Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне

Электронная книга - «Натуральная афарбоўка». Краткое содержание книги:

У другую кнігу Альгерда Бахарэвіча ўвайшлі сем апавяданняў і аднайменны раман — тэксты, напісаныя аўтарам у 2001-2002 гг. Кожны зь іх — гэта і самастойны твор, і адна з главаў вялікага мастацкага дасьледваньня Гульні, якую чалавек вядзе штодня сам з сабою.
1 ... 42 43 44 45 46 47 48 49 50 ... 83
Перейти на страницу:

Стах прысеў на голы халодны ложак, запаліў, сплюнуў у кут. Самае істотнае, што здолела зрабіць зь ім, Стахам, прадпрыемства, можна было выразіць так: яно забіла ў ім веру ў рэальнасьць сучаснасьці. Тыя, хто працаваў там, лёгка абыходзіліся без дэмакратыі й паліткарэктнасьці, без структуралізму й пэрфомансу, без інтэрнэту й канкрэтнай паэзіі, без лацінскіх прымавак і ангельскай мовы, бяз спрэчак пра постмадэрнізм і без абмеркаваньня парыжскіх гатэляў, ім было невядома, што такое экуменізм і чым розьняцца чырвоныя скінхэды й скіны звычайныя, яны ня бачылі патрэбы ў аналізу ваенных канфліктаў у суседнім паўшар'і ды крытыцы ўраду, яны шчыра не разумелі, як чалавек можа насіць даўгія валасы, не зьяўляючыся Аляксандрам Малініным або падобнага кшталту зоркай, і чаму за чорны квадрат Малевіча людзі гатовыя выкласці гэткія фантастычныя грошы. Затое праца ўручную, састарэлымі пэндзлямі, у той час як паводле (дахавай інфармацыі на складах прадпрыемства захоўвалася супэрновае абсталяваньне, якое палегчыла б працу маляра да непазнавальнасці, іх зусім не бянтэжыла. Яны былі сьвята ўпэўненыя, гэтыя Стахавы калегі, што заведзены на прадпрыемстве парадак — найлепшы й найсправядлівейшы, і любы, хто жадае яго зьмяніць,— злачынца, які робіць замах на самае дарагое, самае блізкае, самае неабароненае й хрупкае — жыцьцёвую стабільнасьць. Слова „прагрэс” значыла для іх толькі назоў завода-філіялу недзе ў правінцыі, што пастаўляў прадпрыемству нешта з камплектуючых, гэтаксама як, напрыклад, словазлучэньне „ляўрэат Нобелеўскай прэміі” гучала для работнікаў прадпрыемства як назоў вэнэрычнай хваробы. Некаторыя зь іх усур'ёз лічылі, што зямля плоская, усе беды на сьвеце ад жыдамасонаў, а рок-музыкантаў на парашутах у іхную краіну скідвае цэрэу. І гэта напачатку трэцяга тысячагодзьдзя, калі прыпёрты да сьценкі геном чалавека, калі людзі няспынна рвуцца ў касмічныя аляскі й хутка можна будзе забыцца на інвалідныя каляскі, калі на лаве падсудных сядзяць дыктатары, авечка Долі бегае навыперадкі са сваім клёнам, а Тая адчыняе дзьверы ў дом Стаха, замацоўваючы на стамлёным твары эксклюзыўную ўсьмешку.

