Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
Садоўскі: Я тут дзесьці нязгодны з Паўлам, у чымсьці хацелася б паспрачацца. Калі мы гаворым пра тыпы дзяржаўных ідэалёгій, нам не абысьці такія паняцьці, як крэольства, канстытуцыйны патрыятызм, паноўная культура. Я ня ведаю, ці можна адразаць мінуўшчыну ад сёньняшняга дня, як часткова робіць Павал. Я ня ведаю, ці можна пабудаваць устойлівую мадэль дзяржавы без інстытутаў грамадзянскай супольнасьці, якія могуць быць збудаваныя, абапіраючыся на мінулую гісторыю. Я ня ведаю краіны, нават крэольскай, якая б збудавала ўдалую, устойлівую дзяржаву, адкінуўшы старую гісторыю і культуру.
У Эўропе мы гаворым пра постнацыянальную эпоху, але калі праект эўрапейскай Канстытуцыі быў тарпэдаваны Францыяй і Галяндыяй, дыскусіі ішлі па ўсёй Эўропе. І старшыня нямецкага парлямэнту, бундэстагу, крытыкуецца за ягоную тэзу пра «паноўную культуру» (Leitkultur), якая павінна быць у Нямеччыне. Немцы спрачаюцца з паняцьцем «канстытуцыйны патрыятызм».
Ёсьць такая краіна, як Ізраіль, якая ня мае ні канстытуцыі, ні сталых межаў. Яна рэалізавалася ідэалягічна ў часе, а не ў прасторы. І цяпер змагаюцца дыяспарысты зь сіяністамі. Прынамсі 4 мільёны габрэяў, якія жывуць у ЗША, лічаць, што яны працягваюць мэсіянскую ідэю, што абраны народ павінен быць гумусам для разьвіцьця іншых цывілізацый.
Калі адказваць наўпрост на Ваша пытаньне, ці можна пабудаваць трывалую ідэнтычнасьць на такім падмурку, варта пералічыць, з чаго складаецца ў нас гэты падмурак. Гэта ідэалёгія праваслаўнага хрысьціянства, ідэалёгія ізаляцыянізму, нейкай фобіі адносна Захаду. Трэба таксама казаць пра сацыяльную дзяржаву, і пра карпаратыўную дзяржаву, і пра міты, на якіх трымаецца гэтая сыстэма. Вы пытаецеся, чаму яна трымаецца. Трымаецца на добрай прапагандзе і на пакуль што трывалым падмурку, які трымаўся дзякуючы добрым цэнам на энэрганосьбіты.
Каб скончыць адказ на гэтае пытаньне, я скажу, што мне ўпершыню за апошнія 12 гадоў стала трывожна. Я пэнсіянэр, і мне хапае з жонкай пэнсіі на 3 тыдні толькі есьці і заплаціць за кватэру. Мы зараз пачалі наладжваць адносіны з трэцім сьветам, нарэшце загаварылі пра сапраўдную эканомію і дывэрсыфікацыю паставак энэрганосьбітаў, гаворым пра «Белую Русь» і «За незалежную Беларусь». Наша кіраўніцтва шукае.
Я сёньня не хачу па-беларуску крытыкаваць Лукашэнку, я хачу, каб мы ў нейкім кансэнсусе спрабавалі знайсьці адказ на тое пытаньне, якое Вы, Юры, задалі.
Дракахруст: Сьвятлана Алексіевіч, падчас усіх апошніх крызісаў у беларуска-расейскіх адносінах расейцы разважалі прыкладна гэтак: «Беларусы ж — такія як мы, у іх і ідэалёгія трымаецца на тым, што ў нас супольнае. Прыкрыем кранік, і будуць яны нашымі». І кожны раз расейцы з гэтымі развагамі гараць «сінім полымем». Чаму?
Алексіевіч: Я ня думаю, што расейскія палітыкі і культуролягі ня маюць рацыі ў гэтых сваіх развагах. У іх будзе шанец, і няма тут, у краіне, унутранага супрацьстаяньня. Я не прыхільніца Лукашэнкі, але Беларусь, як тое ні дзіўна, трымацца на ім ды яшчэ на ілюзіях і спадзяваньнях моладзі. Але нашая ўлада збудавана на старой савецкай, славянскай харызматычнасьці лідэра. Ён маласымпатычны нам, інтэлігенцыі, але ён акумулюе сялянскую боязь прагрэсу, перамен і разам з тым такую сялянскую цьвярозасьць.
Улада малакультурная, а сёньня нават на інтуіцыі моцнага лідэра нельга доўга ўтрымацца. Працэсы глябалізацыі, рэлігійнага супрацьстаяньня, нарастаюць, і Беларусь павінна да чагосьці далучыцца. Кубай у Эўропе ўжо нельга быць.
І я мяркую, што вось гэтая ідэалёгія, пра якую казаў Павал, гэта вельмі дзіўная рэч. Ён — адзін з ідэолягаў сёньняшняга часу, і ягоныя словы мяне яшчэ раз пераканалі, наколькі наша ўлада не гатовая да новага часу. Ідзе вульгарны пэрыяд: людзі наядаюцца, робяць эўрарамонт, падарожнічаюць і сьпяшаюцца гэта рабіць, як былыя галодныя дзікуны, у якіх у мазгах сядзіць, што гэта хутка можа скончыцца. І вось гэты жывёльны пэрыяд трэба ж неяк ідэалягічна прыкрыць. Чым? Улада ж не задзейнічала інтэлектуальны патэнцыял нацыі. Калі даць свабоду дыскусіі, свабоду ідэалягічную, нешта б сасьпела ў грамадзтве. Нічога гэтага ня робіцца, а замест гэтага пачынаецца старое савецкае клікунства: вось у нас была вайна.
Цяпер я шмат ежджу па Расеі і па Беларусі. Мяжа ёсьць, але ўлада — савецкая, народ — савецкі, і ўсе атрыбуты савецкага мысьленьня. Гэта працуе і з расейскага, і зь беларускага боку. Проста там інтэлектуальны патэнцыял іншы і грошы іншыя. Пакуль гэта крыху прыхавана: там нафтадалярамі, тут — калгаснай хітрасьцю. Але за гэта давядзецца адказваць. Доўга гэты прамежкавы стан не пратрымаецца. І ня будзе беларускай дзяржавы. Што гэта за ідэалёгія — давайце накормім і напоім людзей? Прабачце, але гэта ж не жывёлагадоўчая фэрма.