Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Кнігазбор
- ISBN: 978-985-7007-66-0
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула». Краткое содержание книги:
Мой папярэднік на ролі “глабальнага здрадніка” павесіўся. Другога задушыў адзін з вязьняў. Двое іншых зламаліся, пачалі сапраўды ўсіх здаваць. І зрабіліся непрыдатнымі для эксьперыментаў. Пра гэта мне сам жа Касіянаў і распавёў, калі мяне першы раз запхнулі ў ягоны “Форд”.
Таварыш Касіянаў — чалавек недурны. Гісторыю добра ведае. Напрыклад, дэвіз інквізітараў: “Прымусь іх увайсьці”. Гэта значыць, грэшнікаў — у Горад Нябесны. Думаеце, для чаго ерэтыкоў палілі? Каб пакараць? Не. Лічылася, што пакутлівая сьмерць можа ачысьціць бедныя грэшныя душы і даць ім магчымасьць патрапіць на нябёсы. Вось і Касіянаў браўся давесьці, што, па-першае, любога, самага спакутаванага, вязьня можна прымусіць шчыра палюбіць свайго ката, падсунуўшы яму іншы аб’ект для нянавісьці. А па-другое, што любога, самага зацятага, ворага можна прымусіць пайсьці на службу “рэвалюцыі”, дакладней, карным органам. Дастаткова, каб усе паверылі, што ён ужо шчыра супрацоўнічае. Каб ён напачатку звык да пагарды. А пасьля і ганарыцца пачне. А яшчэ карысна, калі вязьню даюць магчымасьць выступіць у ролі ката. Для гэтага “глабальны здраднік” у якасьці “пасіўнага аб’екта” падыходзіць як мага лепей.
Так здарылася, што падчас першага блізкага знаёмства з Касіянавым у суседнім кабінеце знаходзіўся Нічыпаровіч. Касіянаў выклікаў яго дзеля гістарычнай кансультацыі — якраз дзейнасьць інквізіцыі яго і цікавіла. Прэцэдэнты ў Вялікім княстве Літоўскім. Ён жа, навалач, навуковую працу на падставе сваіх досьледаў піша. І выпадкова акадэмік пачуў нашу з Касіянавым… трохі аднабаковую размову. І, падобна, застаўся ўражаны. Потым, калі мяне выпусьцілі, Нічыпаровіч даў слова ніколі нікому не расказваць пра тое, што даведаўся. Нянавісьць я перажыву. А вось пагардлівую шкадобу… Ды лепей здохнуць.
Ну і як, вы задаволены маім расповедам? Напэўна, атрымалі вялікую насалоду? Вам жа толькі гадасьці і падабаюцца. Нервы казычуць.“
Даліла ў адказ прамаўчала.
Па-за гульнёй-5
Жоўтае лісьце падала на магілы гэтак ціха, нібыта баялася кагосьці тут пабудзіць.
Але нас наўрад маглі б напалохаць нябожчыкі.
Тым болей, адзін з іх ішоў разам з намі.
Спадар Валяр’ян у сваім доўгім чорным паліто (якое насамрэч, як выявілася, належала аднаму са сьледчых) на фоне крыжоў, мокрых чорных дрэваў і золата лістоты нагадваў не кажана, а крумкача — яшчэ нядаўна іх тут было, як пчолаў ля вульля. Пякельных пчолаў Тартарава вульля.
Дачка Далілы Віка весела наразала кругі па сьцежках, а дзе й і па закінутых магілах, раскідваючы ножкамі ў чырвоных боціках кучы лістоты — ганяла “шуршыкаў”.
Дзеці не баяцца пабудзіць нябожчыкаў. А што малым? Яны і так жывуць у сьвеце міфаў, і вераць, што іх лялькі па-за вачыма гаспадароў рухаюцца, размаўляюць, жывуць сваім жыцьцём… Дарослы пры адной думцы пра такое не заснуў бы ад жаху.
Час ад часу Віка падбягала да дзядзькі ў чорным паліто, каб задаць вельмі сур’ёзныя (гены сказваюцца!) пытаньні. І пачуць ад дзядзькі таксама вельмі сур’ёзныя, паважлівыя адказы…
Даліла, якая ішла наперадзе ўсіх нас, на самоце, незадаволена азіралася.
А вось Макс шпацыраваў цалкам задаволены — нядаўна Скаловіч вычытаў пару ягоных артыкулаў і дадаў гэткія каларытныя дэталі ( вядома, бязьлітасна раскрытыкаваўшы прымітыўны стыль, ненавуковы падыход і малаабазнанасьць аўтара), што публікацыя абяцала выбухнуць маленькай сенсацыяй.