Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Жанр: Классическая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:
Халодныя, як апёк, пацалункі салонай марской вады.
А зямля вакол сухая, парэпаная, як далонь малпы, попельна-шэрая або блакітная. І сярод гэтай сухмені вялізны, аж да Турцыі, і глыбокі, аж да апошняга дна, наскрозь сіні празрысты крышталь – найчысцейшай вады. Мора пахне ёдам і водарасцямі, зямля – пылам, сухой калючкай, нагрэтым мармурам, карыцай і перцам, сухім авечым памётам.
Іліядай!
Я прыкрываю паперу сваім целам. А вада імчыцца справа і злева ад мяне, ірвецца ў бухту, разбіваецца аб скалы, нясе з сабою, як тысячы тысяч год, дымныя агаты, зеленаватыя халцэдоны і вінна-празрысты (як маладое тутэйшае віно) сердалік.
Часам у глыбінях мільгане сіняе вераценца скумбрыі, па распаленых, пахучых баках каменя бегаюць цікаўныя крабы, а мора наступае і адступае, і мой камень, здаецца, гайдаецца ў вадзе, то вырастаючы, то апускаючыся, звонкі, як бронзавы карабель арганаўтаў, неўміручы “Арго”.
Падымаю вочы і заўважаю – далёка! – празрыстае дрэўца гледычыі. Вялізныя сухія струкі на ім – як вязкі скручаных цёмных змей.
Уздымаю вочы яшчэ вышэй – і тады бачу, як на вяршыні Карадага, на вяршыні Святой Гары, спакойна спачываюць два маленькія празрыстыя воблачкі. Уначы над Карадагам узыдзе месяц, асвеціць іх, і кожнае заззяе празрыстым, слаба-ружовым і вінным, жамчужным святлом – як сердалік.
Але галоўнае – мора!
Гэта тое самае мора, у якое ўпадае мой Дняпро.
І ён, і яшчэ тысячы, тысячы рэк, ручаін і проста струменьчыкаў аддаюць мору ваду, адбіткі берагоў, якія яны бачылі на ўсім сваім шляху, каламуць, колер вод, галіны, лісце сваіх лясоў і траў і, нарэшце, саміх сябе, сваё жыццё.
Мы нясём у гэта мора ўсё добрае і злое, што мы бачылі, мы нясём у яго сваё жыццё, нават больш – сваю душу.
І кожны ўпадае па-свойму. Адна рака здаўна-давён ведае, у якое мора яна плыве, другая – з цяжкасцю прабівае сабе шлях. Адна бачыць мора з самых сваіх вытокаў, другая – пакутліва і доўга, вельмі доўга, шукае яго. Трэцяя губляецца ў пясках, перасыхае і гіне, так і не заўважаючы марскіх хваль. А чацвёртая нечакана, яшчэ за хвіліну не ведаючы нічога, падае ў яго, як струменьчык вады ў сердалікавую бухту.
Я ляжу на гарачым змаршчакаватым камені і думаю, ці не досыць мне вадзіць без дарогі тонкі, дзіцячы струменьчык жыцця майго дарагога хлопца. Наперадзе, вядома, яшчэ скалы, у якіх трэба пратачыць сабе дарогу, пяскі, у якіх трэба не высахнуць, зграбныя, як дзяўчаты, вербы, карані якіх трэба напаіць, і палі сеч, з якіх трэба літасціва змыць кроў.
Але няхай ён хаця б здалёк, хаця б дажджавой кропляй на лісціку дняпроўскага явара, кропляй, якая праз хвіліну ўпадзе ў крыніцу, убачыць далёкае-далёкае мора, да якога ляжыць ягоны шлях. Яму так будзе лягчэй. І нясцерпна больш цяжка. Бо, пабачыўшы мора, чалавек перастае быць дзіцем, чалавек робіцца чалавекам.
Не трэба адгаворваць. Час. Хай шпарчэй пабяжыць вада. Досыць маруднасці. Іначай доўга, занадта доўга давядзецца бегчы.
А мора чакае. І няхай ручаінка ўбачыць яго нечакана, бо так было тады з кожнай ручаінкай, бо яны не ведалі, якое мора чакае іх, і падалі туды, яшчэ не ведаючы аб існаванні мора, кожная паасобку, зрываючыся з замшэлых скал, як звонкі струменьчык у сердалікавую бухту.
Часам так бывае і цяпер. Тады гэта здаралася толькі так.
Спяшайся, цурок вады! Мора чакае! Мора шуміць пада мной!
Дзед вярнуўся з губернскага з’езда раззлаваны.
Усе тры дні, што яго не было, Алесь прывучаў Тромба да стрэлаў і, яшчэ, чытаў начаткі генеалогіі і геральдыкі. Дзед перад ад’ездам дастаў і палажыў яму на стол “Парчовую кнігу Загорскіх”, “Кнігу малодшых радоў”, “Хроніку Сухадола і Збарова”, “Аксамітную кнігу”, “Гасудараў радасловец”, “Гарадзейскі прывілей” і “Статут Літоўскі”. У гэтых кнігах самае важнае было адзначана, бо ўсе яны, акрамя дзвюх, былі рукапісныя копіі.
