Натуральная афарбоўка
- Автор: Бахаревич Ольгерд Иванович
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Натуральная афарбоўка». Краткое содержание книги:
У цемры Стах ледзь не наляцеў на правадніка, у руцэ якога весела скакаў ліхтарык — гэткі самы, што выдаваў Стаху на лецішчы Дубраўскі.— Тэмп! — заскавытаў праваднік дзіка й выкінуў руку ў фашыстоўскім прывітанні. Насамрэч ён паказваў — Стах пасьпеў за некалькі сэкундаў трохі агледзецца й заўважыць, што будынкі расступіліся, а дарогу пераразае аднакалейная чыгунка — на пляскатую плятформу, якая, нягучна пагрукваючы, досыць хутка аддалялася ў правы ад дарогі бок.— Туды! — закрычаў праваднік, піхаючы Стаха да чыгункі. На шчасьце, плятформа, якую цягнуў маленькі, бадай што цацачны лякаматыў, запаволіла крыху ход, і Стах не без праблемаў, але ўскочыў на хісткую паверхню. Неўзабаве яны разагналіся, праваднік зьнік з поля зроку, і Стах паспрабаваў, праўда, марна, распаліць цыгарэту, сарамліва засланяючыся ад ветру. Добра, што ён павярнуў твар — на брудным насыпе, падсвечаны зьнізу, проста ў твар Стаху разгарнуўся стужкай указальнік, што не дапускаючы сумненьняў абвяшчаў: экспэрымэнтальны цэх знаходзіцца ў адваротным баку. Стах у вадчаі скочыў з плятформы на насып, вывіхнуў, відаць, нагу, плятформа атрэслася, быццам котка, якая вылезла зь ненавіснай вады, і хутка ад яе засталося толькі груканьне, што таяла ў прыцемках. Стах ляжаў тварам у цёплым гравіі, і адно гэта замінала яму зарагатаць. Вывіху ўсё ж, мяркуючы па ўсім, не было. Быў, відаць, моцны ўшыб, аматар сіняй, жоўтай і зялёнай фарбы, і Стах пасядзеў на насыпе, спакойна папаліў, скідаючы попел на канчаткова сапсаванае спэцадзеньне, у галаву ня лезла анічога, апрача партызанаў, рэйкавай вайны і аўстрыйскіх землямераў. Кульгаючы, ён рушыў у адваротным накірунку. Туды, адкуль прыйшоў.
Крокаў праз сто ў ягонай галаве гучалі ўжо млосныя маршы. Засынаючы на хаду, Стах брыў міма чыгункі, але патрэбнага скрыжаваньня ўсё не было. Ён паспрабаваў аблаяць мацюгамі казла-правадніка — атрымалася млява ды непераканаўча. Неўзабаве слых ягоны намацаў удалечыні раўнамерны шоргат, які, на шчасьце, не зьбіраўся йсьці супраць законаў фізыкі й па меры Стахавага пасоўваньня наперад усё гучнеў. „А магло й быць наадварот,”— абыякава падумаў Стах.— „Я пазнаю цябе, Таркоўскі. Ich kenne dich, Franz.”
Чыста вымеценую пляцоўку перад драўлянай будынінай, якую з двух бакоў падпіраў плот, падмятала, нізка сагнуўшыся, сівая старая.
— Не падкажаце, да экспэрымэнтальнага цэху далёка адсюль? — спужаў яе Стах, увадначас любуючыся кубкам, што стаяў на плоце, параю, якая прычэсвалася, купаючыся ў гэтым кубку, ліхтаром, што, падвешаны да брылёчку над ганкам, заліваў пляцоўку мірным сьвятлом. Кубак, пара, ліхтар, мяцёлка. Як чыста тут.
Старая разагнулася — паволі, велічна.
— А нашто табе?— спытала яна падазрона, агледзеўшы Стаха з усіх бакоў.
— Мне б знайсьці Васіля Васіліна.
— А нашто табе Васіль Васіліч?
— Не твая справа, старая,— адказаў Стах, губляючы цярпеньне.
— А ў руцэ ў цябе што?
— Дзе экспэрымэнтальны? — пайшоў на яе Стах, прыпадаючы на левую нагу, але ўзьняўшы ўгору драцяны скрутак.— Скажаш ці не, курва старая?