Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Классическая проза » Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:

Раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» – гэта твор пра драматычныя падзеі нашай гісторыі, перадумовы паўстання 1863-64 гг. Пісьменнік стварыў яркі вобраз эпохі, якая дала свету і нашай Айчыне сапраўдных герояў, мужных барацьбітаў за волю. Маштабнасць задумы твора бачна ўжо ў назве твора, што мае сімвалічна-алегарычны сэнс. Галоўны герой рамана Алесь Загорскі разважае: «Бедныя, бедныя людзі! Як каласы, як трава пад сярпом тваім, грубая сіла».
1 ... 50 51 52 53 54 55 56 57 58 ... 192
Перейти на страницу:

– Пачуеце, – сказаў Вежа. – Яны ў мяне павінны спытаць. І я адкажу.

Галас усё нарастаў.

– Вырадкі! – крычаў Кроер. – Сацыялісты!

– Кроер, я абарву вам вушы, – сказаў Раткевіч. – Я мяркую, вы яшчэ не заклалі ў карчме вашай шпагі?

Кроер зароў. І тут перад ім раптоўна стала Надзея Клейна.

– Ну, – сказала яна. – Ну! Што ты збіраешся рабіць, аспід, дай я гляну.

– Жанчына, адыдзі!

І тут Клейна спрытна, як кошка, схапіла яго пухлай ручкай за вуха.

– Не торгайся, бацюхна… Я табе цяпер не жанчына. Я на зборні. Такая, як усе. Сядзь, бацюхна. Сядзь ціхутка. І слухай, што разумныя людзі гавораць.

Зала рагатала. І рогат зрабіў тое, чаго не зрабілі б аголеныя шпагі. Кроер сеў.

І адразу ўдарыў у гонг Басак-Яроцкі.

– Я полагаю, лучше всего решить этот вопрос, ввиду расходившихся страстей и резкого размежевания собравшихся, путем баллотировки. Но раньше, думается мне, надо опросить нескольких, известных своим состоянием, возрастом или умом, дворян.

– Але, – загулі галасы.

– Тады я пачынаю, – сказаў Яроцкі. – Пан граф Хаданскі.

Хаданскі ўстаў. Паблажлівая завучаная ўсмешачка нерухома ляжала на яго вуснах.

– Не разумею прычыны спрэчкі, – сказаў ён па-французску. – Сярод Янак пакуль што не заўважана ні Лавуазье, ні Мармантэляў. Пан Раткевіч, вядома, выступае за народ, а не за сваю кішэню. Ён сам казаў, што ён робіць гэта не праз выгаду.

– Дурань, – ціха сказаў Вежа. – Заўсёды думаў, што Хаданскі дурань. І злосны. Чалавека хоча зганьбіць.

– Дык вось, – казаў далей Хаданскі, – я заступіўся б за пана Раткевіча, але нашто мне заступацца за мужыка, які не адчувае аніякай патрэбы ў змене свайго становішча? Ён яшчэ не дарос да волі. Яму яшчэ трыста год будзе патрэбен сатрап з бузуном. Калі пакінем яго мы, культурныя, ён знойдзе на сябе іншага жорава. Горшага. – Ён схіліў галаву. – Я заклікаю ўсіх дваран, якія хочуць араць зямлю, хочуць, каб у крэслах гэтай зборні сядзелі Зохары і Яўхімы, а на месцы маршалка – крывавы кат… я заклікаю ўсіх гэтых дваран класці белы шар за мужыцкую волю.

І сеў. Частка залы ўхвальна зашумела.

– Ясна, – сказаў Яроцкі. – Пані Клейна.

– Не ведаю, бацюхна, – сказала старая. – Па-старому мне зручней. Але як падумаю, што на зборах замест буяна Кроера будзе сядзець мой дзед Зохар, як тое зараз паабяцаў Хаданскі, дык мне аж адразу весялей робіцца.

Махнула рукой:

– Белы шар.

Усе маўчалі. Потым Яроцкі ўздыхнуў:

– Пане Раўбіч.

Раўбіч глядзеў на Загорскага. І Загорскі, асцерагаючы яго, адмоўна паківаў галавою.

– Я адкажу балаціроўкай, – глуха сказаў Раўбіч.

Загорскі кіўнуў.

– Ваша справа, – сказаў Яроцкі. – Пане маршалак.

– Волю, – сказаў пан Юры. – Я з Раткевічам.

– Пане Ваневіч.

– Волю.

– І, нарэшце, самы ўплывовы з дваран губерні – князь Загорскі-Вежа.

Загорскі ўстаў.

– Волю, – сказаў ён. – Волю ў тых маёнтках, на якіх няма нядоімак і дзе заплочаны працэнты па закладных.

Словы ўпалі ў насцярожаную цішыню залы, як карцеч. Тыя, у якіх трапіла, зашумелі. Прыблізна трэцяя частка залы, у тым баку, дзе сядзеў Браніборскі.

– Чаму вы крычыцё, панове? – звузіўшы вочы, спытаў Вежа. – Хіба я сказаў нешта нечаканае, нешта такое, аб чым вы не думалі?

– Лухта! – крыкнуў Іван Таркайла. – Я даю мужыкам пазыкі, я адказваю за нядоімкі, за неплацеж падаткаў, што ляжаць на мужыках. Яны не вартыя таго самі, вось што.

– Сядзьце, хрысціянін Таркайла, – грэбліва сказаў Вежа.

– Што б вы прапанавалі? – вонкава спакойна спытаў Браніборскі.

