Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Классическая проза » Олівер Твіст
Олівер Твіст - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Олівер Твіст

Электронная книга - «Олівер Твіст». Краткое содержание книги:

Олівер Твіст
1 ... 51 52 53 54 55 56 57 58 59 ... 191
Перейти на страницу:

Першая частка выказвання была адрасаваная Сьюзэн, а воклічы захаплення прызначаліся містэру Бамблу і гучалі, пакуль адчынялася брамка, і містэр Бамбл уваходзіў у дом.

— Місіс Мэн, — прамовіў містэр Бамбл, не сядаючы і не падаючы ў фатэль, як гэта зрабіў бы на яго месцы які-небудзь нахабнік, а паступова і паважна ў яго апускаючыся, — місіс Мэн, мэм, добры дзень.

— Добры дзень, сэр, — адказвала місіс Мэн, адорваючы госця ўсмешкамі. — Спадзяюся, вы пачуваецеся добра?

— Прыходскае жыццё — гэта не пасцель з ружаў, мэм, — адказаў містэр Бамбл і стукнуў палкай па століку. — Не, гэта жыццё, поўнае клопатаў, непрыемнасцяў і цяжкай працы. Але я магу сказаць, што ўсе грамадскія дзеячы зазнавалі пераслед.

Місіс Мэн, якая не магла адразу ўцяміць, што мае на ўвазе кур’ер, у знак згоды махнула рукой і ўздыхнула.

— Ох, тут ёсць ад чаго ўздыхнуць, місіс Мэн! — працягваў кур’ер.

Місіс Мэн падумала, што яна адрэагавала правільна, і ўздыхнула яшчэ раз, — і гэта, відавочна, каб дагадзіць грамадскаму дзеячу, які дзеля таго, каб запабегнуць самазадаволенай усмешцы, строга паглядзеў на свой трохкутны капялюш і прамовіў:

— Місіс Мэн, я еду ў Лондан.

— А Божачка мой, што вы кажаце, містэр Бамбл! — місіс Мэн нават адступіла на крок.

— Так, у Лондан, мэм, — няўмольна паўтарыў містэр Бамбл. — На паштовай карэце. З двума беднякамі, місіс Мэн! Адбудзецца паседжанне суда наконт справы аб аседласці, і рада даручыла мне — мне, місіс Мэн, — сведчыць у гэтай справе на квартальнай сесіі суда ў Клэркінуэле. І я баюся, — тут кур’ер крыху ўстаў і сеў больш самавіта, — я баюся, мэм, што сесія ў Клэркінуэле ўліпне як быць павінна, калі паспрабуе знайсці ўва мне крайняга.

— О, пашкадуйце іх, сэр! — патрапіла ў тон місіс Мэн.

Клэркінуэльская сесія сама наклікала такое стаўленне да сябе, мэм, — быў адказ містэра Бамбла. — Калі Клэркінуэльская сесія апынецца перад фактам, што ў іх атрымалася шмат горш, чым яны чакалі, то гэтым Клэркінуэльская сесія будзе абавязаная адно толькі сабе.

У суворай інтанацыі, з якой містэр Бамбл прамовіў гэтыя словы, было столькі перадвызначанасці і перакананасці, што місіс Мэн была застрашаная самым натуральным чынам. Нарэшце яна азвалася:

— Дык вы едзеце карэтай, сэр? А я думала, што гэтых беднякоў звычайна пасылаюць на вазах.

— Гэта калі яны хворыя, місіс Мэн, — адказаў кур’ер. — Калі ідзе дождж, мы адпраўляем на вазах хворых, каб загартаваць іх супраць прастуды.

— О! — выгукнула місіс Мэн.

— Карэта бярэцца прывезці іх таксама назад, і прытым за малую плату, — працягваў містэр Бамбл. — Яны абодва ў вельмі цяжкім стане, і мы вырашылі, што на два фунты танней абыдзецца адаслаць іх, чым пахаваць тут. Спіхнуць іншаму прыходу, абы толькі не памерлі па дарозе, ха-ха-ха!

Містэр Бамбл быў рассмяяўся, але тут яго вочы натрапілі на трохкутны капялюш, і ён зноў стаў сур’ёзным.

— Але мы адхіліліся ад справы, мэм, — сказаў кур’ер. — Вось ваша прыходскае ўтрыманне за месяц.

Містэр Бамбл паважна дастаў з гаманца колькі сярэбраных манет, загорнутых у паперу, і запатрабаваў распіску, якую місіс Мэн адразу ж напісала.

— Паставіла я на ёй пару плямаў, сэр, — проста сказала выхавальніца, — але здаецца, што ўсё па форме. Вялікі дзякуй вам, сэр. Пэўна ж, я вам вельмі абавязана.

У адказ на рэверанс місіс Мэн містэр Бамбл прыхільна кіўнуў галавой і спытаўся, як маюцца дзеці.

— Божа блаславі іх мілыя маленькія сэрцы! — узрушана азвалася місіс Мэн. — У іх усё як мае быць, у маіх маленькіх! Зразумела, акром тых двух, што памерлі на тым тыдні. Ды акрамя малога Дзіка.

— Што, яму не становіцца лепш? — запытаўся містэр Бамбл.

Місіс Мэн пахітала галавой.

— Вось жа сапсаваны, шкадлівы, гідкі малы нягоднік! — злосна сказаў містэр Бамбл. — Дзе ён?

— Праз хвіліну ён будзе тут, містэр Бамбл, — адказала місіс Мэн. — Гэй, Дзік, ану давай, хадзі сюды!

Яна гукнула яшчэ некалькі разоў. Нарэшце з’явіўся Дзік. Яго сунулі тварам пад калонку, місіс Мэн выцерла яго прыполам сваёй сукенкі, і ўрэшце хлопчыка паставілі перад страшную постаць містэра Бамбла, прыходскага кур’ера.

Дзіця было худым і бледным, з запалымі шчокамі, вялікімі, яснымі вачыма. Занядбаныя прыходскія рызманы —форменнае адзенне яго галечы — віселі на ім, як на палцы, а рукі і ногі ў яго высахлі, нібы ў старога.

Вось такая маленькая жывая істота стаяла, калоцячыся пад пільным паглядам містэра Бамбла і нават не наважвалася падняць схіленую галаву, баялася нават пачуць голас прыходскага кур’ера.

1 ... 51 52 53 54 55 56 57 58 59 ... 191
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)