Натуральная афарбоўка
- Автор: Бахаревич Ольгерд Иванович
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Натуральная афарбоўка». Краткое содержание книги:
— Ты ня ведаеш,— сказала яна, калі запас словаў Стаха скончыўся.— Ня ведаеш, чаму я гэта пішу. Юрка мне здраджвае. Прычым адразу з дзьвюма бабамі. Проста як у кіно, а?
Тая нэрвова ўсхліпнула, пагасіла цыгарэту й тут жа запаліла яе наноў.
— Я прыйшла неяк у клініку, да свайго доктара, там дзьве дзеўкі такія сядзяць. Сядзім, трэплемся... Яны мне пра мужыкоў сваіх давай распавядаць. Слухаю, прыкалваюся, потым разумею...
Яна сьціснула ў кулаку кубачак, потым нагбом укінула ў сябе гарачую каву, скрывілася й працадзіла:
— Гэта мой Юрачка. Муж мой, блін, Юрачка-чэляс. Кабель сраны. Не магу. І тады я вырашыла, ведаеш, яно неяк само прыйшло, што адпомшчу менавіта так. Па-мойму, гэта страшна, калі зь цябе зрываюць усе твае таямніцы. Любы чалавек хоча мець асабістае жыцьцё, такія, ведаеш... ну, такое, каб туды ніхто не суваўся...
Стах слухаў, не адрываючы вачэй ад чытаньня, хітаў галавой, пазногцем падкрэсьліваў памылкі.
— Так жа? А пра тое, чым яго ванітуе, даведаюцца тысячы людзей. Хай падае потым у суд.
Тая ціха засьмяялася.
— Ты вось пісьменьнік, вазьмі й напішы пра гэта раман цэлы. А мая кніжка будзе такая... невялікая, і пра сапраўднае жыцьцё, пра жывога вось такога Юрачку. Я памятнік яму пастаўлю нерукатворны.
— Твая кніга будзе дакумэнтальная,— мэлянхалічна сказаў Стах.
— У цябе няма на прыкмеце выдаўца добрага? І ўвогуле, скажы мне што-небудзь яшчэ пра маю кнігу.
— Я ж сказаў ужо.
— Яшчэ.
Стах паклаў лісты ёй на калені.
— Добра. Калі шчыра, напісана досыць прыстойна, але... Вось ты мужа апісваеш. Ну і што. Атрымліваецца характарыстыка. Вялікая, падрабязная, але характарыстыка. Каго будзе цікавіць апісаньне нейкага левага мужыка, такое падрабязнае. Табе трэба дадаць сюды літаратуры. Прыгажосці. Мэтафараў, параўнаньняў. Эпітэтаў. Тропаў. Гіпэрбалаў.
— Чаго-чаго?
— У цябе мала ў кнізе прыметнікаў, ды й тыя, што ёсьць, нейкія аднастайныя, прымітыўныя. У цябе няма дынамікі, сюжэту, аповед не разьвіваецца, стаіць, як... замерзлая лужына.
„Добра сказаў,”— пахваліў Стах самога сябе й прадоўжыў:
— Трэба, каб чытач убачыў у тваёй кнізе разынку, тое, што адрозьнівае яе ад іншых кніг. Мы ўсе, людзі пішучыя, шукаем у сваёй творчасьці новых багоў і потым даем іх чытачам, каб тыя стваралі новыя рэлігіі. Людзі, якія сімпатызуюць якому-небудзь...
— Багоў? — рэзка перапытала Тая, на твары якой ужо даўно блукала нязгодная ўсьмешка.— Я раскажу табе пра прыроду белізны. Хочаш ведаць, як выглядае бог? Рэальны бог? Я зь ім знаёмая, і, калі хочаш ведаць, усе пісьменьніцкія й іншыя багі перад ім проста дзіцячыя лялькі. Блін, Стах, я распавяду табе, бо такім наіўным юнакам, як ты, даўно трэба прачысціць мазгі.
— Вельмі цікава,— пасьміхнуўся зьедліва Стах.
— Бога, які кіруе ўсім, міласэрнага і ўсёмагутнага, завуць Аляксандр Барысавіч Радзівіл. Яму трыццаць тры, ён старшыня камітэту па эканамічнай... ці не, па... ня памятаю... карацей, нейкага крутога ўрадавага камітэту. У яго тры кватэры ў горадзе, адна на плошчы Цанавы, і лецішча тут недалёка, за чыгункай. Мой Юра на яго працуе. Я нават была ў Радзівіла ў гасьцёх. Раз ці два. Ён інтэлігентны вельмі, мілы такі чалавек, так. Нежанаты, дзяцей няма. Шкада, што я не ў ягоным гусьце. А так — стаць каханкаю бога... Нармалёва?
