Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Жанр: Классическая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:
Пан жандар яго цалуе,
Хоць ён кукішам глядзіць.
Пан Юры ставіўся да Біскуповіча з павагаю, але быў відочна здзіўлены, што той таксама едзе.
– Як жа гэта вы?
– Кожны павінен спадзявацца на апошнюю літасць.
– А спрэчку вы з ім завялі дарэмна, – сказаў пан Юры.
– Грозны рак, ды ў с… вочы, – усміхнуўся Біскуповіч.
– Ну, прарокаў няма.
– Ёсць прарокі, – сказаў Біскуповіч. – Магчыма, на добрае, а магчыма – і на дрэннае, але мая эпіграма нечакана хутка спраўдзілася.
– Якая?
– А тая, якой я адказаў на яго пагрозы.
Пан Юры ўспомніў і, не вельмі весела, зарагатаў. Гэтую эпіграму помнілі ўсе і ведалі, што Кроер не даруе яе. Бо нішто не клала на ягонае яснаванне такой клейны, як гэтыя два радкі:
Smierc Krojera w Krojerowszczyznie zrobi zmiane znaczna:
Panowie pic przestana, chlopi zas jesc zaczna[68].
І вось Кроер памёр. Цяпер сапраўды не будзе каму паіць падонкаў, а мужыкам стане лягчэй.
…Кроераўшчына здзівіла Алеся. Вялізнае сяло распаўзлося на багатым лёсавідным суглінку па броўках яроў, па схілах, па адхоне над рачулкай. Нідзе ані дрэўца, ані кусціка. Абшчынны векавы дуб на плошчы абсечаны ўвесь, акрамя адной толькі разгаліны, і тая тырчыць пад неба, як быццам чалавек, лямантуючы, ускінуў адну руку. Мужыкі, што трапляюцца насустрач, зацкавана глядзяць у зямлю.
Вялізны панскі дом стаіць таксама на пустым месцы, непрытульны і страшны. Дом быў проста вялікай камяніцай, але страшнае запусценне панавала вакол. Невялічкая паўкруглая брама, глухі ніжні паверх, два крылы ганка.
Тое самае было і ў пакоях. Старая занядбаная раскоша, маўклівыя слугі, маўклівыя купкі гасцей, што з’ехаліся адддаць апошні гонар нябожчыку.
А быў калісьці багаты дом, нават вельмі багаты.
Пан ляжаў у параднай зале, вокны якой пачыналіся на ўзроўні чалавечага росту. У зале стаяў стол. Побач з ім пюпітр, за якім чытаў псалтыр чалавек у манашым адзенні. Капюшон закрываў яго аблічча.
А на стале, у дубовай труне, ляжаў Кроер. Дзве тоўстыя – з руку – васковыя свечкі кідалі жаўтавата-ружовыя адбіткі на нерухомы твар.
– Адгуляўся, – сказаў бацька.
А ў паўцемры залы гучалі страшныя манатонныя словы псалмаў “у суцяшэнне сумуючым”.
Святло дня ледзь прабіваецца ў высокія вокны, пыльнае, бы ў склепе, грыфельна-шэрае. І асветленая пляма – гэта толькі твар Кроера, рукі, складзеныя на грудзях, і чырванаватая парча, што закрывае цела да самых рук.
Людзі ішлі паўз труну і жагналіся. Некаторыя з відавочнай асалодай і з удавана журботнай мінай на абліччы.
Пан Юры з Алесем спыніліся ў нагах нябожчыка.
– Бывай, швагер, – сказаў пан Юры. – Хай Бог будзе літасцівы да цябе, як даруе ён усялякую правіну.
Алесевы вочы трохі спалохана аглядалі траюраднага матчынага брата. І раптам хлопчык здрыгануўся: праз прыплюшчаныя павекі выглядала жаўтаватая палоска бялка.
Кроер глядзеў.
– Ідзі, – сказаў пан Юры. – Рана табе. Ідзі і не глядзі.
Яны прайшлі паўз труну.
– Швагер прыйшоў, – пачуў пан Юры ціхі голас. – Дзень добры, швагер.
Не разумеючы, адкуль голас, пан Юры азірнуўся. І раптам па зале, як вецер па начных галінах, прабег уздых жаху:
– О-о-ох-х!
Яны азірнуліся. Натоўп адхіснуўся ад труны, як жыта пад ветрам.
Мярцвяк сядзеў.
Алесь сціснуў сківіцы, каб не закрычаць. А нябожчык сядзеў і глядзеў на людзей. Потым дастаў з-пад чырвонай парчы вялізную бутэльку шампанскага.
Сект стрэліў у столь – па бутэльцы паліліся белыя ручаі. І адначасова шырока расчыніліся дзверы ў сталовую, і ўсе ўбачылі там мора агню ад свечак, бочкі з віном ля сцен, сурвэты, бель абрусаў, сталы, што знемагалі ад ежы, якая грувасцілася на іх.
У зале грымеў хор звычайных сабутэльнікаў пана. Спявалі задастойнік:
– “Ангел вапіяша благадатней: чыстая Дзева, радуйся! І пакі рэку: радуйся! Твой сын васкрэсе трыдневен ад гроба, і мёртвыя ваздвігнувый: людзіе, весяліцеся!”
Пан Юры непаразумела глядзеў на ўсё гэта.
