Натуральная афарбоўка
- Автор: Бахаревич Ольгерд Иванович
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Натуральная афарбоўка». Краткое содержание книги:
— А я падумала, пісталет,— з палёгкай прамовіла прыбіральшчыца, зірнуўшы на скрутак зблізку.— Ды не крычы ты, хлопец... Вось ён, тутака. Заходзь вось сюды, там Васіль Васілій у канцы калідору сядзіць, гарбату п'е з сакратаркаю.
Усё. Пасьміхнуўшыся, зь цяжкасьцю вытрымліваючы патрэбную адлегласьць між вейкамі, Стах няцвёрдым крокам рушыў да дзьвярэй. Ліхтар над ганкам ласкава папляскаў яго па плячы. Усё. Цяпер — толькі да прахадной.
Удар ззаду па патыліцы быў вытанчаны й мастацкі.
Ачомаўшыся, Стах знайшоў сябе на круглай паляне, прывязанага тросам да тоўстага слупа. Вакол стаялі людзі ў спэцоўках, ды й знаходзіўся Стах, безумоўна, на прадпрыемстве — на няроўным даляглядзе выразна віднеўся характэрны профіль галоўнага канвееру, а калі глянуць направа — плаўныя, жаноцкія абрысы ЦТСЛ.
— Прывядзіце Галіну Ігнацьеўну! — скамандаваў адзін з мужыкоў, па ўсім відаць, брыгадзір. Не мінула й хвіліны, як з-за ялінак (якія ялінкі? не было тут ніякіх ялінак) некалькі маладзёнаў, асцярожна ступаючы па закіданай нейкім ламаччам зямлі, вывелі старую індыянку, зморшчаныя грудзі якой боўталіся пад падбародзьдзем, нібы амулеты.Яе клапатліва правялі праз паляну й паставілі перад Стахам. Ён зірнуў са страхам у яе вочы. З пустых вачніцаў яму адказала сустрэчным позіркам справядлівасьць.
— Просім цябе, дарагая ты наша Галіна Ігнацьеўна, правер гэтага бледнажопага.
Кашчавая рука лягла на Стахаў твар. Стах чакаў, што яго зараз званітуе. Не, гэта было ня так гідка, толькі козытна. Ён з радасьцю ўсьвядоміў, што скрутак усё яшчэ ў руцэ, заціснуты ў кулаку, нябачны для тых, хто паланіў яго, Стаха, у гэты вар'яцкі вечар. Стах пачаў раскалупваць канцом дроту трос, і той паддаўся — зь неахвотаю, але паддаўся. Галіна Ігнацьеўна засланяла ягоныя маніпуляцыі ад прысутных, і ўсё гладзіла, вывучала, дасьледвала шурпатую скуру Стахавага твару мілімэтар за мілімэтрам.
— Ня ён.
У тое ж імгненьне Стах сарваў путы, піхнуў старую нагой у жывот, войкнуў ад болю й пабег да ялінак. Яны апынуліся паркавым сквэрам, дзе калісьці. Кал. Лісьце. Калісьці на... Сьвяціла ісьціна, цяпер калісьціна. Прадпрыемства ў іншым баку. А можа, кінуць тут гэты скрутак гробаны і паперкі ў сьнег. Яны пусьцілі сабакаў... і вось жа трамвай. У горадзе не дагоняць. Але Антоныч, і Дзеленстап Каўкомавіч, і Цыцка, і Сьняжана, і Мурло з Бурцэвічам, і Васіль Васіліч — добры ж, мусіць, мужычоккк... Зь імі як быць? Стах рэзка павярнуўся й з той жа хуткасьцю памкнуў насустрач перасьледнікам. Бо ў тым баку прадпрыемства, а ў гэтым, блін, што? Васіль Васіліч атрымае свой дрот. Свой дрот і свае паперкі. Пераследнікі заўважылі яго й зьбянтэжана прыпыніліся.
— Во фарба дзейнічае,— з зайздрасьцю сказаў Цыцка.— Мне б так...
— Шанцуе дурням маладым,— падаў голас Бурцэвіч, набіраючы ваду ў малянкоўскую шклянку, кожнае рэбра якой поўнілася зімовым сонцам.— Успрыімлівы які хлопец.
— Якая белая... белая прыгажосць,— нахіліўшыся над тварам, прашаптала гучна Сьняжана, засаромелася ды адыйшла ў куток — вачэй не адвяла.
— Вось каго Яна... абрала,— самому сабе прамовіў Кірыла Антоныч.— Я верыў, мужычкі, я ведаў. Ёй жыць трэба, а мы... Прабрала хлопца. Далібог, прабрала. Цыцка, накрывай на стол. Пасьля такога працаваць грэх.
У самым пачатку дваццаць першага стагодзьдзя (на тысячу кілямэтраў вакол ні карэйцаў, ні кубінцаў), у цесным пакойчыку для маляроў („Тата, а хто такія будзёнаўцы?”) сядзіць малады чалавек (які здольны падрабязна патлумачыць, што такое структуральны аналіз паэтычнага тэксту) зь дзіўным мяном Стах і робіць сьценгазэту. Збляднелы, з запалымі вачыма, на якіх ярка-чырвоным выдзеленыя маршруты сьледваньня цяжка нагружаных цягнікоў, што праносяцца праз палярную ноч у ягонай галаве. На стале творчае бязладзьдзе, карнавальнае шэсьце рознакаляровых алоўкаў, гумовым пылам прысыпаная прамакатка, намагаюцца разагнуцца скамечаныя лісты, варушацца, лежачы на стосе чыстай паперы. Самае складанае тут прыстасаванне — Стахава асадка, яна нацэленая Стаху ў сэрца — годная сьмерць. Як на кожным гуляньні, тут маецца свой жабрак, гэта просты аловак, на якім марудна астывае пот Стахавых пальцаў — ён, як звычайна, марна просіць падаць яму хаця б якую міласьціну — колерам або лязом. Стах працуе натхнёна й велічна, у вачох ягоных адбіваюцца зусім іншыя дзьверы, і зусім іншыя вокны дораць яму ачмуральныя краявіды. Даўно ён не атрымліваў такога задавальненьня ад жывапісу. Стах зараз — нешта сярэдняе паміж Хрыстом і прынтэрам „Лексмарк”. У кішэні ягонай — пісьмовы дазвол застацца на прадпрыемстве пасьля заканчэння працоўнага дня, выдадзены Кірылам Антонычам.