– Прадайце прадметы раскошы, – сказаў Вежа. – Заплаціце закладныя. Заплаціце нядоімкі: разам нажывалі іх, разам і адказвайце. А там, чыстыя, будзеце думаць.

Суровыя бровы старога разышліся:

– Згаленне? Магчыма. Але ж вы жылі з іхняй працы на вашай зямлі. Дык вось, калі вы ўсе будзеце чыстыя – вызваліце іх. Аддайце ім палову зямлі, і, вольныя, яны пойдуць і на вашу зямлю таксама. За грошы. І гэтая палова вашай зямлі дасць вам утрая больш, чым цяпер уся.

Было ціха. Потым нехта з асяроддзя Кроера паспрабаваў свіснуць.

– Чаму ж вы так? – спытаў Вежа. – Я ж, здаецца, не за адмену стаю? Я ж прапаную пакінуць на год усё, як яно ёсць.

І тут край Браніборскага і Кроера выбухнуў выгукамі:

– Сацыяліста! Гверыльера!

Вежа з удаваным непаразуменнем паціснуў плячыма.

– Карбанарый! Кінжальшчык! Лувель! Якабінец!

Яроцкі дарэмна біў у гонг. І тады Вежа, зрабіўшы яму знак спыніцца, падаўся наперад.

– Ну, – амаль шапнуў ён.

Ён абводзіў рады вачыма, і выгляд у старога быў такі, што тыя, па кім прабягаў яго позірк, адразу змаўкалі. Запанавала цішыня.

– Вось так лепей, – сказаў Вежа і дадаў: – А для сябе… для сябе я стаю за белы шар.

І рэзка кінуў:

– Воля!

Сядзеў, адразу страціўшы ўсялякую цікавасць да таго, што адбываецца ў зале. Ён разлічыў правільна, ён зразумеў іх і таму здолеў сутыкнуць ілбамі. А-адна сволач! Што ж, цяпер асталося толькі апусціць свой белы шар і ехаць дадому, да ўнука.

Добра, што хлопчык не сярод гэтых пачвар, што ён не бачыць разгулу нізкіх чалавечых страсцей.

– “На основании сто десятой статьи устава о службе по выборам, – чытаў Пятро Яроцкі, – третий том, и сто двадцать восьмой статьи девятого тома свода законов Российской империи (издание сорок второго года) – постановления дворянства производятся посредством баллотировки и признаются обязательными, если они приняты единогласно или не менее как двумя третями голосов всех присутствующих дворян”.

Ён кашлянуў.

– Цяпер, пасля таго як я нагадаў вам гэта, мы можам пачаць балаціроўку, панове. Прашу браць шары.

Вежа ўзяў шар першы. Памарудзіў і, схіліўшы сівую галаву, апусціў яго ў белую палову урны.

Шар гучна ўдарыўся аб чыстае дно.

А потым шары пачалі падаць часцей і часцей, і ўдары рабіліся ўсё больш і больш глухія.

…Падлічылі шары позна ўвечары, калі за вокнамі ўжо даўно гарэлі гарадскія агні.

Маршалак Юры падышоў да бацькі. Стары Вежа чакаў, стоячы ля акна і гледзячы на цьмяную ў цемры стужку Дняпра. Пан Юры ўспёрся на падваконне побач з ім.

– Гэтыя шары грукалі страшна, – сказаў Вежа. – Як камяні па труне.

– Сапраўды, бацька, – адказаў пан Юры. – Пахавалі мы гэтымі шарамі запіску Раткевіча. Усё.

– А што, хіба пахавалі?

– Пахавалі, бацька. У зборні было чатырыста дваццаць восем дваран. Каб запіска аб адмаўленні прайшла – трэба было не менш за дзвесце шэсцьдзесят два галасы. І вось.

– Колькі?

– За адмену дзвесце шэсць, супраць – сто восемдзесят сем.

Вежа рушыў быў да выхаду, але потым спыніўся. Твар ягоны быў жорсткі, калі ён сказаў сыну:

– Ты, маршалак, павінен быў са шкуры вылезці, а даведацца аб прапанове Раткевіча. Пэўна, не адны гэтыя восем чалавек ведалі?

– Не адны.

Стары свідраваў сына вачыма.

– Раўбіч ведаў?

– Аднекуль ведаў. Раткевіч да яго даволі блізкі.

– Ну вось. Ты павінен быў ведаць. Павінен быў сказаць мне.

– Чым бы ты памог?

– Грашыма. Я прывёз бы ў зборню ўсю дробную шляхту, у якой ёсць галасы, але няма мужыкоў, няма нават грошай, каб паехаць у губерню, дзе, урэшце, ім, пакрыўджаным, няма чаго рабіць. А яны б галасавалі, як ты, як я… Я прывёз бы толькі сто чалавек – і Кроер паляцеў бы рылам.

– Нашто табе гэта рабіць?

Вежа ўсміхнуўся.

– Так проста. Клейне прыемна сядзець побач з Зохарам, мне – сутыкнуць гэтую сволач, прымусіць іх біцца. Урэшце, мне проста забаўна было б паглядзець, а што з гэтага будзе. І я не люблю Кроера.

ХХ

Я пішу гэтыя радкі на паперы, салёнай ад марскога ветру. Мора, цёмна-сіняе, у рэдкіх белых карунках, разбіваецца аб вялікі камень, на якім я ляжу, усплёсквае пенай і трапляе мне на ногі, а калі пашанцуе, – толькі аднымі пырскамі, – падае мне на спіну.

1 ... 50 51 52 53 54 55 56 57 58 ... 192
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)