І ўсё ж такі яна скрывіла вусны, калі ўвайшла — смурод быў ня тое каб невыносны, але адчувальны — так пахлі калісьці жаночыя распранальні ў інстытуце, дзе Тая вучылася да свайго раптоўнага замужжа. Стах падняўся, словы застралі ў ягоным горле, за яго павіталіся спружыны абрабаванага ложку, а Тая паднесла да ўсьмешкі тонкі ўказальны палец — маўчы. З вакна за імі назіраў, хлюпаючы чырвоным носам, прастрыжаны восеньскі дзень, напружана сачылі за разьвіцьцём падзеяў цынічныя маленькія вочкі сіняй аблупленай разэткі, што ўладкавалася па-над ложкам, зацікаўлена прыслухоўваўся да таго, што адбываецца ў ягоным чэраве, дом, сьцены падрыхтаваліся пратрансьляваць на ўсю вуліцу любы гук, які пачуецца паміж імі. Ціха, ціха — гаварыла яна вачыма, і Стахавы бровы апусьціліся, пытаньні згубілі сэнс, і кава, падрыхтаваная для Таі, стала бескарысным прахам учорашняга дня, які ляжаў у заплечніку выключна згодна зь нейкай глупай традыцыяй, а яна бязгучна, як злодзей, здымала чаравікі, і ногі яе ў цёплых шкарпэтках (і на дзіва, аніякіх калготак) баязьлівымі кацянятамі ціснуліся адна да адной; рухі яе так празрыста паказвалі, што сёньня са Стахам станецца нешта асаблівае, што ён ня верыў ім і яму карцела спыніць усё, апынуцца ў сталіцы, у сваёй цёплай кухні, дзе газавыя фуксіі ў гаршчкох на пліце й яблычны пірог, загорнуты ў ручнік, але чараўніцтва толькі пачыналася. Яна распахнула паліто — так скідваюць накідку з шэдэўру скульптуры, каб прадэманстраваць яго замерлым гледачам, яна трыюмфавала, нібы сама была аўтарам свайго мініятурнага, загарэлага, ненатольнага цела, паглядзі, Стах, гэта зрабіла я: вось гэтыя маленькія пругкія... коска пупка, якая вядзе да тайнаў складаназлучаных сказаў пра... і мядовыя сьцёгны... я кураня табака, захлынайся сьлінаю... не, рана, рана... Усё было менавіта такім, як марыў Стах, толькі паміж грудзей у Таі ўтульна месьцілася шакалядная радзімка, даволі вялікая — напэўна, д'ябал кахаў яе ў дзяцінстве, гэтую лялечку, асьцярожна кахаў, а яна не здагадвалася, наіўнае дзіцё, і наразала задуменныя колы вакол каменнага пісаючага хлопчыка, з уніклівасьцю мастацтвазнаўцы даследуючы вінаградную гронку між ягоных мурынскіх ног — як даўно! Але радзімка не парушала прадказальнасці Таінага цела. Адчуўшы лёгкі ўкол расчараваньня з такой нагоды, Стах тым ня менш рушыў на Таю, грузна й тупа тупаючы, вочы засьціла ананімная сьляза. „Рана, рана...”— зашаптала яна, мружачыся, чапляючыся кіпцюрамі наўздагад — за ягоныя валасы, вуха, ніжнюю губу, падрапаўшы Стахава левае смочка праз тоўсты швэдар, балюча ткнуўшы ў звар'яцелы кадык. „Ня так... ня так...” Аднак было ўжо позна, яны ўпалі ў кут, паліто стала для Таі хіба падушкаю, але ніяк не перасоўным ложкам, Стахавы ногі калацілі па тумбачцы. Тая адчула, як яе працялі адразу з двух бакоў, зьнізу кончык цьвіка, які юрліва высунуўся з падлогі, ня ў сілах болей цярпець, зьверху Стах, які грыз вусені ўласных вуснаў, абсмоктваў іх і аднастайна рабіў сваю працу. Упалі й рассыпаліся прыгожа, нібы картачная калода, пакецікі канцэнтратаў, якія Стах прывёз сюды, паслухаўшыся маці. Між справаю яна зірнула на гадзіньнік. Хутка ўсё было скончана. Яна паляжала пад ім крыху, потым паспрабавала вызваліцца, упіраючыся ў Стаха, як у цяжэзны люк. Стах прыўстаў, прываліўся сьпінаю да сьцяны. Яна зь вялікімі намаганьнямі здолела неяк загарнуцца ў безнадзейна бруднае паліто і ўладкавалася на ложку, запаліла, агледзелася, пачасала сьпіну, вывучыла чырвань на пальцах. Стах аддыхаўся й перасеў да яе. „Ты...”— прамовіў ён нарэшце й пахітаў галавой. „Адстань,”— сказала яна. Абодвум хацелася цішыні.

1 ... 42 43 44 45 46 47 48 49 50 ... 83
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)