Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
Пастка тут такая, што сінэкура аднойчы скончыцца, і давядзецца жыць па сродках, будуць даяжджаць аўтамашыны, дапрацоўваць пральныя машыны. І ўсё пачнецца спачатку.
Дракахруст: Спадар Якубовіч, а як бы Вы ахарактарызавалі гэты цікавы фэномэн? На Ваш погляд, у чым яго прычына, акрамя, зразумела, росту жыцьцёвага ўзроўню: недавер да дзяржавы, пра які казаў спадар Садоўскі, ці наадварот — залішні давер?
Якубовіч: Наагул кажучы, гэта пытаньне інтэрпрэтацыі. Можна зайсьці сёньня ў любую віленскую краму, кшталту «Акропаліс», і ўбачыць велізарную колькасьць людзей, якія купляюць, прычым гэта не беларусы, а літоўцы. Але пры гэтым нельга сказаць, што літоўцы, паводле схемы Пятра, так ужо баяцца заўтрашняга дня. Людзі хочуць жыць сёньня і цяпер, і калі ёсьць магчымасьць купіць машыну, то яе купляюць.
З аднаго боку, людзі сталі жыць крыху лепш. Я, Юры, не казаў ні пра сады квітнеючыя, ні пра бум вар’яцкі, якога няма. Ёсьць цяжкое жыцьцё, і нездарма зьяўляюцца дырэктывы, якія нагадваюць — не расслабляйцеся, мы вельмі бедная дзяржава.
Але ёсьць элемэнт і таго, пра што Вы, Юры, сказалі. Многія людзі ня вельмі крытычна ставяцца да ацэнкі сваіх пэрспэктываў, і ёсьць такое грамадзянскае ўтрыманства: маўляў, ёсьць прэзыдэнт, які ведае, як будзе сёньня, заўтра і пасьлязаўтра. І хаця прэзыдэнт увесь час кажа, што трэба разьлічваць на сябе, а дзяржава зробіць тое, што яна можа зрабіць, вера ў правадыра — гэта частка нашай мэнтальнасьці.
Гэта ня пастка ў тым сэнсе, што яе нехта штучна стварае. Але чалавек павінен ведаць, што найлепшыя інвэстыцыі — гэта інвэстыцыі ў дзяцей, у адукацыю, у нерухомасьць, каб не чакаць, калі выканкамаўская чарга падыдзе, а самому думаць. Спадзеў на правадыра — гэта мэнтальная скрыўленасьць, рудымэнт сацыялістычнай мінуўшчыны, а ня нешта, што накідае прапаганда.
І я лічу, што грамадзтва, якое ўсур’ёз разважае наконт будучыні, павінна разумець, што будучыня залежыць, як пішуць у нашых газэтах, ад таго, як кожны канкрэтны чалавек гэтую будучыню сябе ўяўляе.
Дракахруст: Спадарыня Алексіевіч, а ў Вас, як у «канкрэтнага чалавека», які погляд на гэтую праблему?
Алексіевіч: Я гэта бачу крыху інакш. Я мяркую, што мы — не асобныя людзі і ня ўсё тут залежыць ад мясцовых умоваў. Сёньня толькі ў краінах ісламу яшчэ працуе энэргія рэлігіі. А ў астатнім сьвеце скончыўся час вялікай гісторыі. Людзі расчараваліся ва ўсіх ідэях і ў містычных сэнсах. І беларусы — нацыя, якая спазьнілася, зь недабудаванай дзяржавай — сыходзяць зь вялікай гісторыі ў сваю маленькую гісторыю і кажуць: «Чума на абодва вашыя дамы! Ёсьць сёньня і цяпер, і я хачу жыць сёньня». Гэта мы, наіўныя шасьцідзясятнікі, думалі, што разваліцца ўсё гэта і людзі кінуцца каяцца, будаваць дзяржаву, вучыцца свабодзе, а яны кінуліся вучыцца жыць. Яны, як дзеці, усё спрабуюць. Мне даводзілася спатыкацца з расейскімі алігархамі — Беразоўскім і Абрамовічам. І здавалася б — людзі ўсё маюць, але нават яны выхваляюцца тым, што набылі, людзі, што менш багатыя, выхваляюцца крыху меншымі яхтамі.
Мы, беларусы, яшчэ такое недафармаванае цела, а цябе выкідаюць у дарослае жыцьцё. На пэўны час аўтарытарны лідэр нібыта абараніў грамадзтва, зрабіў такую сумесь турмы і дзіцячага садка.
Але ва ўсім сьвеце адбываецца, а ў нас, на непадрыхтаванай глебе гэта хутчэй і жахлівей — дыктатура маленькага чалавека, які хоча смачна есьці і мала працаваць. У сваім доме я паспрабавала памяняць газавую пліту. Дык гэта два дні трэба сядзець на тэлефоне, дзесяць дзяўчат адказваюць вам, але насамрэч ніхто ні за што не адказвае. І, можа, празь месяц да вас хтосьці прыедзе. Яны атрымліваюць новыя заробкі, пэўна ўжо езьдзяць на нейкіх патрыманых машынах з Захаду, але ўменьне працаваць — усё тое самае. Іх навучылі толькі хацець.
Лідэр сам не падазрае, якая небясьпека, перш за ўсё для яго і для народу — дыктатура маленькага чалавека, дыктатура яго любові. Але калі ён будзе расчараваны, калі гэта ўсё яму не дадуць, а ён толькі ўвайшоў у смак — якой страшнай будзе яго нянавісьць. І няма чаго замілоўвацца гэтым дзіцячым садком, які хоча жыць. Мы — як дзеці, і гэта вельмі страшна для ўсіх нас.