня. Першая адзнака! І ў гэтым годзе нарадзілася сто пяцьдзесят дзевяць чалавек, а памерла дзвесце семдзесят сем. На сто васемнаццаць чалавек стала меней. І так амаль кожны год. З году ў год, сыне…

Паварушыў шчыпцамі. Сноп іскраў ірвануўся ўгору.

Алесь маўчаў, гледзячы ў зыркае полымя. Ён цяжка, не па-дзіцячаму, думаў.

Барва трапятала на яго абліччы, і таму твар, здавалася, быў абліты густой крывёй.

– Я не разумею, – сказаў ён нарэшце глухім голасам. – Не разумею, чаму так казаў у магільні бацька: “У іншых ёсць імя – у нас няма нічога, акрамя магіл”? – Вузкая рука зламала пяро. – Ды не, не. Ёсць імя. Не адны магілы. Імя таксама ёсць, забытае, састарэлае. Але ж ёсць.

– Магчыма, – сказаў дзед. – Толькі ўсё гэта не тое. Ідзі лепей спаць, унучак. Позна табе тут сядзець і думаць.

Устаючы, Алесь з нейкім дзіўным пачуццём пагладзіў пальцамі ліст тытула. Гэты сумны, нікому непатрэбны ліст з доўгім надпісам.

…Я спускаўся з верхавіны Святой Гары. Было позна, і сонца даўно села за горы. Ломячы дубняк, ступаючы на жорсткія падушкі каменяломкі, я ішоў ніжэй і ніжэй, туды, дзе над бухтай гарэлі неверагодна сінія агні.

Пайшла сухая горная трава. Справа ад мяне, на строме, узносіўся ў неба Чортаў Капыт.

Я выбраўся на дарогу і шпарка пакрочыў уніз.

Паўзлі па схілах шэрыя плямы, і прыглушана далятала адтуль “глок-глок” званочкаў авечых чарод.

Цяпер я спусціўся нізка, і вакол былі адны змаршчакаватыя горы.

Нешта цьмянае з’явілася абок мяне: слабы яшчэ, невыразны на шэрым цень. Мой цень. І я падумаў, якія яны былі бедныя, нягледзячы на багацце, тыя, што аджылі пад маім пяром. Якія вартыя жалю! Як цень.

А цень з’явіўся і цяпер усё гусцеў і гусцеў, бо месяц, уздымаючыся над светам, ярчэў і наліваўся святлом.

У лагчыне пусцелі каменныя каробкі нейкіх нізкіх будынін, што зараслі шыпшынай і калючкамі. І гэта было як на Марсе, дзе пяскі заносяць руіны старых гарадоў. А месяц нараджаў у будынінах цені і рабіў змаршчакаватую глебу ўзгор’яў зусім блакітнай.

І раптам вялікае шчасце нарадзілася ў сэрцы. Я жыў і я ішоў паміж руін, пад гэтым блакітным месяцам, я прадзіраўся праз калючкі, што аж парыпвалі пад ветрам ад мёртвай сухасці. І я ішоў насустрач таму, аб чым ведаў у гэтай цясніне адзін я. Толькі адзін.

Я мінуў цясніну, і пасля водару сухой зямлі, калючак і палыну цёплы, раскошны, бязмежны водар мора, яго няспынны шум напоўніў мне вушы і сэрца.

Мора гарэла месячным агнём між сухіх скал.

…І ўсе гэтыя дні і ночы я жыў ім, нават калі не бачыў яго.

Жыў у скалах, жыў у стэпах, жыў сярод цяснін.

І часам, прачнуўшыся ўначы і бяссонна лежачы з расплюшчанымі вачыма, або познім вечарам, пішучы за сваім сталом, я ўздрыгваў ад нечаканага адчування холаду і дзікай асенняй самоты.

Таму што за вокнамі стаяў глухі шум, які бывае ў нас толькі позняй восенню, калі парывы ветру бягуць па голых верхавінах няўтульных дрэў.

А потым мне адразу рабілася цёпла, і я ўспамінаў і ўсміхаўся сам сабе ў цемры, бо гэта было – Мора!

ХХІ

Каляды адзначыў свежы і пушысты снег. Снег быў на ўсім: на слупах платоў, на стрэхах, на дрэвах, на футры начнога вартаўніка і ў вёдрах з вадой – толькі пранесеных ад студні да хаты.

Зямля памаладзела.

Майка Раўбіч, прачнуўшыся перад каляднай раніцай, адразу зразумела, што на дварэ снег, так светла было ў пакоі. І яна выскачыла з ложка, захінула на падушку коўдру, каб не разышлася цеплыня, і босая падбегла да акна.

За акном было белае і чорнае: снег і галіны дрэў.

Ногі трошкі зябнулі на падлозе, і дзяўчынка кінулася зноў у ложак, які не паспеў дзякуючы яе хітрасці астыць, і аж засмяялася ад шчасця, што цёпла, што на дварэ снег.

А потым задумалася, не ведаючы, здалося ёй тое, што яна бачыла мінулым вечарам, ці было сапраўды.

