Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Классическая проза » Олівер Твіст
Олівер Твіст - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Олівер Твіст

Электронная книга - «Олівер Твіст». Краткое содержание книги:

Олівер Твіст
1 ... 50 51 52 53 54 55 56 57 58 ... 191
Перейти на страницу:

— Зразумела, не, — адказаў габрэй, ухмыляючыся гэтаксама, як і Чарлі, калі той задаваў сваё пытанне.

Мастэр Бэйц, скрайне ўзрадаваны даручэннем, узяў расшчэплены кій і павёў Олівера ў сумежную кухню, дзе былі дзве ці тры пасцелі, на адной з якіх ён спаў раней, і тут, час ад часу душачыся ад рогату, дастаў акурат той касцюм, ад якога Олівер з такой радасцю пазбавіўся ў містэра Браўнлоў; гэты касцюм, які выпадкова трапіў на вочы Фэджыну ў габрэя, што яго выкупіў, быў першай нітачкай да таго, каб высветліць месцазнаходжанне Олівера.

— Скідай сваё лепшае, — сказаў Чарлі, — і я аддам яго Фэджыну. Ён дагледзіць як быць павінна. Ну і цырк!

Бедны Олівер неахвотна падпарадкаваўся. Мастэр Бэйц, скруціўшы новае адзенне, сунуў яго пад паху і выйшаў з пакоя, пакінуўшы Олівера ў цемры і замкнуўшы дзверы.

Гук рогату Чарлі і голас міс Бэці, якая прыйшла якраз учас, каб папырскаць на сваю сяброўку вадой, выканаць іншыя жаночыя абавязкі ды прывесці яе ў прытомнасць, пры іншых, больш спрыяльных абставінах, чым тыя, у якіх апынуўся Олівер, маглі б пазбавіць сну шмат каго з людзей. Але яго сілы былі вычарпаныя, ён зусім знямогся і неўзабаве моцна заснуў.

РАЗДЗЕЛ XVII

Лёс працягвае наносіць Оліверу ўдары і дзеля таго, каб знішчыць яго рэпутацыю, прысылае ў Лондан вялікага чалавека

тэатры існуе традыцыя ва ўсіх добрых крывавых меладрамах перамяжоўваць трагічныя сцэны камічнымі так, як у добрай грудзінцы перамяжоўваюцца белыя і чырвоныя слаі. Герой пад грузам сваіх нягод і бядот апускаецца на саламяны ложак, а ў наступнай сцэне яго верны, але не такі сур’ёзны збраяносец весяліць публіку адмысловай песенькай. Мы з трымценнем сэрца бачым, што гераіня знаходзіцца ва ўладзе фанабэрыстага і бязлітаснага барона і што ў небяспецы яе гонар і жыццё; яна дастае кінжал, каб захаваць першае за кошт другога — і вось якраз у той момант, калі хваляванне наша дасягнула самай высокай кропкі, мы чуем свісток і пераносімся напрасткі ў вялікую залу замка, дзе сівабароды сенешаль выконвае забаўныя прыпеўкі ў атачэнні забаўных васалаў, якія могуць з’явіцца дзе заўгодна — ад царкоўных скляпенняў да палаца — і вандруюць кагаламі па краіне, спяваючы безупынна песні.

Такія змены падаюцца абсурднымі, аднак яны не настолькі штучныя, як гэта магло б здавацца на першы пагляд. У рэальным жыцці пераход ад сталоў з найлепшымі стравамі да смяротнага ложа і ад жалобнага ўбранства да святочнай вопраткі ўражваюць ніяк не менш, але толькі тут мы — дзейныя асобы, а не пасіўныя гледачы, а гэта вялікая розніца. Акцёры ў тэатры, дзе пануе прыпадабненне, не заўважаюць рэзкіх пераходаў і раптоўных парываў жарсці, пачуццяў, што адразу, калі глядзець вачыма простага гледача, асуджаецца як з’ява непрыдатная і недарэчная.

З той прычыны, што нечаканае чаргаванне сцэн, рэзкія перамены часу і месца не толькі замацаваліся ў кнігах дзякуючы шматгадоваму ўжытку, але і шмат кім разглядаюцца як вялікае майстэрства пісьменніка — крытыкі ацэньваюць творчы патэнцыял пісьменніка галоўным чынам у залежнасці ад тых нявыкрутак, у якія ён ублытвае свайго героя напрыканцы кожнага раздзела, — гэты кароткі ўступ да бягучага раздзела можа здацца непатрэбным. Калі гэта так, то няхай ён будзе ўспрыняты як тонкі намёк гісторыка на тое, што ён вяртаецца адразу ў горад, у якім нарадзіўся Олівер Твіст, а чытач няхай прыме на веру, што ёсць важкія ды істотныя падставы зрабіць гэтае падарожжа і што ў адваротным выпадку яго ну ніяк не запрасілі б узяць удзелу ў такой авантуры.

Містэр Бамбл уранні выйшаў праз браму працоўні і ўрачыста пакрочыў уверх па Гай-стрыт. Ён увесь быў яскравым увасабленнем сваёй пасады прыходскага чыноўніка: яго трохкутны капялюш і форменны сурдут блішчалі ў промнях ранішняга сонца, сваю палку ён сціскаў з энергіяй здароўя і ўладарнасці. Містэр Бамбл заўсёды хадзіў з высока ўзнятай галавой. Сёння ён трымаў галаву яшчэ вышэй, чым звычайна. Ён ступаў з нейкай адасобленасцю ў позірку, з узвышанасцю ў манеры, так што збочны назіральнік, трэба думаць, мусіў пранікнуцца пэўнасцю, што кур’ер абдумвае рэчы занадта вялікія, каб іх можна было выказаць.

Нарэшце містэр Бамбл спыніўся, і спыніўся ён зусім не для таго, каб адказаць каму-небудзь з крамнікаў або камусьці іншаму з тых, хто загаворваў з ім па дарозе. Ім ён адно махаў рукой, не запавольваючы сваёй хады, пакуль не дасягнуў фермы, дзе немаёмных бязбацькавічаў ахінула прыходскім клопатам місіс Мэн.

— Каб цябе трасца трэсла! — усклікнула місіс Мэн, пачуўшы знаёмую манеру трэсці садовую брамку. — Хто ж яшчэ можа прысунуцца так рана, акрамя кур’ера! О містэр Бамбл, падумаць толькі, нарэшце вы завіталі да нас! Я так рада, так рада. Калі ласка, праходзьце ў вітальню, сэр, калі ласка.

1 ... 50 51 52 53 54 55 56 57 58 ... 191
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)