– Свіння, – сказаў Біскуповіч. – Маці Божую не пашкадаваў, блюзнер.
І тады пан Юры плюнуў.
А нябожчык, працягваючы чашу з сектам, вёў:
– “Са страхам божыім і вераю прыступіце…”
Пан Юры цягнуў Алеся да дзвярэй.
– “Не прэпятствуйце дзецям прыходзіць да мяне”, – спяваў мярцвяк.
І, працягваючы чашу, узглашаў:
– Пійце ад нея ўсі.
– “Відзехом святло сапраўднае, – спявалі галасы, – прыяхом духа нябеснага… То бо нас уратавала ёсць”.
Пан Юры не ішоў, а ляцеў да дзвярэй. І тут дарогу яму перагарадзілі ўзброеныя загонавыя.
– Швагер, – сказаў Кроер. – Траюрадны швагер, куды ж ты? Паслухай мяне.
Загорскі спыніўся.
– Прабачце, панове, за жарт, – сказаў Кроер. – Іначай ніхто не прыехаў бы.
– І правільна, – сказаў Біскуповіч. – Бо ў гэтым доме ад кожнай п’янкі хто-небудзь ды памрэ.
– Забудзем спрэчкі, – казаў далей Кроер. – Мне абрыдла аднаму. Забудзем спрэчкі хаця на некалькі дзён. Я нічога не шкадую. А ты куды, швагер?
У пана Юрыя дрыжалі ноздры. Ён зрабіў крок да дзвярэй – загонавыя самкнуліся. Загорскі, Алесь і Біскуповіч паклалі рукі на эфесы кордаў.
Кроер абводзіў усё гэта вар’яцкімі, у чырвоных мяшках, вачыма.
І, відаць, не пажадаў псаваць свята.
– Пусціце іх, – кінуў ён. – А ты, швагер, пачакай маёй смерці яшчэ год дваццаць.
Ён меў на ўвазе спадчыну. Але Загорскі рассунуў рукамі загонавых і пайшоў, не азіраючыся. Гэты чалавек не мог абразіць яго.
– І даруй, – сказаў Кроер.
Потым ён стаў у труне.
– Астатніх прашу не скардзіцца. Дарога доўгая, мокрая – жывіце тут.
Людзі аглядаліся. Ва ўсіх вокнах узвышаліся ўжо ўзброеныя загонавыя. Чалавек трыццаць, прапусціўшы Біскуповіча і Загорскіх, самкнуліся і стаялі ў дзвярах. Людзі апусцілі галовы, бо ўсе ведалі, якая цяжкая чаша Кроеравай гасціннасці.
Але ніхто не пратэставаў. Буйных дваран, з якімі Кроер пабаяўся б сварыцца, у зале не было. І людзі рушылі ў сталовую залу.
Цяжка зачыніліся за імі дубовыя дзверы.
Кроер кінуў парчу на плячо, накшталт плашча, і саскочыў на падлогу. Яго трошкі хістала, ён быў знясілены шматдзённай п’янкай, але сіліўся стаяць роўна.
Адзін з загонавых падышоў да яго і нешта сказаў, і ў Кроера вышчарыліся зубы.
– Дзе? – страшным ціхім голасам спытаў ён.
– Ля ганка, пане.
Кроер, цягнучы за сабою край парчы, памкнуўся да дзвярэй. На хаду спыніўся.
– Усе з акон. Усе да дзвярэй і не адыходзіць. Іначай – засяку… на зямлі. Сачыце, каб ніхто з гасцей не ўцёк… каб трупамі ляжалі да раніцы.
І амаль выбег з параднай залы.
…Ён перагнаў Загорскіх з Біскуповічам, калі тыя выходзілі на ганак. І не звярнуў на іх аніякай увагі, кінуўшыся на прыступках уніз.
Пан Юры кінуў аднаму з загонавых, які праводзіў іх:
– Коней.
– Зараз, – заспяшаўся той.
Яны чакалі коней, стоячы на ніжняй прыступцы, і глядзелі на тое, што адбывалася ніжэй сходаў, на пляцоўцы, укрытай бруднаватым патоўчаным снегам.
На пляцоўцы стаяў у атачэнні трох “блакітных” і дзесятка земскіх бялявы мужык у расхрыстаным кажуху. Рукаў кажуха быў адарваны: з вялікай дзіркі, як махры эпалета, падалі на плячо касмыкі аўчыны. Звычайны мужык год пад трыццаць, засівералы, дужы. Незвычайныя былі толькі вочы. Чорныя, дрымучыя, яны з непрыхаванай нянавісцю глядзелі на пана Кроера, што набліжаўся да купкі людзей бязгучнымі кашэчымі крокамі.
У баку ад гэтай ку
пкі людзей стаяў Мусатаў. Глядзеў як быццам у другі бок, пагладжваў шчэцістыя бакенбарды. Зеленаватыя, як у рысі, вочы прабеглі па абліччах Алеся, пана Юрыя, Біскуповіча і абыякава пачалі разглядаць, бы першы раз бачылі, бліскучыя ад вільгаці дзікія камяні будынка, высокія вокны, падушкі зялёнага моху ля вадастокаў.
68
Смерць Кроера ў Кроераўшчыне зробіць значныя змены: папы пакінуць піць, а мужыкі пачнуць есці (польск.).