Напярэдадні нянька Тэкля страшыла яе, што вось падыходзяць Каляды і цяпер якраз прастора для розных нячысцікаў, якія спяшаюцца перад Божым нараджэннем нахапаць сабе як мага больш гарэзлівых і непаслухмяных дзяўчатак.

– Лазнік вось… Як во-озьмецца за бок, ды я-ак пацягне пад палок, ды як пачне казытаць – тут ужо маліся як хочаш – не дапаможа. Бо не слухалася бацькоў і нянькі Тэклі.

– А які ён, Лазнік?

– Страшны, – адрэзала Тэкля. – Адзенне ў яго з венікаў; замест вусоў – два лазенныя апарышы. А сам увесь курэе, як пара. І гарачы такі, казытлівы.

– Не веру я табе, бабуля. Унь казалі на свяце Агню[65], што Паляндра страшная. А то быў Тодарка-вадавоз. І смяшыў дзяцей. І зусім ён не страшны.

– А вось паглянеш, паглянеш, – страшыла старая.

І тады Майка вырашыла паглядзець. Пасля вячэры яна, замест таго каб ісці ў бібліятэку, накінула футра і крадком пайшла змрочным паркам да лазні. Яна не баялася, што ёй перашкодзяць: бацька заўсёды дазваляў ёй рабіць тое, што яна хоча.

Пранізаны ветрам, звонкі ад марозу парк, рэдкія стылыя зоры ў галінах. Рыпнула фортка ў частаколе, высокім, страшным у цемры, з конскімі чарапамі, што невыразна бялелі ў змроку.

Яна сапраўды ўбачыла Лазніка. У лазні свяціўся жоўты бляклы агеньчык, і дзяўчынка, прыпаўшы знадворку да васьмікутнічкаў тоўстага, пузырыстага шкла ў свінцовай раме, убачыла венічны прылазнік, падобны на пячору, калматы ад соцень венікаў, а на зэдліку – Яго.

Ён быў падобны і непадобны. Венікі былі не на ім, а вакол. Пэўна, распрануўся і скінуў іх. Але нават без венікаў ён быў страшны, хаця зусім не курэў: такі чорнавалосы, цёмны і невыразны праз шкло.

Дрыжучы ад страху, яна распляскала нос аб шкло і круглымі вачыма сачыла за ім.

Лазнік, відаць, пачуў нешта. Ён узняў вочы і паглядзеў на акенца.

Яна адарвалася ад шкельцаў, скацілася ўніз па сходцах з галерэйкі і кінулася бегчы так, як не бегала ніколі ў жыцці. Ледзь не згубіла ў хмызах футрачка, падрапала рукі ў жывой агароджы, балюча выцялася нагою аб камень. Я цяпер вось ляжала і думала, было гэта ці не.

Апальшчык у калідоры грукнуў дровамі аб жалезны ліст ля печкі, і яна ўявіла, як добра гэтыя дровы пахнуць: свежасцю, водарам марознага дрэва і падталым сняжком.

Яраш Раўбіч, увайшоўшы ў пакой, таксама прынёс водар снегу і чысціні. Сеў на краёчак ложка.

– Што ж ты ляжыш, доня? Сарокі снег прынеслі.

– Я яшчэ трошачкі-трошачкі, – сказала яна.

Аблічча Раўбіча, калі на яго не глядзеў ніхто з чужых, было зусім не жоўчным. І вочы глядзелі без дапытлівасці, не цягнулі душу з чужых вачэй. Было ў іх нават нешта вінаватае, нешта накшталт вечнага ўсведамлення нейкай хібы ў тым, што ён робіць.

Майка гуляла бранзалетам, круцячы яго на бацькавым запясці:

– Шыпшына, у-у, як колецца… Курган, у-у, як высіцца… А ото “бу-у” – страшны рагаты бугай. Гам – і з’есць.

– Бугай? Гэта зубр.

– А зубр хіба не бугай?

– Няхай так. Але ж зубры нікога не ядуць… Аднойчы шляхцюк у моцны мароз ехаў пушчай, намасціўшы ў санкі сена. Зубру захацелася сена. Ён падышоў, асцярожна падчапіў соннага шляхцюка на рогі і паклаў яго на снег.

– Няпраўда, татка. А коні?

– А коні думалі, што гэта карова. Коні ж не баяцца кароў.

Майка засмяялася.

– А потым зубр пайшоў за санкамі і еў сена, пакуль не ўклаў усё. А шляхцюк лаяўся: “Карова ты брыдкая! Бугай ты халерны! Каб цябе так ваўкі ўклалі, як ты маё сена ўклаў, каб…”

вернуться

65

Свята, якое ў сярэдзіне мінулага стагоддзя стала дзіцячым, але ў сярэднія вякі адзначалася ў памяць выратавання ад “чорнай смерці”. Галоўнай асобай на свяце была Паляндра, увасабленне смерці і чумы, чалавек у лахманах і масцы. Чэмер (перац) прыводзіў Паляндру да людзей (“чорную смерць” завезлі з усходнімі таварамі). Людзі вадзілі Паляндру між агнёў, здзекаваліся і ўрэшце праганялі прэч. 

1 ... 52 53 54 55 56 57 58 59 60 ... 192
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)