Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
Струвэ: Вы доўга пішаце свае кнігі?
Алексіевіч: Друкаваць, як на варштаце, усё новыя гісторыі — бессэнсоўна. Я доўга працую над кнігамі. Напрыклад, гісторыю каханьня «Дзівосны алень вечнага паляваньня» пішу болей за 10 гадоў. У мяне будзе 100 апавяданьняў пра каханьне. Трэба да сябе прыслухацца, што ты павінен сказаць.
Струвэ: Напэўна, гэта складана — сказаць сваё слова пра каханьне?
Алексіевіч: З каханьнем усё складана. Сам досьвед экзыстэнцыяльны вельмі складаны. Бо ў мяне ж ня проста каханьне. Цяпер гэтых любоўных расказаў — усе спосабы, розныя рамантычныя гісторыі — у вялікай колькасьці на кніжных паліцах.
Я хачу далей працягнуць свае дасьледаваньні. Кожны з нас ставіць перад сабой гэтае пытаньне — самае таямнічае, самае карэннае пытаньне жыцьця: «навошта?» З аднаго боку, каханьне «дано нам в утешенье», каб было ня страшна памерці, а зь іншага боку, дае сэнс нашаму жыцьцю, бо чалавек мае нейкую большую місію, чым толькі прызнаць сябе часткай біялягічнага ланцужку — нарадзіць дзяцей, працягнуць свой род. Калі нашы людзі вырашаць матэрыяльныя пытаньні, наядуцца, для іх гэтыя пытаньні стануць вельмі сур’ёзнымі, бо яны галоўныя ў жыцьці.
Наперадзе ў мяне гэтая кніга і яшчэ кніга пра старасьць. Я хачу шмат выясьніць пра сваё пакаленьне ды сябе і прайсьці з гэтым да канца.
Струвэ: Як хутка Вы плянуеце завяршыць кнігу пра каханьне?
Алексіевіч: Яшчэ дзесьці год патрэбны для гэтага. Справа ня ў тым, каб сабраць матэрыял, трэба сабраць філязофію. Сэнс сур’ёзнага пісьменьніка ў тым, каб штосьці пачуць на вуліцы. Флябэр сказаў, што ён чалавек-пяро. Я чалавек-вушы. Маё вуха на вуліцы. Я лічу, што пісьменьнік павінен першым сфармуляваць нейкія рэчы, якія знаходзяцца ў паветры. Першым сказаць пра гэта.
Струвэ: Наколькі важнае для Вас палітычнае жыцьцё?
Алексіевіч: Я ўвесь час удзельнічаю ў палітычным жыцьці. Хутчэй сымбалічна. Аднак вы заўсёды можаце даведацца пра маю пазыцыю. З-за гэтага я жыву ў Эўропе, я маю на ўвазе, з-за канфліктаў з уладай. Аднак для мяне як для мастака — гэта не галоўнае. Я спадзяюся, што сваімі кнігамі я гэта сфармулюю. У нас няма ідэяў, працуюць нейкія старыя ідэі культуры выжываньня. Культура барацьбы ўжо ня можа цалкам запоўніць сучаснага чалавека. Перад чалавекам адчыніліся зусім іншыя далягляды, і ён уступіў у зусім іншую прастору жыцьця. Гэтыя новыя людзі толькі зьяўляюцца ў нас.
Ёсьць таксама людзі, якія «чарка-шкварка». У мяне дом у вёсцы. Нядаўна там зьявіўся такі маленькі бізнэсовец, ён падманвае людзей, спойвае іх. Ён вельмі проста вырашае свае праблемы: мех мукі ці чагосьці іншага. Ён разумее, што вакол няма асобаў, а ёсьць культура выжываньня, сялянская такая хітрасьць. Трэба было выжыць гэтым людзям на балоце. Таму я з сумам слухаю нашых палітыкаў, тое, што было нядаўна на Кангрэсе дэмакратычных сілаў. Замест разьмеркаваньня ўлады, трэба думаць, дзе мы і да якога чалавека мы сёньня выходзім. Гэты чалавек стаў больш агрэсіўным. Бо ён нічога не разумее наконт расслаеньня грамадзтва, наконт магчымасьцяў, якія адкрываюцца — усё ёсьць, а ты нічога ня можаш. І трэба гэтаму нейкі сэнс надаць, каб не было простай сытасьці жывёліны. Вось з чым трэба выходзіць да людзей.
Струвэ: Для заходнеэўрапейскага чытача вы — беларуская пісьменьніца, якая прадстаўляе посткамуністычную Ўсходнюю Эўропу…
Алексіевіч: Чалавек з усходу… Бо я не займаюся выключна беларускай гісторыяй, а займаюся біяграфіяй імпэрыі, біяграфіяй утопіі. Гэтая імпэрыя размаўляла па-расейску і закранала вялікія прасторы, аднак з гледзішча мэнтальнага, біяфізычнага бачаньня сьвету, бо ёсьць таксама і такое бачаньне, я, вядома, не расейскі пісьменьнік. У мяне шмат такога беларускага бачаньня.
Струвэ: У Беларусі Вас не выдаюць больш як дзесяць гадоў. Таксама прадстаўнікі нацыянальнай апазыцыі ня лічаць вас беларускай пісьменьніцай. Ваша творчасьць для іх касмапалітычная. Вас гэта крыўдзіць?
Алексіевіч: Я думаю, што з часам я буду належаць да гэтай беларускай прасторы… Калі літаратура будзе ўвогуле кагосьці цікавіць. Я разумею, што нацыі трэба вызначыцца. І гэта вельмі няпроста рабіць у ХХІ стагодзьдзі. Праца складная і барацьба складаная. З аднаго боку, амэрыканская масавая культура, з другога — расейскі ўплыў. Пасьля Чарнобылю, калі ты адчуваеш сябе біявідам, які можа проста так зьнікнуць, я думаю, што нацыянальны погляд мусіць быць больш гнуткім і шырокім. Нацыянальнасьць — гэта ня толькі тое, што ты гаворыш па-беларуску і лаеш Лукашэнку…