Олівер Твіст
- Автор: Диккенс Чарльз
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Переводчик: Яўген Бяласін
- Жанр: Классическая проза
Электронная книга - «Олівер Твіст». Краткое содержание книги:
— Усё ў парадку, — сказаў Сайкс, з асцярогай азірнуўшыся.
Нэнсі нагнулася да аканіц, і Олівер пачуў, як у доме зазвінеў званок. Яны перайшлі на супрацьлеглы бок вуліцы і колькі часу стаялі пад ліхтаром. Пачуўся гук, як быццам бы хто ціхенька падняў слухавое акно ўверсе, і неўзабаве дзверы насупраць асцярожна прачыніліся. Містэр Сайкс без аніяіх цырымоній схапіў запалоханага хлопчыка за каўнер, і ўсе ўтраіх хуценька зайшлі ў дом.
У калідоры было зусім цёмна. Яны пачакалі, пакуль той, хто іх упусціў, не замкне дзвярэй на засаўку і ланцуг.
— Ёсць хто-небудзь чужы? — запытаўся Сайкс.
— Не, — адказваў голас, і Олівер падумаў, што ён яго ўжо чуў.
— Стары тут? — спытаў рабаўнік.
— Так, — азваўся голас. — Але ж і забаяўся ён! Вы думаеце, ён вам не будзе рады? Яшчэ як!
Стыль адказу, роўна як і голас, які яго агучыў, падаліся Оліверу знаёмымі, але ў цемрадзі нельга было разгледзець нават абрысаў таго, хто гаварыў.
— Запалі які агеньчык, — сказаў Сайкс, — а не — дык мы зломім сабе каркі або наступім на сабаку. Тады беражы лыткі!
— Чакайце хвілю, прынясу якога святла, — азваўся голас.
Крокі аддаліліся, і праз хвілю з’явіўся ўласнай персонай
містэр Джон Доўкінз, ён жа Спрытны Махляр. У правай руцэ ён нёс сальную свечку, зашчэмленую ў расшчыліну палкі.
Абмежаваўшыся адно толькі паблажлівай ухмылкай у знак таго, што ён пазнаў Олівера, ён завярнуўся і зрабіў жэст наведвальнікам, каб тыя ішлі за ім уніз па лесвіцы. Яны перайшлі пустую кухню і праз яшчэ адны дзверы трапілі ў нізкі, з пахам зямлі пакой, які няйначай быў прыбудаваны з невялікага задняга двара. Там іх сустрэў выбух рогату.
— Во-ой, не магу, не магу! — галасіў Мастэр Чарлі Бэйц, з чыіх грудзей вырваўся за хвілю да таго рогат. — Вось ён, вой, зараз трэсну, вось ён! Фэджын, вы паглядзіце толькі, паглядзіце на яго. Болей не магу, вось гэта дык спектакль, я не магу болей. Патрымайце мяне хто, дайце высмеяцца.
Знямогшыся ад весялосці, Мастэр Бэйц паваліўся на падлогу і канвульсіўна хвілін пяць дрыгаў нагамі ў экстазе. Потым ён ускочыў, выхапіў у Махляра кій са свечкай і, наблізіўшыся да Олівера, распачаў яго агледзіны. Тут габрэй, зняўшы свой начны каўпак, стаў выштукоўваць перад агаломшаным хлопчыкам нізкія паклоны. А вось Спрытны, які адрозніваўся досыць сур’ёзным норавам і рэдка дазваляў сабе весяліцца, калі гэта замінала справе, з вялікай стараннасцю абмацваў Оліверавы кішэні.
— Фэджын, зірніце на яго касцюм! — сказаў Чарлі, падносячы свечку да новага Оліверавага пінжака так блізка, што той ледзь не заняўся полымем. — Вы паглядзіце на яго касцюм! Шыкоўнае адзенне, самы піжоністы крой! О мае вочы, што за спектакль! А кніжкі, кніжкі, — няйначай джэнтльмен, скажыце, Фэджын!
— Я шчаслівы бачыць вас у такім добрым стане, мой даражэнькі, — сказаў габрэй, па-блюзнерску пакорліва кланяючыся. — Спрытны дасць табе іншы касцюм, мой даражэнькі, каб ты не сапсаваў гэты выхадны. Мой даражэнькі, а чаму ж ты не пісаў, чаму не папярэдзіў, што прыйдзеш? Мы б згатавалі на вячэру што-небудзь цёплае.
Тут Мастэр Бэйц зноў пачаў рагатаць, ды так гучна, што і Фэджын выпаў са сваёй ролі. Нават Махляр усміхнуўся, але цяжка сказаць, што выклікала яго весялосць, бо якраз у гэты момант ён выцягнуў з кішэні пяціфунтавую банкноту.
— Гоп-па — а гэта што такое? — загарэўся Сайкс, зрабіўшы крок наперад у той час, як габрэй схапіў грошы. — Гэта маё, Фэджын.
— Не, не, мой даражэнькі, — сказаў габрэй. — Маё, Біл, маё. Табе будуць кніжкі.
— Яшчэ чаго! — прамовіў Біл Сайкс, з рашучым выглядам апранаючы капялюш. — Калі гэта не будзе маім, маім і Нэнсі, то я забіраю хлопца.
Габрэй уздрыгнуўся. Олівер таксама ўздрыгнуўся, хоць і з іншай прычыны, бо ён спадзяваўся, што спрэчка насамрэч скончыцца тым, што яго завядуць назад.
— Ану, аддавай, хутка! — запатрабаваў Сайкс.
— Гэта несправядліва, Біл, несправядліва, га, Нэнсі? — даказваў габрэй.
— Справядліва, несправядліва, — запярэчыў Сайкс, — аддавай — і кропка. Ты што, думаеш, што нам з Нэнсі толькі і клопатаў, што гойсаць па вуліцах і выкрадаць дзяцей, хлопчыкаў, якіх загрэблі праз вашу дурасць! Аддавай грошы, скнара, шкілеце ты стары, аддавай!