Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
Людзі, можа, гэта не асэнсоўваюць, асабліва калі іх справакаваць на гэтае неасэнсаваньне. Каб зрабіць гэтую працу з чарнобыльскім мысьленьнем, трэба быць свабодным чалавекам, трэба мець унутры сябе тэрыторыю гэтай свабоды. Сёньня мы гэтага ня маем. Але мяркую, што мы ўсё ж першымі асэнсавалі, што будучыня — не такая, пра якую казалі героі Чэхава, што праз сто гадоў жыцьцё будзе прыгожым і чалавек будзе цудоўным. Праз 100 гадоў — Чарнобыль, ГУЛАГ і ўсё астатняе, што з намі адбылося. Мы вучым іншы сьвет, як ня трэба жыць. Гэта — нашае наканаваньне. Гэта — пастка нашай культуры, але ў мяне ёсьць надзея, што Чарнобыль павінен вызваліць чалавека. Нам дадзена гэтае выпрабаваньне, каб мы яго прайшлі. Незразумела, чаму першыя павінны гэта прайсьці мы — найменш падрыхтаваныя да гэтага. Можа, таму, што мы такая нявінная, дзіцячая нацыя, можа, таму нам дадзенае такое выпрабаваньне.
Чарнобыль для нас — гэта сапраўды Чарнобыльскі шлях, гэта вельмі доўгі шлях. Усе гэтыя нашы палітычныя баталіі, усе гэтыя сувэнірныя асобы, якія зьяўляюцца на нашай зямлі, са знакам плюс ці мінус — з пункту гледжаньня радыенуклідаў, якія жывуць тысячы гадоў, усё гэта пыл і нікчэмнасьць. Але мы павінны пачаць гэтую інтэлектуальную працу. Можа, хоць бы зьбіраць міты, веды, сапраўдную праўду. Гэта вельмі доўгі шлях. Чарнобыль — гэта наш лёс.
8 сьнежня 2006
Экс-кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін быў арыштаваны 25 сакавіка 2006 г. у часе масавага шэсьця супраць фальсыфікацыі выбараў, затым быў асуджаны на 5,5 гадоў. У калёніі «Віцьба-3» абвясьціў галадоўку.
Алексіевіч: Казулін пайшоў далей за нас усіх, ён хоча пайсьці да канца. Я мяркую, што ён — апошні прадстаўнік савецкага ідэалізму. Ягонае ўяўленьне пра барацьбу, пра формы барацьбы — яны сілкуюцца ідэаламі мінулага. І я б хацела сказаць, што гэта трагедыя– і нашага руху, і асабіста Аляксандра Ўладзіслававіча. І я б хацела яму сказаць, што час зусім іншы. Мяняюцца спосабы барацьбы. Сёньня мужнасьць патрэбная для таго, каб раней за іншых нешта сфармуляваць, зразумець, нарадзіць ідэі. Час Сьценькі Разіна, час вулічных герояў — ён прайшоў.
Я не хачу прынізіць подзьвігі тых людзей, якія выйшлі на наш беларускі Майдан, сілкуючыся водблескамі ўкраінскага пажару. Але я думаю, што сёньня патрэбныя іншыя мэтады барацьбы, мэтады паступовага будаўніцтва — партыяў, супраціву, ідэяў.
Казулін уварваўся на палітычную сцэну, для мяне ён быў супрацьвагой нашай плебейскай уладзе, яе прымітыўнасьці. Такіх людзей, як Казулін, вельмі няшмат. Я хацела б сказаць Аляксандру Ўладзіслававічу — ня трэба адчайвацца. Ягоны крок прадыктаваны адчаем, што нельга зламаць гэты мур, што людзі маўчаць, што ў той час, калі Вы гінеце, яны робяць рамонт, будуюць дамы, купляюць новую машыну.
Паколькі каналы інфармацыі закрытыя, манапалізаваныя — ягоны ціхі подзьвіг ня будзе вядомы. Гэта павінна быць відовішчам, а відовішча закрытае. Тое, што яму здаецца, што ён пракрычыць сьвету — гэта будзе задушаны крык, яго не пачуюць.
Сёньня патрэбная іншая мужнасьць, мужнасьць выжыць, мужнасьць прыйсьці да людзей і потым сабраць нейкую сваю каманду і пакрысе падточваць гэта. Гэта — не асабістае Лукашэнкі, гэта сядзіць у кожным чалавеку. Рэвалюцыю трэба зрабіць у галаве кожнага чалавека.
Я жыву ў тым самым доме, у тым самым пад’езьдзе, дзе Казулін. І я часта бачыла яго шчасьлівым: дзьве прыгожыя дачкі, ягоная жонка — было бачна, што там каханьне, заўсёды было радасна іх бачыць. Можа, героі рэвалюцыі, якая ў нас усё ніяк не адбудзецца, са мной не пагодзяцца, і, можа, Аляксандар Уладзіслававіч са мной не пагодзіцца, але я скажу: маленькае жыцьцё, Ваша асабістае жыцьцё, жыцьцё Вашых дзяцей — вышэй за тыя мэты, якія Вы ставіце. Ня трэба сьмерцю акупляць новыя ідэі. Толькі жыцьцём. Вяртайцеся да жыцьця! Адчай нам не памочнік.
Аляксандар Казулін спыніў галадоўку, якая доўжылася 52 дні, 11 сьнежня 2006 году.
31 траўня 2007
Алена Струвэ, Менск
Пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч, якая апошнім часам жыве і працуе ў швэдзкім Гётэборгу, прыехала ў Менск на вакацыі. Тут яна зьбіраецца працягнуць працу над кнігай «Дзівосны алень вечнага паляваньня» і завяршыць кнігу «Час second-hand». Пісьменьніца мяркуе сустрэцца зь некаторымі героямі сваіх будучых твораў і запісаць іхныя споведзі. Сёньня ў Сьвятланы Алексіевіч дзень народзінаў. Яго яна зьбіраецца сустрэць у сваім вясковым доме, у вузкім коле блізкіх людзей. Мы гутарым пра такую падзею, як дзень народзінаў. Ці правільна віншаваць з гэтым чалавека, які да свайго нараджэньня ў прынцыпе ня мае ніякага дачыненьня? Як ставіцца Сьвятлана Алексіевіч да сьвяткаваньня гэтай падзеі і да цяперашняй канкрэтнай даты?