Натуральная афарбоўка
- Автор: Бахаревич Ольгерд Иванович
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Натуральная афарбоўка». Краткое содержание книги:
Цішыня надыйшла. Захацелася гаварыць. „Дай цыгарэту,”— кінуў Стах, выціраючыся. „Сам вазьмі. У нас пажар.” Ён запытальна павярнуўся. Яна зрабіла кароткі рух падбародзьдзем у напрамку дзьвярэй, дзе калярыфэр смажыў высахлую ўжо анучу. Стах, вылаяўшыся, кінуўся падымаць, апёк пальцы. „У цябе ёд ёсць?”— пазяхнула яна.— „Чаму мне заўсёды хочацца спаць?”— „Ёду няма,”— Стах паспрабаваў уціснуць галаву між яе ног — беспасьпяхова. „Ёсьць вось што.” Ён выдастаў з заплечніку цёплую бутэльку малінавага лікёру. „Ненавіджу. Давай,”— яна зрабіла вялікі глыток з рыльца.— „Брыдота.” Тая шчыльней захуталася ў паліто і ўздыхнула:
— Слухай, а чаму людзі жэняцца?
— Ну, каб пакінуць сьлед пасьля сябе на зямлі. Дзяцей... Яны — наш працяг.
— Не, гэта ясна, а ты мне скажы: навошта?
— Навошта? Каб распавядаць адзін адному сны... каб цесьцю было з кім глядзець футбол... а свякрусе было з кім абмеркаваць суседку...
Яна зірнула на яго з павагаю — упершыню, мусіць, за ўвесь час іхнага знаёмства.
— Гэта так... А я яшчэ думаю — каб трахацца спакойна, легальна, не хавацца, не чакаць, што ў дзьверы ў любы момант могуць пазваніць...
Ён флегматычна прамовіў, душачы ў бляшанцы недапалам
— Разумная думка.
— Прынамсі, у мяне ўсё выйшла менавіта так. Я вучылася ў гэтым долбаным інстытуце, у нас кожная марыла выйсці замуж за замежніка або за бандыта. Пазнаёмілася зь Юрам... Ён сказаў: ня трэба табе інстытут, я цябе сам навучу ўсяму. Я ж цяпер на курсы ўсялякія хаджу, вось так... Зь Юрам у мяне поўная свабода зьявілася: што хачу, тое раблю. І цяпер я вось думаю: гэта не каханьне, гэта... Шлюб — гэта абмен. Я дазваляю сабой карыстацца, а ўзамен атрымліваю грошы, свабоду, і, галоўнае, незалежнасьць ад бацькоў. Ведаеш, у першыя месяцы я толькі тым і займалася, што парушала бацькоўскія абмежаваньні. Потым насыцілася...
— А муж зараз дзе?
— Ня бойся, ён толькі пасьля васьмі прыедзе. Што, адчуваеш сябе на вышыні? Такога мужыка змог абставіць, так?
— Ды не, я...
— Ды добра ўжо табе... Цешся, давай. Люблю, калі людзям добра. Нешта ў табе ёсьць такое... Толькі вось што... У, як узгадаю, якімі вачыма ты на мяне глядзеў у той раз... Страшна становіцца. А ты праўда пісьменьнік?
— Праўда.
— І што, як пішацца? Я чытаць люблю. „Парфумэр” — рэч, так? Я толькі заўважаю...