Натуральная афарбоўка
- Автор: Бахаревич Ольгерд Иванович
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Натуральная афарбоўка». Краткое содержание книги:
Гэткім чынам думкі Стаха лягічна прыйшлі да ягонай каханкі, гэтай дзіўнай, чэрствай васьміклясьніцы, ад аднаго вобразу якой Стаху апякала ніз жывата салодкаю хваляй, а на запясьцях ажывалі калючыя дрыжыкі. Незвычайную ж узнагароду атрымаў ён за творчыя пакуты... Рызыкоўная гэта справа. Хто ведае, што ў яе за муж? Толькі б не катаваў, толькі б забіў адразу. А, будзь што будзе. Не адмаўляцца ж ад шчасьця, калі яно само рассоўвае перад табой ногі... Галоўнае — ня думаць. Ня думаць, а браць. Браць пакуль даюць.
Разважаючы, Стах дабраўся ўрэшце да рогу вуліцы й павярнуў, як і было прадпісана, налева. Удалечыні сапраўды жаўцела брамка. Запаліўшы, каб скараціць шлях, і схаваўшы цыгарэту ў рукаў, ён накіраваўся па падступным сьнезе туды. За брамкаю стаў відзён аднапавярховы дамок, за ім узвышаліся цёмныя нагрувашчаньні карпусоў. Хутка ён дасягнуў мэты, брамка безь перашкодаў паддалася, нават ня рыпнуўшы. За ёю пачынаўся абсалютна незнаёмы раён прадпрыемства, куды Стаха яшчэ ніводнага разу не закідвала малярская неабходнасьць. Ля дому разьмяшчаўся невялічкі парк, праз краты пацепаных дрэваў было відаць мокрую няўтульную альтанку з таблічкай „Месца для курэньня”.
Трохі больш пасьпешліва, чым было трэба, Стах наблізіўся да дому ды расчыніў дзьверы. За круглым сталом каралі, дамы, вальты розных масьцей, падобныя на актораў пагарэлага тэатру, гулялі — моўчкі й засяроджана — у групу рабочых, адзін зь якіх павярнуўся да Стаха, і астатнія адразу ж навісьлі над сталом, таропка запамінаючы чужыя карты.
— Не падкажаце, дзе экспэрымэнтальны цэх знаходзіцца?— нерашуча запытаўся Стах.— З-зачыні дзьверы, дзьме!— гістэрычна выгукнуў нехта з гульцоў.
— Экспэрымэнтальны?— перапытаў той, што павярнуўся. На гэтым размова скончылася. Гульцы працягвалі свой занятак, нібы ніякага Стаха ў дамку не было, нібы ніхто не ўскалыхваў тут густое паветра, якое, нібы фарба, мазала сьцены халоднай сьлізкай жоўцю. Маркотна пазіралі ў вакно выцвілыя кінаакторкі, развешаныя па кутох. Ссохлы памідор на падваконьні дадаваў няўтульнасьці памяшканню, фаталізмам патыхалі нерухомыя, сцятыя сьпіны мужчынаў, бязрадаснай і маўклівай, як папраўчыя работы, выглядала іхная гульня. І нават шыльда на супрацьлеглай сьцяне, якую Стах заўважыў толькі цяпер, натхняла чамусьці на думкі пра марнасьць чалавечага йснаваньня: „Газакампрэсарная станцыя № 031. Адказны за пажарную бяспеку Карніюк П. Л.” Стаху невыносна, да сьлёзаў, захацелася дахаты. Як школьніку малодшай школы, на якога павысіла голас маладая настаўніца. Ён уздыхнуў і наважыўся было выйсці. Але адзін з гульцоў падняўся, расчаравана шмякнуў калодаю пад носам у другога й прамовіў:
— Пачакай, я табе зараз пакажу... Зараз. Зараз пакажу.
Рабочы нацягнуў доўгія, да каленяў гумовыя боты, сарваў з прыадчыненай дзьверкі шафы плашч і паманіў Стаха рукой — сюды. Ён прайшоў да супрацьлеглай сцяны, і о цуд!— як часта гэта ўжо бывала са Стахам на прадпрыемстве, у сьцяне, што падавалася гладкаю й суцэльнаю, адчыніліся нечакана вузкія дзьверы.
