Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Классическая проза » Олівер Твіст
Олівер Твіст - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Олівер Твіст

Электронная книга - «Олівер Твіст». Краткое содержание книги:

Олівер Твіст
1 ... 44 45 46 47 48 49 50 51 52 ... 191
Перейти на страницу:

— Чаму гэта? — запытаўся габрэй, выпакутаваўшы ўсмешку.

— Таму што ўрад клапоціцца пра жыццё такіх людзей, як ты, якія нашмат больш подлыя, чым дварняк, але дазваляе чалавеку забіваць сабаку, калі толькі ёсць ахвота, — прамовіў Сайкс, паважна закрываючы свой складны нож. — Вось чаму.

Габрэй пацёр рукі, падсеў да стала і выдаў порцыю смеху на досціп свайго сябра. Аднак ён, відавочна, пачуваўся не ў сваёй талерцы.

— Шчэрся, шчэрся шырэй, — сказаў Сайкс, кладучы гак на месца і мераючы габрэя пагардлівым позіркам. — Рагачы. Ніколі табе не пасмяяцца з мяне, хіба што на шыбеніцы. Ты ў маіх руках, Фэджын, і можаш нават не рыпацца. Вось як! Залячу я — заляціш і ты, так што асцярожней са мной, асцярожней!

— Ну добра, добра, мой даражэнькі, — адказваў габрэй, — я ўсё гэта ведаю, у нас... у нас агульны інтарэс, Біл, агульны інтарэс.

— Гм...— прабурчэў Сайкс, як быццам ён думаў, што інтарэс гэты больш габрэеў, чым ягоны. — Ну, што ты там хацеў мне сказаць?

— Усё пераплаўлена ў тыглі без аніякіх прыгодаў, і я прынёс тваю долю. Тут значна больш, чым павінна быць, мой даражэнькі, але калі ўжо я ведаю, што наступным разам ты мне аддзячыш, то...

— Даволі балбатні, — нецярпліва абарваў яго рабаўнік. — Дзе яно? Давай!

— Так, так, Біл, крыху цярпення, крыху часу, — залагодзіў яго габрэй. — Вось! Усё цэленькае...

Прыгаворваючы, ён выняў з-за пазухі старую паркалёвую насоўку, развязаў вялікі кутні вузел і выняў пакуначак у карычневай тоўстай паперы. Сайкс выхапіў яго з рукі габрэя, паспешліва разгарнуў і пачаў лічыць саверэны, якія там былі.

— Што, гэта ўсё? — запытаўся Сайкс.

— Так, усё, — адказаў габрэй.

— А ці не раскрыў ты пакунак па дарозе і не заглынуў адзін-два саверэны? — падазрона спытаў Сайкс. — Не рабі нявіннага выгляду, калі пытаюся, бо ты рабіў гэта шматкроць. Тузані за вяроўку.

На больш агульнапрынятай ангельскай мове гэта азначала загад пазваніць. На званок з’явіўся другі габрэй, маладзейшы за Фэджына, але выглядаў ён гэтаксама гідка і пачварна.

Біл Сайкс паказаў на пусты збаночак. Малады габрэй, выдатна зразумеўшы намёк, сышоў, каб напоўніць яго; перад тым, як пайсці, ён абмяняўся з Фэджынам шматзначнымі позіркамі. Той нібыта толькі і чакаў моманту, каб у адказ пахітаць галавой, зусім непрыкметна, так што трэцяя асоба, калі б назірала за падзеямі, наўрад ці што-небудзь заўважыла б. Сайкс не ўбачыў гэтага, бо акурат быў нахіліўся на хвіліну, каб завязаць парваныя сабакам шнуркі. Мажліва, калі б Сайксу давялося ўбачыць гэты абмен знакамі, ён прыйшоў бы да высновы, што нічога добрага яго не чакае.

— Ці ёсць тут хто, Барні? — запытаўся Фэджын; цяпер, калі Сайкс падняў галаву, ён гаварыў, утаропіўшыся ў падлогу.

— Дзі душы, — адказаў Барні; невядома, ці ішлі ягоныя словы ад шчырага сэрца, але што ўсе яны праходзілі праз нос — гэта дакладна.

— Нікога? — перапытаў Фэджын здзіўленым тонам, які, магчыма, мусіў значыць для Барні, што той можа казаць, як ёсць.

— Дзікога, акрабя біс Дэдсі, — быў адказ Барні.

— Нэнсі! — усклікнуў Сайкс. — Дзе? Каб я аслеп, калі я не шаную гэтую дзяўчыну за прыродны талент.

— Дэдсі забовіла стэйк у бары, — адказаў Барні.

— Скажы, няхай ідзе сюды, — сказаў Сайкс, наліваючы шклянку спіртнога. — Няхай ідзе сюды.

Барні нерашуча зірнуў на Фэджына, быццам пытаючы ў яго дазволу. Габрэй захоўваў маўчанне, так што Барні пайшоў, не падымаючы галавы, і неўзабаве вярнуўся, прывёўшы з сабой Нэнсі, якая была пры поўным парадзе — на галаве капор, у фартуху, з кошыкам і ключом.

— Ну як, Нэнсі, натрапіла на след? — спытаў Сайкс, наліваючы ёй шклянку.

— Так, Біл, натрапіла, — адказала маладая лэдзі, асушыўшы пасудзіну, — і пошукі добра мяне стамілі. Падшыванец быў хворы, пралежваў там ложак і...

— Ах, Нэнсі, мая даражэнькая! — усклікнуў Фэджын, падняўшы вочы ад падлогі.

Можа быць, незвычайныя рудыя бровы габрэя і напаўзаплюшчаныя глыбока пасаджаныя вочы папярэдзілі Нэнсі, што яна занадта схільная да шчырасці, але гэта не так важна. Тут нас больш займае факт, а фактам было тое, што Нэнсі раптам памяняла паставу: яна ўзнагародзіла містэра Сайкса цэлай серыяй усмешак і памяняла тэму размовы. Прыкладна праз дзесяць хвілін містэра Фэджына ахапіў прыпадак кашлю, пасля якога міс Нэнсі накінула на плечы шалік і заявіла, што ёй ужо час ісці. Містэр Сайкс, даведаўшыся, што нейкі кавалак дарогі ў іх агульны, выказаў намер правесці яе, і яны пайшлі разам. За імі, трымаючы пэўную дыстанцыю, патрухаў сабака, які нечакана ўзнік з падваротні, як толькі яго гаспадар завярнуў за паварот.

1 ... 44 45 46 47 48 49 50 51 52 ... 191
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)