Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне

Электронная книга - «Натуральная афарбоўка». Краткое содержание книги:

У другую кнігу Альгерда Бахарэвіча ўвайшлі сем апавяданняў і аднайменны раман — тэксты, напісаныя аўтарам у 2001-2002 гг. Кожны зь іх — гэта і самастойны твор, і адна з главаў вялікага мастацкага дасьледваньня Гульні, якую чалавек вядзе штодня сам з сабою.
1 ... 52 53 54 55 56 57 58 59 60 ... 83
Перейти на страницу:

У цэнтры сьценгазэты палымнелі вершаваныя радкі. Стах нарадзіў іх некалькі дзён таму, пасьля надзвычай цяжкога працоўнага дня, калі пальцы ягоныя, бадай, не адрываліся ад пэндзля на працягу дзесяці гадзінаў і фарба шумела на твары, як мора. У той вечар ён запісаў гэты верш, як толькі апынуўся за прахадной, на рублёвай купюры, дома перапісаў у навюткі блякнот, а ўвечары наступнага дня каліграфічна, пушкінскімі літарамі высадзіў радкі на ўдзячную картонную глебу:

Здароў, завод, Сяльмаш Сяльмашыч!

Здароў, зямная благадаць...

Так птахі крыламі ня машуць,

Як ты ўмееш працаваць.

Іду ў жалезных труб суквецьце,

І пэндзлем папіраю сталь.

І даражэй няма на сьвеце

Цябе, о ягададэталь!

Напачатку верш Стаху вельмі падабаўся. Стах чытаў яго сам-насам зь люстэркам, Стах настукаў яго на машынцы й насіў у кашальку, раз-пораз даставаў дзе-небудзь у аўтобусе па дарозе на працу й перачытваў, варушачы губамі — някепска, чорт мяне бяры. Стах прачытаў яго Кірылу Антонычу, калі яны пілі аднойчы разам выпадковае піва ў прызаводзкіх прыцемках. „Маякоўскі?”— спытаў Кірыла Антоныч. „Э...”— пачаў Стах. „Адразу відаць,”— з павагай сказаў Кірыла Антоныч.— „А ты ў курсе, што гэта таксама ён напісаў, гарлан-бунтар: люблю я жэншчыну белую, а ўпрочам, якая тут разьніца, паставіў яе к дзераву, Іў... Сам разумееш куды. Чаго сьмяешся... Я ў газэце чытаў.”— „Гэта я напісаў,”— прашаптаў Стах, нязмысьля плюнуўшы брыгадзіру ў куфаль. „Жартуеш усё,”— пасьміхнуўся дзядзька, нічога не заўважыўшы.— „Ну, хадзем. Ты ў нас пра жэншчын ня пішаш.”— „Пра завод,”— віскнуў Стах, але ўжо лезла да ягонага пупка шырокая дзядзькава далонь: „Давай! Да відзэньня!”

Гаў ду ю ду, місыс Празьнік! Сьвята пачалося ў пятніцу, як толькі надыйшоў час абеду. Але сталовыя ў ва ўсіх цахох былі зачыненыя, павары выходзілі з бакавых дзьвераў і няспешным шпацыруючым крокам рухаліся да заводзкага пляцу. Брыгада адправілася ў свае малярскія пакоі. Спэцадзеньне было ахайна павешанае ў шафы, маляры перапрануліся ў жоўтыя форменныя пінжакі — Стах таксама атрымаў такі, з вышытым на штрыфлі прыгожанькім пэндзлем. Дзеленстап Каўкомавіч уставіў у пятлічку абшчыпаны гвазьдзік, Цыцка расчасаўся на прабор, Мурло, увабраўшы грудзі, спырснуў пахі французскім дэзадарантам, Бурцэвіч пачасаўся электрабрытваю. Да мужчынскай часткі брыгады зазірнула Тацяна: „Мужыкі, а корпаюцца, як бабы.” Стах падхапіў сьценгазэту, загарнутую ў пунсовы аксаміт, і маляры выйшлі на двор. Паколваў прыемны марозец. Яны рушылі ў напрамку плошчы. Выйшлі на галоўную алею, зьмяшаліся зь іншымі каленамі, людзі былі ўсе сур'ёзныя, урачыста-ўзбуджаныя, нібы на пахаванні Сталіна. Так сталася, што Стах, які паддаўся агульнаму настрою, пайшоў у пэўны момант папярод усёй брыгады — яму падавалася, што іхная маленькая калена рухаецца надта ўжо марудна. Тут жа на плячо яму лягла рука Мурла. „Ня лезь папярод бацькі,”— ціха, але ўнушальна абдаў яму вуха параю Мурло. Не павярнуўшы галавы, на чале брыгады апынуўся Кірыла Антоныч. Стах жа замешкаў, і давялося яму да самае плошчы йсьці ў самоце паміж мужчынскім авангардам і жаночым крыклівым ар'ергардам, што, на агульны сорам, выглядаў неяк надта весела. Стах павольна рыпеў па ўтрамбаваным сьнезе і ў чарговы раз не пачуў, як яго дагнала Сьняжана.

1 ... 52 53 54 55 56 57 58 59 60 ... 83
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)