Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым [(Хронікі беларускага інтэлектуала)]
- Автор: Акудович Валентин Васильевич
- Год: 2020
- Язык: белорусский
- Жанр: Другие документальные фильмы
Электронная книга - «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым [(Хронікі беларускага інтэлектуала)]». Краткое содержание книги:
Дарэчы, наконт паводле прыкметаў.
17 кастрычніка 1999 года адбыўся знакаміты "Марш Свабоды". Што да колькасці ўдзельнікаў, дык гэта было адно з самых буйных шэсцяў апошняга часу. Толькі знакамітым "Марш Свабоды" стаўся праз іншы маштаб. На спуску вуліцы ля парка Горкага да ракі Свіслач калону маніфестантаў паспрабавалі запыніць выштукаваныя з некалькі столак шыхты амону. А маніфестанты спыняцца не захацелі. І пачалася крывавая бойка. Да таго ж пад рукой апынулася зброя пралетарыяту - складзеная для замены ходніка плітка.
Усялякае здаралася і раней, і потым, але каб так білі і ганялі амапаўцаў, я болей ніколі не бачыў. Афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі назаўтра паведамлялі, што толькі ў шпіталі патрапіла больш за паўсотню праваахоўнікаў...
Аднак я не маю намеру пераказваць тую падзею, як такую. Я зусім пра іншае...
Мы з Алесем Аціпенкам, натуральна, таксама маніфеставалі. А паколькі са мной быў сын Цімох - тады яшчэ школьнік, - дык маці ультыматыўна наказала мне нікуды не лезці, тым болей не адпускаць сына ад сябе. З гэтага мы ўтрох запыніліся на самым пачатку спуску перад мастом і напята сачылі за грамадзянскай вайной па-беларуску, што разгортвалася метраў на сто ніжэй. Раптам непадалёку рэзка затармазіла міліцэйская машына, з яе выскачылі міліцыянты і кінуліся наўпрост да нас.
"Нарэшце мяне таксама схопяць", - мільганула думка, бо не мог жа я бегчы на ўсе ногі, пакінуўшы сына. Але схапілі не мяне, а толькі аднаго Алеся і, жорстка скруціўшы, пацягнулі ў машыну...
Па заўтра яго ўжо судзілі і неўзабаве адпусцілі з невялікім пакараннем. Аказваецца, Алеся зняволілі замест невядомага нам мужчыны ў падобнай скуранцы, які на горкі яблык збіў міліцэйскага капітана.
Карацей, майго сябра схапілі паводле прыкметаў, распаўсюджаных сярод "ціхароў", якія і выклікалі групу захопу. А я гэтым сюжэтам скарыстаюся яшчэ дзеля таго, каб удакладніць сваю навуку вулічнага супраціву: так, не трэба саромецца ўцякаць дзеля самога сябе. Разам з тым ніхто ніколі не можа ведаць напэўна, што пасля выправы на Плошчу начаваць будзе ў роднай хаце пад пярынай, а не на голых турэмных нарах. Усе сітуацыі наперад ніколі не пралічыш. Таму я заўсёды адпаведна апранаўся і набіраў поўныя кішэні цыгарэтаў, а цяпер яшчэ туды ж піхаю розныя пігулкі, бо, як вядома, гады бяруць сваё.
Напісаўшы апошнія парады, весела пасміхнуўся. За гэтыя два дзесяцігоддзі супраціву народнаму дыктатару ён (супраціў) так засмеціў свядомасць, што ўжо нават не думаеш, быццам калі-небудзь усё будзе інакш.
***
Вулічныя падзеі даволі часта мелі працяг у самых розных палітычных (і не толькі) фарматах. А ўжо апісанай вышэй a priori было наканавана мець іх столькі, што ні ў які мех тыя фарматы не запхнеш.
Натуральна, адразу пачаліся масавыя арышты. Міколу Статкевіча, аднаго з галоўных завадатараў, арыштавалі сярод першых. А вось кіраўніцтва БНФ аператыўна вырашыла сысці ў падполле. Праз колькі там часу хованак у іх наспела патрэба сустрэцца разам, каб абмеркаваць, як жыць далей? Тады яны прыдумалі сабрацца ў Вячаслава Ракіцкага як бы на дзень яго народзінаў (што ўжо прамінуў) і гучна адсвяткаваць (а ў зацішку ад гаманы правесці паседжанне Рады). Вячаслаў папрасіў мяне прыйсці раней (тады мы жылі побач), каб дапамагчы. Там ужо быў Вінцук Вячорка, які, аказваецца, і хаваўся ў Ракіцкага.
Народу пакрысе болела, ужо хутка трэба было сядаць за стол, як патэлефанавала жанчына і сказала, што купа нашых гасцей застрала ў ліфце яшчэ на першым паверсе.
Зрабілася трывожна. Праз колькі хвілінаў Вячаслаў адвёў мяне ў вітальню і папрасіў:
- Валянцін, мне трэба заставацца тут. А ты спусціся па лесвіцы і паглядзі, што там да чаго?
Яшчэ спускаючыся, пачуў ваярскую песню, якую напятымі галасамі спявалі сябры Рады, схопленыя ў палон ліфтам. Я пастукаў у кабіну. Яны пачулі стук, і песня ўмомант загрымела, здаецца, на ўвесь дом. Нарэшце я дапетрыў: нашыя ваяры ўпэўненыя, што за дзвярыма іх чакаюць супрацоўнікі КДБ, якія і спланавалі гэтую аперацыю з ліфтом.
Тады я стаў грукатаць кулакамі з усёй сілы і крычаць: гэта Валянцін Акудовіч, гэта Валянцін Акудовіч...