Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Жанр: Классическая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:
ХХІІ
…Алесь чытаў, седзячы на зашклёнай тэрасе. Шыбы былі вельмі старыя і таму набылі лёгкае фіялетавае адценне. За садам плыло сонца, свецячы проста Алесю ў твар, і літары ў кнізе здаваліся чырвонымі.
Ён знайшоў у дзедавай бібліятэцы Яна Баршчэўскага. Кніга звалася “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”. Зараз ён адольваў ужо чацвёрты том. Гэта было першае пацверджанне, што не ён адзін адкрыў Мора, і таму ён шмат мог дараваць аўтару.
Гэта было добра. Перад ім паўставаў сімпатычны чалавек, які кожнай вясной, як пералётная птушка, не мог уседзець у Пецярбургу і пехатою, з кіем у руках, ішоў на радзіму, у Беларусь. Ён ішоў і слухаў спевы жаўранкаў у гарачай вышыні. А ў душы яго нараджаліся радкі… Паўставаў чалавек, які ў завіруху ставіў на акно свечку, каб падарожныя ішлі да яго. Ён карміў і паіў людзей, толькі каб яны расказвалі яму гісторыі і паданні.
Было шкада, што ён піша па-польску, устаўляючы ў кнігу беларускія дыялогі. У сваёй мове ён мог бы стаць вялікім. У чужой – толькі вышэй за сярэдняга.
Баршчэўскі, здольны і добры чалавек, шмат у чым блізкі да Гогаля, назваў сябе беларусам, а радзіму – Беларуссю, магчыма, нават занадта настойліва. Ён пяшчотна любіў край, яго паданні, яго людзей.
“Ну, а я?” – падумаў Алесь.
…І якраз у гэты момант прыйшлі ў Загоршчыну, да яго, Кандрат і Андрэй. Кірдун прывёў іх на тэрасу, і вось яны сядзелі перад ім, такія падобныя, што аж смяяцца хацелася, і адначасова такія непадобныя. Хто ўмеў так жартаваць, як Кандрат, і хто спяваў такія песні, як Андрэй? Даражэй за ўсё былі іхнія ўсмешкі – хітраватая ў Кандрата і ласкавая, амаль жаноцкая, у Андрэя. Правільна зрабіў бацька, што адпусціў іх і аддаў Паўлюка з Юрасём у школку. І Алесь без жалю адклаў кнігу чалавека, які адкрыў Мора на шэсць год раней за яго, Алеся, нават паспеў напісаць аб гэтым, але не разумеў хваль, з якіх гэта Мора складалася.
– Слухай, Алесь, – сказаў урэшце Кандрат. – У нас да цябе справа.
– Ну? – сказаў Алесь.
– Але раней ты дасі нам слова, што аб гэтым ніхто не даведаецца, нават бацькі…
– Мы тут думалі, аж галовы папухлі, – сказаў Андрэй. – Але цяпер Масленіца. Усе ездзяць. У госці. А Кроер… твой далёкі сваяк…
– Стойце, хлопцы, – сказаў Алесь, – нічога не разумею. Ды мы і не ездзім туды ніколі. Мае не любяць Кроера.
– Тым лепей, – сказаў Кандрат, з палёгкаю ўсміхнуўшыся. – А мы думалі… Значыць, усё добра.
І засмяяўся:
– Юрасю бацька два шлапакі адваліў. Прыйшоў хлопец з царквы, а ў кішэні ў яго аж чатыры грыўні. Бацька пытае: адкуль? А той кажа: “А там, дзе ўсе бралі, дык і я ўзяў. З блюда”. Мы аж пакіслі са смеху.
Андрэй глядзеў убок. Дый смех Кандратаў быў няшчыры. Алесь з болем бачыў гэта, бачыў, што хлопцы ледзь не сказалі яму аб нечым і вось цяпер пераводзяць размову на іншае.
– Як хочаце, хлопцы, – суха сказаў ён. – Але я думаў, што вы мне верыце, што я для вас і застаўся братам. Нават цяпер. Што ж, няхай…
– Ды мы нічога, – сказаў Кандрат. – Мы толькі хацелі прасіць, каб не ездзіў да Кроера… Не любяць яго…
– Сам ведаю, – суха сказаў Алесь.
Маўчалі. Алесь ведаў: дружбе і адкрытасці канец. А тут яшчэ Кандрат нечакана, толькі каб не маўчаць, пачаў расказваць чарговую пабрахеньку.
– У Лапаты госці былі. Паклалі іх, падпітых, у чыстай палове. А дзеці ўзялі ды прысунулі да дзвярэй стол. Уначы ўстае чалавек, шукае выйсці. Як ні мацае – няма дзвярэй… Аж зубамі скрыгалі.
Андрэй раптоўна аж крэкнуў з прыкрасці за брата. Строга ўскінуліся вейкі.
– Вярзеш немаведама што, боўдзіла, – сказаў ён. – Ану давай, кажы ўсё. Алесь наш, мужык. Не скажаш – усяму канец. Дзе веры няма, дык якое ўжо сяброўства?
– Што вы, – сказаў Алесь. – Чаму канец? Ды я і не хачу.
– Бачыш? – сказаў Андрэй.
Кандрат усё яшчэ вагаўся. І тады вочы Андрэевы ўспыхнулі.
– Не хочаш? Тады я сам. Толькі ты, Алесь, ведай: на цябе ўсе спадзяванні. Маўчы ў імя маці і пана Езуса.
– Гэта ўжо дарэмна, хлопцы.
