Натуральная афарбоўка
- Автор: Бахаревич Ольгерд Иванович
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Натуральная афарбоўка». Краткое содержание книги:
— Як казаў Язэп Бэндэр, мне спатрэбіцца ад вас, Шура, мноства дробных паслугаў,— падняўся нарэшце Кірыла Антоныч і пасьміхнуўся, што бывала зь ім ня так ужо часта. Але ўсьмешка тут жа згасла.— Калі сур'ёзна, Стах, справа вось у чым. Будзь такі ласкавы, аднясі вось гэтыя паперы (паперы пацьвярджальна зашаргаталі ў мазолістай дзядзькавай далоні) Васіль Васілічу ў экспэрымэнтальны цэх. Вельмі трэба. Згодны? Няма каго больш пасылаць, ты ж у нас самы малады. Заадно й з прадпрыемствам бліжэй пазнаёмішся. Дабро? Цэх ведаеш дзе? Ён далекавата, давай патлумачу.
Кірыла Антоныч задумаўся. Ён доўга стаяў, хмыкаючы, глядзеў на Стаха з сумненьнем, потым пачаў крэсьліць нагой па засыпанай пілавіньнем падлозе. Аднак неўзабаве крык незнаёмага чалавека ў скураной куртцы, які палову дня тырчэў разам з малярамі, раз-пораз уводзячы Кірылу Антоныча для інтымнай размовы ў чырвоны куток, ня даў дзядзьку дамаляваць схему маршруту.
— Выйдзеш, пройдзеш уздоўж вялікага вунь таго... белага... ну ты ведаеш,— таропка прамовіў ён, падштурхоўваючы Стаха да выйсьця,— Там налева, да брамкі... там брамка будзе... і спытаеш, дзе экспэрымэнтальны. Вельмі цябе прашу, зрабі.
Стах паставіў на мейсца пэндзаль, уздыхнуў, схаваў у кішэню паперы й рушыў да дзьвярэй.— Э, стой! — Кірыла Антоныч зноў бег да яго.— Вазьмі! яшчэ гэта Васілічу перадасі, асабіста ад мяне. Ну' давай!
Нацягнуўшы каўнер курткі на самыя вушы, Стах выйшаў на вуліцу й пакрочыў міма доўгага й белага, нібы самалётны ангар, будынку насустрач невядомаму экспэрымэнтальнаму цэху — таемнаму месцу, дзе прадукцыя прадпрыемства праходзіла першыя апрабаваньні. У левай кішэні пытальнікам выгнуліся загадкавыя й, відаць, вельмі важныя дакумэнты ў мутным цэляфане, правая кішэнь зьмясьціла ў сябе скрутак тоўстага дроту, адзін з канцоў якога пагрозьліва тырчэў і паколваў лёганька Стахаў бок. Ужо празь некалькі мэтраў скрутак вываліўся з кішэні й востры канец нібы стрэлка компасу ўпэўнена ўказаў накірунак. Стах падняў яго, схаваў на месца й вырашыў прытрымліваць рукою. Тым ня менш Стах яшчэ не дайшоў да тых вялізных дзьвярэй, якія дзялілі будынак амаль напалову, як дрот нейкім неверагодным чынам здолеў пралезьці між зьмерзлых Стахавых пальцаў і зноў ляпнуўся ў салёны брудны сьнег. Стах нахіліўся...
— Правільна, у гаспадарцы ўсё прыдасца,— пачуў ён голас за сьпінай.
Гэта была Сьняжана, маляр зь іхняй брыгады — дзіўна, як гэта Стах яе не заўважыў. Ад першага дня Стахавай працы тут яны гулялі ў лёгкі флірт, яна заўсёды старалася гаварыць яму ў тон і пастаянна млява мружылася, рухаючы ненармальна вялікімі вейкамі, калі Стах апынаўся ў межах бачнасці. Па шчырасці, Стаху яна была зусім не даспадобы: высокая, габарытная, фарбаваная бляндынка з абавязковымі залатымі зубамі ў куточку барвовага роту, аматарка складваць губы марскімі вузламі, якія сама Сьняжана лічыла нявіннымі банцікамі, уладальніца сотні, ня меней, высачэзных ботаў і пэрспэктыўных грудзей. Сьняжана ў вачох Стаха, зрэшты, мела і адну вельмі прывабную рысу — зь ёй заўжды было лёгка. Яна з задавальненнем смяялася ўсяму, што б ні прамовіў Стах, і гэта давала яму зманлівае, але надзвычай прыемнае адчуванне таго, што ён здольны ачароўваць жанчын адной толькі размоваю — варты павагі талент, якому пазайздросціў бы сам генэральны дырэктар. Самым жа каштоўным у Сьняжане было тое, што яна зьяўлялася жанчынай, маладой жанчынай з усімі неабходнымі атрыбутамі спераду, зьнізу і ззаду,— марай маляра.
— Тваё ймя пасуе надвор'ю,— сказаў Стах, падымаючыся й выціраючы скрутак дроту аб нагавіцы. Ён мог бы сказаць і што-небудзь яшчэ больш пазбаўленае сэнсу — Сьняжана зарагатала так, быццам сам Леанарда Дзі Капрыё вырашыў пацалаваць ёй пятку. Затоўкваючы сьмех назад у горла, яна сказала празь слёзы:
— Я бачу, зь цябе добры гаспадар выйдзе... А ты ў нас герой, аказваецца, у газэтах пра цябе пішуць. Антоныч паказваў...
Стах пагардліва пасьміхнуўся, адвёў вочы й нечакана ўшчыпнуў яе за сьцягно. Няўдала пераступіўшы бялелую пад нагамі лужыну, ён рушыў далей. За сьпінай было ціха. Пакрыўдзілася, падумаў ён лянотна. Стах узгадаў, як пабачыўшы іх са Сьняжанаю разам, Дзеленстап Каўкомавіч заявіў праз Цыцку: „Я патрабую камсамольскага вясельля!” Хахмач стары... Якая істота ў сьвеце няшчасьнейшая за жанатага мужыка? Хіба што мужык, які жаніўся ў другі раз. Бяспраўная істота для здабываньня грошай. Не, творчы чалавек мусіць быць адзін, бо мусіць быць вольны. Так, вольны.