Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
Паглядзіце на паводзіны нямецкіх энэргетычных канцэрнаў адносна Францыі, Італіі, Расеі, балтыйскіх краінаў. Яны паводзяць сябе патрыятычна. Крэольская нацыя такога ня зробіць. Калі Вы паглядзіце на Лацінскую Амэрыку, то ўбачыце, што там няма стрыжнёвай нацыянальнай ідэі і многія краіны застаюцца бананавымі рэспублікамі.
Дракахруст: Сп-ня Алексіевіч, Вы ўжо назвалі адзін інстытут, на якім цяпер спрабуюць збудаваць беларускую нацыю. Гэта прэзыдэнт, прычым не пасада прэзыдэнта, а канкрэтная асоба, якая гэтую пасаду займае — Аляксандар Лукашэнка. У пэўным сэнсе ўлада будуе беларускую нацыю як народ Лукашэнкі. Пакуль гэтая мадэль неяк працуе. Што будзе, калі ён сыдзе — так ці іначай? Ці не атрымаецца так, што ня толькі палітычная сыстэма, але і нацыянальнае адзінства можа пахіснуцца і нават рассыпацца, збудаванае толькі на гэтым стрыжні?
Алексіевіч: Фэномэн Лукашэнкі трымаецца ня толькі на ягоных асабістых якасьцях. І адзінае, у чым я згодная з Паўлам, што апазыцыя ў нас кволая і кепска вучыцца, яна не жыве ў сьвеце сучасных выклікаў. Трэба аддаць належнае Лукашэнку, што ён вучыцца хутка, ён тое, што Арыстоцель называў палітычнай жывёлінай. І тут мы ўсе атрымалі паразу. Ён інтуіцыяй спаралізаваў уласны народ, накінуў яму ніжні ўзровень, узровень спажываньня. Нацыю нівэлявалі да вульгарнага ўзроўню спажываньня, таго, наконт чаго ўвесь сьвет крыкам крычыць, што гэта шлях у пустату. А ў нас гэта яшчэ называецца прагрэсам.
Лукашэнка зьмікшыраваў пераход у гэтую новую, незразумелую, страшную прастору, і ягоныя асабістыя якасьці супалі з часам. Ён даў адчуваньне, што нічога ў сьвеце не памянялася. Пётра ўжо казаў, што гэта было за чужы кошт, але савецкасьць у ім — гэта тое, на чым трымаецца і сам ён, і ілюзіі народу.
У мяне ёсьць дом у вёсцы, каб жыць сярод нармальных людзей, а не на пісьменьніцкіх лецішчах. І там адзін селянін мне сказаў: «А вось сыдзе Лукашэнка, і будзе ж жахліва, будзе ж хаос». І я ўбачыла, чаго баяцца людзі, чаго баіцца намэнклятура, якая, магчыма, і ненавідзіць яго, паколькі ён прыніжае яе і трымае ў страху, чаго баяцца сяляне, якія атрымліваюць мізэрныя заробкі, але ж хочаш — дзьве каровы трымай, хочаш — дзесяць. Яны баяцца, яны чуюць той хаос, які прыйдзе. Бо здушаная ўсялякая сіла супраціву, сіла ідэі, сіла альтэрнатывы. Застаецца тое, што ёсьць у моладзі. Павал казаў, што людзі, асабліва моладзь, адчуваюць сябе ў асобнай дзяржаве, што мы тут — беларусы, а там — расейцы. Гэта як у Расеі. На чым трымаецца сёньня расейскае антызаходніцтва, асабліва сярод моладзі? На крыўдзе — падмануў Захад, не падтрымаў, не прыняў на роўных. На чым трымаецца адчуваньне, што мы беларусы? На крыўдзе на расейцаў: яны багатыя, а мы... Крыўда — гэта кепскі падмурак. Няздольнасьць мяняцца спараджае ахвяру, а гэта вельмі агрэсіўная істота. І я думаю, што нас чакаюць вельмі цяжкія часы. І яны будуць.
Дракахруст: Сп. Якубовіч, для Вас гэтае пытаньне, магчыма, далікатнае, але які Ваш адказ на яго? Ці не атрымаецца так, што калі Лукашэнка раней ці пазьней, з тых або іншых прычынаў сыдзе, то беларуская дзяржава сыдзе разам зь ім?
Якубовіч: Сьвятлана істотна падняла планку размовы. Я зь ёй шмат у чым згодны, але хачу сёе-тое ўдакладніць. 10 гадоў таму я браў вялікае інтэрвію ў Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. І ён тады сказаў: «Я ў чымсьці разумею канцлера Льва Сапегу. Перад мною стаяць ў пэўным сэнсе тыя самыя праблемы». І сапраўды, у Беларусі шмат у чым праблемы тыя самыя, што былі ў Вялікага Княства Літоўскага. Сьвятлана гаворыць пра крыўды. Я б ня стаў пераводзіць іх у эмацыйную плоскасьць. Але ж сапраўды ў студзені сёлета нашу краіну — і левых, і правых, і праваслаўных, і каталікоў — «Газпром», як браніраваны кулак, спрабаваў паставіць на калені. Прычым вельмі прагматычна: або здавайце вашу прамысловасьць нашым прадпрымальнікам, або мы адключаем вам газ. Дзякаваць Богу, у адказ гэтыя людзі атрымалі цьвёрдую і халодную непахіснасьць, хаця, зразумела, ні праблема ня вырашаная, ні больш шырокае пытаньне гістарычнага выбару.
Захад гэтак сама холадна паставіўся да гэтай сытуацыі, маўляў, вы там блізкія адзін да аднаго, дык і вырашайце свае справы, а мы з плота паглядзім, чым гэта ўсё скончыцца. Гэта першае маё удакладненьне. Другое — наконт расейскага князя Івана Каліты. Ён у гісторыі застаўся неадназначнай фігурай, але, на мой погляд, галоўнае ў ягонай дзейнасьці было ня тое, што ён далучыў некалькі княстваў да свайго Маскоўскага, а тое, што захаваў дзяржаўнасьць і выхаваў у людзей, асабліва ў моладзі, поўную адсутнасьць страху перад Ардой. І таму, калі ён памёр, зьявіліся і Сергій Раданежскі, і Дзьмітры Данскі.