Олівер Твіст
- Автор: Диккенс Чарльз
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Переводчик: Яўген Бяласін
- Жанр: Классическая проза
Электронная книга - «Олівер Твіст». Краткое содержание книги:
— Ну дык як, вы насамрэч спадзеяцеся, што ён вернецца? — дапытваўся містэр Грымуіг.
— А вы што, не? — з усмешкай запярэчыў містэр Браўнлоў.
У гэты час дух супярэчлівасці быў вельмі моцным у грудзях містэра Грымуіга, а самаўпэўненая ўсмешка на твары сябра яшчэ больш яго ўмацавала.
— Не, — ускрыкнуў ён, стукнуўшы кулаком па стале, — я не думаю! На хлопчыку новы касцюм, пад пахай у яго камплект дарагіх кніг, а ў кішэні пяць фунтаў стэрлінгаў. Ён уз’яднаецца са сваімі ранейшымі супольнікамі-злодзеямі, і яны пасмяюцца з вас. Сэр, калі хлопчык вернецца ў гэты дом, я з’ем сваю галаву.
Сказаўшы гэта, ён падсунуў крэсла бліжэй да стала. Так і сядзелі за сталом два сябры — моўчкі, паміж імі — гадзіннік.
Каб падкрэсліць тую фанабэрыю, з якой мы баронім свае меркаванні, пыху, з якой робім свае паспешлівыя высновы, варта заўважыць, што хоць містэр Грымуіг меў зусім не халоднае сэрца і што ён зусім непадробна засмуціўся б, калі б ягонага шляхетнага сябра абдурылі і падманулі, ён сапраўды шчыра і моцна спадзяваўся ў гэтыя хвіліны, што Олівер Твіст не вернецца.
Стала так цёмна, што лічбы на цыферблаце былі ледзьве бачныя, але два старыя джэнтльмены працягвалі моўчкі сядзець у цемрадзі. Паміж імі ляжаў гадзіннік.
РАЗДЗЕЛ XV,
які паказвае, як шчыра любілі Олівера Твіста вясёлы стары габрэй і міс Нэнсі
Уцёмнай зале бруднага шынка, у самай занядбанай частцы Літл Сафран Хіл, у змрочным, вартым жалю схове, дзе зімой цэлы дзень, міргаючы, гарыць газавы свяцільнік і куды ўлетку не трапляе прамень сонца, дзе застаўся дух спірту, — у тым месцы над алавяным збаночкам і малой шклянкай сядзеў мужчына ў вельветавым сурдуце, кароткіх цёмных штанах, паўботах і панчохах, якога любы недасведчаны віж з паліцыі нават пры гэтым цьмяным святле адразу і без ваганняў апазнаў бы як містэра Уільяма Сайкса. Ля яго ног сядзеў белы сабака з чырвонымі вачыма, які папераменна займаўся дзвюма справамі: ён то міргаў на свайго гаспадара адразу абодвума вачыма, то залізваў вялікую рану на пысе збоку — след нейкага нядаўняга канфлікту.
— Сядзі, пачвара, сядзі, кажу табе! — нечакана парушыўшы маўчанне, прамовіў містэр Сайкс.
Застаецца толькі разважаць і здагадвацца, ці то ягоныя медытацыі былі такімі напружанымі, што лыпанне сабачых вачэй ім замінала, ці то ягоныя нервы былі настолькі ўзрушаныя ў выніку ўласных роздумаў, што запатрабавалі дзеля супакаення даць бяскрыўднай жывёліне добрага выспятка. Што б ні было падставай, але вынікам быў удар па бедным сабаку і адначасова — смачны праклён.
Сабакі звычайна не схільныя помсціць за крыўды, якія наносяць ім іх гаспадары, але сабака містэра Сайкса, маючы агульныя са сваім гаспадаром заганы характару і, можа быць, знаходзячыся ў той момант пад уражаннем вялікай абразы, не знайшоў іншага развязання сітуацыі як адразу ўчапіцца зубамі ў адзін з паўботаў. Ад усёй душы растрэсшы яго ў бакі, сабака гыркнуў і схаваўся пад лаўку — якраз у час, каб ухіліцца ад алавянай пасудзіны, якой замахнуўся містэр Сайкс.
— Будзеш кусацца, будзеш? — дапытваўся Сайкс, ухапіўшы ў адну руку жалезны гак, а другой нетаропка раскрываючы вялікі складны нож, які ён выцягнуў з кішэні. — Ідзі сюды, д’ябал, ану давай сюды! Чуеш?
Няма сумневу, што той чуў, бо містэр Сайкс казаў усё гэта вельмі грубым тонам і надзвычай гучна, але сабака адчуваў нейкае дзіўнае нежаданне даць перарэзаць сабе горла і заставаўся там, дзе сядзеў, адно што загырчэў яшчэ больш гучна, а потым ухапіўся за гак зубамі і стаў кусаць яго, як дзікі звер.
Супраціўленне яшчэ больш раз’ятрыла містэра Сайкса. Ён стаў на калені і з новай сілай атакаваў жывёліну. Сабака скакаў справа налева, злева направа, агрызаўся, гыркаў і брахаў, а чалавек лаяўся, кляў і лупцаваў яго; барацьба дасягнула крытычнага пункту, калі мусіла развязацца ў той або іншы бок, але тут дзверы нечакана расчыніліся, і сабака выскачыў з памяшкання, пакінуўшы Біла Сайкса з гакам і нажом у руках.
Старая прымаўка сцвярджае: для сваркі заўсёды патрэбныя два бакі. Містэр Сайкс, расчараваны тым, што сабака больш не бярэ ўдзелу ў спрэчцы, адразу перакінуў свой імпэт на новага ўдзельніка.
— Якой халеры ты ўлазіш паміж мною і маім сабакам? — спытаў Сайкс, злосна махаючы рукамі.
— Я ж не ведаў, даражэнькі ты мой, я ж не ведаў, — рахмана сказаў Фэджын, бо гэта быў ён уласнай персонай.
— Не ведаў, зладзюга ты баязлівы! — бухцеў Сайкс. — Ты што, не чуў, які тут быў вэрхал?
— Ні гу-гу не чуў, як я жывы, Білі, — адказаў габрэй.
— А як жа! Зразумела, ты нічагусенькі не чуеш, — зласліва ўсміхнуўся Сайкс. — Вынюхваеш усюды, так што ніхто не чуе, як ты прыходзіш, як ідзеш! Хацеў бы я, Фэджын, каб ты быў сабакам паўхвіліны таму!