А ўдзень ён прывучаў Тромба. Ён проста ўспомніў, што лясканне пастуховай пугі вельмі нагадвае стрэл. І ляскаў, частуючы каня цукрам пасля кожнага “стрэлу”. Гэтага Тромб не баяўся, ён помніў, як ляскалі пугі на выпасе чыстакроўных коней, дзе ён бегаў стрыгунком. І ён любіў маленькага гаспадара. На сыходзе другога дня Алесь, адначасова з рыўцом пугі, стрэліў з пісталета нягучна халастым зарадам. І адразу ўбачыў, як дробна задрыжала, пераліваючыся, ільсняная плямістая скура каня.
Перазараджаючы пісталет, Алесь гаварыў з Тромбам ласкавым, журлівым голасам.
Зноў стрэл. На гэты раз трошкі гучнейшы за пугу. Конь не вытрымаў і ўзяў у наўскапыт. Але ніхто яго не трымаў, не было страшных вяровак. Адбегшы, конь глянуў здалёк на гаспадара і ўбачыў, што ён нават не глядзіць у ягоны бок, што ў яго нічога няма ў руках, акрамя кавалка цукру. І ён, здалёк, лёгенька загігатаў.
Алесь зрабіў некалькі крокаў насустрач, даў каню цукар, сеў на яго і, супакойваючы, аб’ехаў вялікі круг па жоўтай лугавіне.
І зноў стрэл. І зноў тое самае.
Дзед, пад’язджаючы вечарам да парку, яшчэ здалёк заўважыў дзікага маленькага кентаўра. Кентаўр наўзават ляцеў яму насустрач і яшчэ здалёк стрэліў з пісталета ў паветра. А потым яшчэ і яшчэ – пераможна і горда. І конь нават не здрыгануўся, толькі касавурыў шалёным вокам.
…Увечары яны сядзелі ў бібліятэцы. Святло месяца прабівалася праз каляровыя шыбы, падала на бясконцыя карэньчыкі кніг.
Сядзелі ўтраіх. Еўфрасіння Глебавічна пляла карункі. Дзед сядзеў у крэсле і папіваў. А Алесь сядзеў за сваім сталом, заваленым кнігамі.
Было ціха. Толькі гудзеў ды часам пастрэльваў іскрамі камін.
– Што было на выбарах? – спытаў Алесь.
Дзед аж пачырванеў, успомніўшы.
– Ат!
І злосна кінуў:
– Дарабковічы. Выскачкі.
– Зневажальнік ты, бацюхна, – сказала Глебавічна.
– А што ў іх за душою? – горка сказаў князь. – Расея ў іх за душою? Польшча ў іх за душою?! Свая зямля?! Польшчу яны прапілі. Расея для іх – чарналапатніца, свая зямля ім – мачыха. Сволач пан, кругом сволач… Ваські Вашчылы на іх мала, Ямелькі Пугача, Ромкі Ракутовіча на іхнія паскудныя шыі!
…Дровы ў каміне часам успыхвалі, і тады на кнігі, асветленыя свечкамі, падала лёгкая барва.
– Дзеду, – сказаў Алесь, – я вось тут хацеў спытаць у цябе аб царскім тытуле.
– А нашто гэта табе яшчэ? – іранічна спытаў Вежа. – Плюнь. Чытай тое, што пра нас.
Алесь загарнуў вялізны том і пачаў глядзець у агонь. Праз парк, праз голыя шаты, праз непагоду даляцеў бой гадзінніка “гатычнай капліцы”. Дзевяць гадзін.
– Ішоў бы ты спаць, Алесь.
– Пачакай, дзеду, пагрэюся.
Дзед паварушыў дровы і сказаў:
– Дык што гэта ты там хацеў спытаць пра тытул гэтага падонка? Не кажучы, вядома, уголас і пры чужых.
Алесь зноў разгарнуў кнігу:
– Разумееш, нашто такі вялізны і незразумелы тытул?
– Для паважнасці. Каб ведалі, колькі зямлі гасудар нарабаваў. А што там табе незразумела?
– Ну вось: “самодержец всероссийский… царь польский… великий князь финляндский”… Гэта ўсё зразумела… А чаму ў старым тытуле такія дзівосныя словы – “всея Великие и Малые и… Белыя Руси”? Гэта яшчэ што за глупства? Чаму не “зялёныя”? Не “шырокія”?
– Гэта назвы такія.
– Чаго назвы? Ну, “Вялікая Русь” – гэта зразумела. Імперыя сапраўды вялікая.
– Не туды гнеш, – сказаў стары. – Вялікая Русь – гэта ўсё, што ад вытокаў Дняпра і Сожа і аж да ўсходняга месца, да пустынь, да гор… Малая…
– Гэта яшчэ хто?
– Жыве на поўдні такі народ. Гэта там, дзе Кіеў, і Палтава, і Міргарад. Як я ездзіў да Кіева з імператрыцай, то наглядзеўся. Народ цікавы, на нашы вочы – нязвыклы, але харошы.
– А “Белая” – гэта што?
– А гэта Прыдняпроўе, Палессе, Міншчына – усё, аж па самае Падляшша.
Алесь пакусваў пяро:
– Што ж, тады выходзіць, то мы жыхары Белай Русі?
– Яшчэ чаго. Мы – прыдняпроўцы. А слова гэтае “Белая Русь” – канчаткова састарэлае, вельмі даўняе слова, якога ніхто не помніць. Зараз яно і наогул пад забаронай, шмат год нідзе ты яго не сустрэнеш.