За імі, як высветлілася, знаходзілася алея, зусім пустэльная, калі не лічыць крумкачоў у чорным спэцадзеньні, што праводзілі паседжаньне цэхавога камітэту. „За мной,”— махнуў рукой Стахаў праваднік і хуткай хадою рушыў наперад. Над алеяй, прыціскаючы сваімі груваздкімі ценямі да зямлі чэзлыя дрэўцы, урачыста навісалі пакрытыя ўнушальным нагарам будынкі. Пад нагамі шалясьцеў падобны на попел шэры сьнег. Недзе на ўзроўні пятага паверху муры сьвяціліся маленькімі байніцамі вокнаў. Будынкі раз-пораз перамаўляліся між сабою гулкім сланоўім енкам. Праваднік Стаха амаль бег, не абарочваючыся. Імкнучыся не глядзець уверх, Стах ледзь пасьпяваў за ім. Зьнянацку ў Стаху ўладна й хамавіта загаварыла стома. Адкуль яна ўзялася... Здаецца, не рабіў жа сёньня нічога адмысловага. Дахаты. Хутчэй бы дабрацца да ханаану сваёй канапы, да мяккай мацярынскай рукі на ілбе, да калюмбавай індыі гарачай вячэры. Праваднік ляцеў ужо са спрынтэрскай хуткасьцю. Відавочна, ён намерваўся ўцячы ад Стаха, але чамусьці не заварочваў, хаця такая магчымасць у яго была: час ад часу гэтыя карабельныя астовы абапал дарогі шчэрыліся цёмнымі паваротамі, дупламі калідораў, неасветленых порцікаў, адчыненых няхітрымі і ад таго яшчэ больш жудаснымі пасткамі дзьвераў, што вялі невядома куды. Вечар апускаўся на безнадзейную зямлю. Будынкі вакол станавіліся ўсё вышэй — сапраўдныя хмарачосы, аброслыя бранёю, дарога штокроку вузела. Стома параіла Стаху павярнуць, і ён болей ня змог працівіцца, на імгненьне спыніўся, азірнуўся назад, укамянеў. Той дамок, адкуль яны выйшлі невядома колькі хвілінаў таму, відаць не было, будынкі абапал дарогі амаль судакраналіся. Стах павярнуўся ў ранейшым накірунку — прыпыненьне дорага яму каштавала, праваднік далёка наперадзе цяпер хіба ўгадваўся, а мо, і тое была ілюзія. Але Стах вырашыў працягваць шлях. Ён паспрабаваў бегчы хаця б зь мінулай хуткасьцю, але тут яму не пашанцавала. Скрутак дроту выпаў з кішэні й зьнік на нябачнай зямлі. Ілюмінатары цахоў сьвяцілі на зьдзек высока. Стах апусьціўся на калені й перапэцкаў рукі ў нечым цягучым. „Ну што, лох,”— дакараў ён сябе, поўзаючы па шорсткім дне гэтай высачэзнай каменнай пасткі, як жук, кінуты дзеля забавы ў паштовую скрыню. „Ты думаў, што ўжо ведаеш больш-менш прадпрыемства, што пазнаёміўся з працаю ісьцінных пралетараў? Доўбня. Індзеец, панімаешты, таксама думаў.” Крыўляючыся гэткім чынам, ён міжволі пасоўваўся бліжэй да сцяны аднаго з будынкаў, на якой бледна выдзяляліся дзьверы з цьмяным чырвоным ліхтаром на іх, і наткнуўся на скрутак. Ужо не хаваючы яго ў кішэню, Стах рэзка выпрастаўся й кінуўся наперад. Кірыла Антоныч не зразумее... гэта сто працэнтаў. Таму — наперад. Адшукаць Васіля Васілевіча, паціснуць ягоную мазолістую руку, і да прахадной. А там мэтро, трамвай, жменька ўласнай стомы ў вагульны кацёл, дзесяць хвілінаў па прагнілай ад гопнікаў горцы, пад'езд і нарэшце ліфт, хаця адзіноту не гарантуе нават ён. Бяжы, Стаху, бяжы. Тое, што гэтая дарога мусіць скончыцца, ня факт. Але бяжы.