Паслухайце нацыяналіста
- Автор: Астапенка Анатоль
- Год: 2000
- Язык: белорусский
- Год: Raštijos Draugija
- ISBN: 9986-437-04-2
- Жанр: История
Электронная книга - «Паслухайце нацыяналіста». Краткое содержание книги:
Найбольш правiльным шляхам царкоўнага развiццi на Беларусi я лiчу паступовую беларусiзацыю царквы шляхам утварэння беларускiх праваслаўных брацтваў па ўсёй краiне, стварэння беларускамоўных асветнiцкiх рэлiгiйных цэнтраў, далучэння да царкоўнага жыцця як мага больш беларускамоўных прыхаджан, свядомай iнтэлiгенцыi, увядзення прадметаў i курсаў накшталт “Закона Божага” ва ўсiх навучальных установах i г.д. Але падкрэслю галоўнае – плён з усяго гэтага будзе толькi тады, калi на працэс беларусiзацыі адгукнецца само насельнiцтва. Шлях да беларускай нацыянальнай царквы адзiн – праз утварэнне НЕЗАЛЕЖНАЙ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ БЕЛАРУСКАЙ ДЗЯРЖАВЫ! Незалежнай не на паперы, а на самой справе.
А пакуль мы чуем толькi рускамоўнае БТ, рускамоўнае радыё i чытаем 99 % рускамоўных газет. Мы стваралi новы саюз з Расiяй, “какого ещё свет не видывал”, цяпер аб‘ядноўваемся з Расiяй у адну дзяржаву i ўпарта закрываем беларускiя класы, каб потым дачушка антыбеларускага татачкi заяўляла мне на лекцыi, што “Давайте читать по русски, ведь у нас двуязычие. А я в школе от белорусского была освобождена...”.
Вось такiя рэалii. I аўтарам лiстоў тыпу ”На дадзенай Богам мове” хацелася б нагадаць наступнае. Калi на “дадзенай”, дык давайце сапраўды апраўдаем нашае Божае прызначэнне i зробiм так, каб беларуская мова стала мовай беларускага народа. I калi ён загаворыць на ёй, то можаце не сумнявацца, што праваслаўныя святары ды i свята-ры iншых канфесiй без усялякiх высiлкаў будуць звяртацца да людзей на дадзенай iм беларускай мове.
Пасля славутага рэферэндума аб статусе беларускай і рускай моў на Беларусі і ўвядзення рускай мовы ў якасці дзяржаўнай пачаўся імклівы працэс выцяснення беларускай мовы з ужытку практычна з усіх сфер жыцця. Усё, што было зроблена па адраджэнню мовы за кароценькі прамежак часу дзеяння Закона аб мовах”, было загублена. З 1994 года ідзе працэс закрыцця беларускіх школ і класаў, перавод справаводства толькі на рускую мову. Ворагі беларушчыны радасна паціраюць рукі.
Неяк само сабой і згубіла актуальнасць пытанне аб беларусізацыі царквы. Ні да таго стала, ці што... Грамадскасць замаўчала і зноў перанесла сваю дзейнасць на кухонныя баталіі.
Не так па-рабскі паслухмяна аднеслася да вынікаў рэферэндуму сама царква. Канкрэтней – праваслаўная царква, бо я вяду гаворку тут аб ёй. Па-першае, на мой погляд, праваслаўнай царкве на Беларусі, якая толькі пачала ўставаць на ногі пасля бальшавіцкага генацыду, абсалютна не заслужана дастаецца ад пэўных колаў нацыянальна свядомых, але не падрыхтаваных грамадзян. Беручы на сябе смеласць быць суддзямі ў такіх далікатных пытаннях, як вера і царква і безапеляцыйна сцвярдзжаючы, што царква ўсяляк працівіцца беларускаму адраджэнню, што яна праводзіць палітыку Масквы, гэтыя людзі праяўляюць часта простую недасведчанасць, бо на самай справе ўсё зусім не так. Многія проста не ведаюць таго, што шэраг святароў ужываюць беларускую мову ў сваёй практыцы, вядзецца праца па перакладу Бібліі, набажэнства і трэбаў на беларускую мову. У Жыровіцкай духоўнай семінарыі багаслоўе і шэраг іншых прадметаў вядзецца на беларускай мове.
Вышэй я выказаў думку аб важнасці царкоўнаславянскай мовы ў праваслаўным богаслужэнні. Больш за тысячу гадоў служыцца літургія на мове Кірылы і Мефодзія – царкоўна-славянскай мове. І, зразумела, за гэты вялікі час богаслужэнне вырасла і выкрышталізавалася ў аб’ёмную, закончаную сістэму, якая спалучае і багаслоўе, і навуку, і паэзію, і шмат чаго іншага. Сотні тоўстых тамоў займае апісанне ўсяночнай, літургіі, гадзін, шматлікіх акафістаў, канонаў і іншых відаў богаслужэння. Сотні кніг прысвечаны тлумачэнню Святога Пісання, апісанню Жыцій Святых і іх вучэнняў. І ўся гэтая праца рабілася, ды і робіцца цяпер на царкоўнаславянскай мове. Таму, зразумела, адначасна перайсці на богаслужэнне з царкоўнаславянскай мовы на іншую мову проста немагчыма..
Аднак усё гэта не азначае, што мы павінны сядзець склаўшы рукі і нічога не рабіць у напрамку беларусізацыі царквы. Складанасць праблемы яшчэ і ў тым, што гісторыя не данесла да нас ні беларускай літургіі, ні ўсяночнай, ні беларускіх трэбаў. Мы ведаем толькі некалькі беларускіх калядных і велікодных кантаў XVI – XVIII стагоддзяў, якія аднолькава былі папулярнымі на Беларусі як сярод праваслаўных, так і сярод католікаў і уніятаў.
Часам, гаворачы аб беларускамоўных спевах у царкве, прыводзіцца прыклад уніі, як царквы, дзе яны адбываліся (гл., напрыклад, артыкул С. Марозавай “Моўная палітыка і практыка уніяцкай царквы ў Беларусі”. Зб. “З гісторыі уніяцтва ў Беларусі”, Мн. 1996, стар. 110). Але ні ў названым артыкуле, ні ў якіх іншых няма аніводнага доказу гэтаму сцвярджэнню. Каб узяць, скажам, “Херувімскую” і пачаць спяваць яе па-беларуску... Не так гэта і проста, і вельмі не проста. У большасці ж крыніц сцвярджаецца, што набажэнства уніяты праводзілі на царкоўнаславянскай мове. І толькі ў апошнія гады існавання уніі, перад раздзелам Рэчы Паспалітай, набажэнства ў уніяцкай царкве значна адыходзіць ад традыцыйнага, але не на карысць беларускай мовы, а польскай.