— І хто ж яго абраў на такую пасаду? Выбаршчыкі Ленінскага раёну? Або прызначыў Саўмін? Насмяшыла.
— Дурны ты лапаць. Калі б ня ён... І яшчэ. Хаця хопіць на цябе інфармацыі. Давай сюды кнігу.
Яна рушыла да дзьвярэй, спынілася ў іх, павярнулася.
— Калі ўсе такія ж як ты, то я не зьдзіўляюся, што Радзівіл...
Стах пайшоў за ёй, але Тая ўжо выйшла ў цемру двара.
— Мы ўбачымся ў наступную суботу?— крыкнуў ён, не асабліва спадзеючыся атрымаць адказ. Але калі Стах ужо зачыняў дзьверы, яму пачулася аднекуль з-за плоту: „Можа быць”.
Можа быць.
Сьценгазэта атрымалася нават лепей, чым Стах меркаваў. На яблычнага колеру полі рэльефна праступалі абрысы заводзкіх карпусоў, зь якімі гарманічна спалучаліся разьмешчаныя па кутох малюнкі. У правым верхнім куце знаходзілася выява прымацаванага да дошкі аб'яваў ліста, дзе друкаванымі, стылізаванымі пад гатычны шрыфт літарамі былі пазначаныя асноўныя этапы гісторыі разьвіцьця на прадпрыемстве малярскай справы. Насупраць Стах памясьціў уласнаручна выкананыя партрэты калегаў. Пазнаць па іх, хто ёсьць хто, было складана — Стах зрабіў партрэты ў кубістычнай манэры, але давялося ўсё ж па просьбе Кірылы Антоныча паставіць пад кожным малюнкам прозьвішча ды ініцыялы. Кірыла Антоныч, дарэчы, сябе пазнаў, што, па шчырасці, не зьдзіўляла — ягоная выява зьяўлялася самай вялікай. Навогул, калі Стах запытаўся ў брыгадзіра, ці даспадобы таму газэта, брыгадзір вымавіў нешта незразумелае й толькі пасьля ўдакладніў: „Перарабляць няма часу.” А вось Мурло, які займаўся ў брыгадзе гэтай справаю да Стахавага прыходу, выказаўся больш пэўна: „Гаўно”. Памянёнае слова Мурло любіў, прамаўляў яго заўжды са смакам, даводзячы да дасканаласьці мярзотнасьць кароткага й дурнога „ў” у сярэдзіне. Цяпер жа гэтае слова прагучала асабліва брыдка. „Зайздросціць,”— падумаў Стах з асалодаю. „Упершыню ў жыцьці маім мне нехта зайздросціць.” Такім чынам, у левым верхнім куце ціснуліся да партрэта брыгадзіра, як кураняты да мамкі, партрэты маляроў. А ў ніжнім правым куце Стах намаляваў ружу вятроў. Навошта, ён бы й сам ня здолеў патлумачыць — проста яму зь дзяцінства падабалася выводзіць яе трапяткія, пругкія лініі, гадаваць выгіны... усе школьныя сшыткі былі запоўненыя такімі ружамі. І нарэшце правы верхні кут займаў партрэт Сьняжаны. Аголеная, напісаная са спіны бліскучай сіняй тушшу, яна стаяла на немудрагелістым белым шары й задуменна вывучала, апусціўшы долу вочы, вялізны й махнаты, нібы экзатычная кветка, пэндзаль у сваёй руцэ. Сама Сьняжана не здагадвалася, што менавіта яе партрэт будзе ўпрыгожваць малярскую сьценгазэту, для яе, відавочна, правы верхні кут быў адно хаатычным нагрувашчваннем плямаў. Стах займеў яшчэ адну таямніцу й цяпер пасьмейваўся, прыхопліваючы сьценгазэту да фанэрнага шчыта,— як бы вішчала Сьняжана, калі б ведала, у якім выглядзе ўбачаць яе тысячы калегаў. І як бы рагаталі тысячы калегаў, калі б даведаліся, чый гэта партрэт на шчыце адкрыты кожнаму позірку.