– Не дарэмна, – сказаў Андрэй. – Кожны за сваіх: дваране за дваран, мужыкі за мужыкоў. А калі давядзецца – тады нам канец. Бо ведалі, а не сказалі. Дзеда старога добра калі адхвошчуць. А нам, і Лапатам, і Кахновым людзям, можа, і Сібір.
– Тады і казаць не трэба, – сказаў Алесь ужо сур’ёзна.
– Трэба, – сурова сказаў Андрэй. – Мы дзядзькавыя браты. Раз змоўчым, два змоўчым – і канец братэрству.
Ён перадыхнуў:
– Кроера хочуць забіць, а маёнтак ягоны спаліць. Корчак. Той самы, што вілы кінуў. У яго кроў у сэрцы запяклася на пана Кастуся. Ягоныя дзеці торбы пашылі і ў акрайцы пайшлі. За самім Корчакам ганяюцца, як за зверам. І Корчак рашыў: забіць. Той, хто забіў, – гэта ўжо не чалавек, ён горшы за вар’ята. Ён атручаны забойствам. За змяю бог сто грахоў даруе. І ён заб’е ў адзін з дзён масленіцы. Каб не ў пост грашыць. Так што не ездзі і сваіх адгавары.
– Мы ніколі не ездзім, – сказаў Алесь. – Мы – ворагі. Я нікому не скажу, можаце мне верыць. Толькі ж яго спаймаюць. Мусатаў за ім паўсюль ганяецца. Шкада смелага чалавека!… А хто гэта вам сказаў аб забойстве?
– Пятрок Кахно чуў ад Лапатаў. А тыя да Паківача ездзяць, дзе Корчак хаваўся.
– Балбатун ваш Пятро, – сказаў Алесь. – З радасці, што гэтую брудную свінню забіць збіраюцца, распусціў язык.
– Ён нікому больш не сказаў, – пачырванеў Андрэй. – Не думаў я, што ты, Алесь, нас папікаць будзеш.
Цяпер сорамна стала Алесю.
– Я не папікаю. І я нікому больш не скажу. Магіла!!!
Гэта была самая страшная клятва аб маўчанні. Хлопцы паверылі і пайшлі, супакоеныя.
…Раніцай наступнага дня ў Загоршчыну прыскакаў з Кроераўшчыны ганец, мужык год пад сорак. Пан Юры і Алесь якраз выходзілі з дома, калі мужык цяжка споўз са свайго нехлямяжага коніка.
Конік адразу як заснуў, тупа расставіўшы клышаногія тупалкі. Мужык стаяў ля яго, камячыў у руках брудную прадзёртую магерку і не глядзеў на паноў, толькі на мокры снег, у якім танулі яго раскіслыя поршні.
– Накрыйся, – сказаў пан Юры. – Не люблю.
Дзікаватыя светлыя вочы мужыка на імгненне прыўзняліся.
– Высакародны пан Канстанцін Кроер памерлі. Яны просяць, каб дваране стаялі… каля труны.
– Як гэта ён просіць? – яшчэ не верачы, спытаў пан Юры. – Мёртвы просіць?
– Яшчэ як… жывыя былі.
– Як здарылася?
– У адначассе… амаль. Кажуць, жыла лопнула. Ужо і ў труну паклалі.
Пан Юры перахрысціўся.
І ўбачыў белую галаву мужыка, на якой раставалі мокрыя хлапякі апошняга снегу.
– Накрыйся, кажу табе. Ідзі ў чалядню. Папрасі там гарэлкі. І аўса каню.
– Не, – сказаў мужык. – Загадана яшчэ спавясціць…
Загорскі раззлаваўся:
– Ідзі, кажу, шкапа ты затурканая. Іначай я, пакуль тое, сам цябе ў пугі вазьму. Логвін, Карп, вазьміце яго, дайце сухія поршні, гарэлкі – словам, што трэба.
Мужык пайшоў паміж слуг, пакорліва апусціўшы галаву.
– Збірайся, Алесь, – сказаў пан Юры, узбягаючы па прыступках.
Не ехаць было нельга. Бацька так і сказаў маці.
Нечакана маці адмовілася.
– Ты можаш ехаць з Алесем, – сказала яна. – Табе трэба. А я не магу. Я не любіла яго.
Паехалі ўдвох. Верхам. Па насціле з лазы пераехалі тоўсты, але ўжо слабы, як мокры цукар, дняпроўскі лёд. Дарога ішла спачатку паплавамі, потым заснежаным узвышшам, якое пераходзіла недзе далёка справа ў Чырвоную гару. Хутка павінна была адкрыцца вачам Кроераўшчына.
Мокры, там-сям ужо брудны снег укрываў палі, а на снезе сядзелі вугальна-чорныя вароны. Часам яны ўзляталі, і тады адразу рабілася зразумела, як цяжка ім ляцець праз сыры, важкі вецер. На полі Загорскіх дагнаў Януш Біскуповіч, асабісты вораг Кроера, таксама вярхом. Павіталіся. Алесь з цікавасцю разглядаў спадарожніка, яго жвавы прыгожы твар з аксамітна-цёмнымі вачыма. Біскуповіч быў неабыякавы яму яшчэ і з той прычыны, што лічыўся самым багатым з усіх паляўнічых Прыдняпроўя на “песні рога”.
Ён складаў не толькі іх, але яшчэ і вершы: сур’ёзныя і чулыя – па-польску, жартоўныя – па-тутэйшаму. Кроер ледзь не вызваў яго на дуэль за верш аб Півошчынскім бунце. Там, між іншым, былі такія радкі: