Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
I ўсё. Ня тое што іншыя. Неяк спаткаў у кінатэатры Валерыя К., былога аднакашніка па Саратаўскім вучылішчы. Той ужо старшы лейтэнант і два ордэны на грудзях, служыць інструктарам палітаддзелу па камсамолу. I тады мне ўспомнілася, як ён клапаціўся перад выпускам, зьбіраў рэкамэндацыі ў партыю. Мы яшчэ кпілі: ня ўсё роўна, кім цябе закапаюць — беспартыйным ці бальшавіком? Ён бы ня чуў нікога і перад ад’ездам на фронт усё ж пасьпеў атрымаць кандыдацкую картку. А на Дняпры ў аддзеле кадраў, як сталі разьмяркоўваць па дывізіях, яго пакінулі ў палітаддзеле. Тады мы і сьцямілі — разумны ён чалавек, хоць і малады. Так і аказалася.
30. Водпуск
У лютым нечакана-неспадзявана далі водпуск, і я рынуўся на радзіму. Ехаць давялося праз Крывы Рог, Харкаў, Гомель. На вакзалах пры перасадках было жахліва — натоўпы людзей, вайскоўцаў і цывільных, старых, жанок і дзяцей, чэргі і штурханіна… Неяк дабраўся з чамаданам да Падсьвільля, дзе, ведаў, працуе ў бухгалтэрыі сястра Валя, пабудзіў яе ўначы, — вядома ж, на канцылярскіх сталах, дзе яна начавала зь сяброўкай. Раніцай разам выправіліся па сьнегавой дарозе празь лес у Кублічы. Па дарозе сястра расказвала сваю крыўду, як пасьля нямецкага палону яе паслалі ва Усходнюю Прусію — па каровы для калгасу. Месяц ці болей гналі вялізны статак, даілі і пасьвілі па дарозе, баранілі і даглядалі, самі заўсёды галодныя і халодныя. Але мусілі трываць, бо абяцалі, як прыгоняць, даць карову, — нашую Акулярку ў 43-м зьелі партызаны, — і сястрычка трывала. Але як прыгналі, аказалася, што каровы патрэбныя для разьвіцьця калгаснай жывёлагадоўлі, і ганшчыцы засталіся з носам.
Дома радасна было, што ўсе жывыя, хата таксама цэлая, не спалілі. Але хлеба няма, ашчаджалі крышку насеннай бульбы, а болей ні малака, ні мяса. Не засталося нават курэй, якія некалі да вайны былі галоўнымі пастаўшчыкамі жабрацкага бюджэту. Увечары прыйшлі вяскоўцы, нядаўнія партызаны, распавядалі, як перажылі вайну. Колькі зьведалі гора і крыўд! Ад немцаў, партызанаў, народнікаў… У тым ліку і ад некаторых мясцовых, асабліва з тых, якія да вайны актыўнічалі з Саветамі і ў вайну не прамінулі ўслужыць акупантам. Але што ж, каму не хацелася жыць? Як таму ранейшаму нашаму старшыні калгасу Ягору, што трапіў у палон. Палонных трымалі ў лягеры пад Лепелем, мясцовых пушчалі дадому. Жонка пайшла па яго, ды Ягор не паслухаўся, дамоў не пайшоў. Кажа, дома адразу данясуць, што камуніст, і стрэльнуць. А тут мяне мала хто ведае, можа, перажыву вайну. Не перажыў вайну наш старшыня Ягор, загнуўся ў тым лягеры.
З маіх сяброў-школьнікаў амаль не засталося нікога — хто прапаў у партызанах, хто ў паліцыі (змабілізавалі на пачатку акупацыі), хто быў забіты на фронце пасьля вызваленьня. Некаторыя з маладых, ня трапіўшы пад дэмабілізацыю, прадаўжалі служыць. Iншыя прайшлі ўсе колы пекла — мабілізацыю ў 41-м, палон і канцлягеры, пасьля — вызваленьне, фронт і зноў лягеры — на гэты раз у іншым боку, на поўначы і ў Сібіры.
Зьезьдзіў у раённы цэнтар Вушачу — трэба ж было стаць на ўлік у ваенкамаце. Туды трохі пад’ехаў, а назад ішоў пешшу ўначы. Ледзьве дайшоў, не замёрз. Бо выпіў у колішняга сябра Мішы. Гэты, як і той мой саратавец, яшчэ ў войску пашчыраваў наконт пасьляваеннай кар’еры і цяпер рабіў у райкаме партыі. Але ён быў старэйшы за мяне, болей вопытны, а галоўнае — абачлівы. Toe было відаць яшчэ змалку, калі, атрымаўшы раённую газэту, ён пачынаў яе чытаць зь перадавіцы. Я ж прывык заўсёды чытаць з канца, з чацьвёртай старонкі, дзе друкаваліся зьвесткі зза рубяжу. Перадоўку пакідаў без увагі.
Мой прыезд на радзіму празь сем гадоў небыцьця, вядома ж, ня мог абысьціся без увагі мясцовага НКВД. Пачалі наведвацца тутэйшыя сэксоты, якіх дужа цікавіла, дзе я быў у вайну? (Ці ня быў у пляну?) Адна дык сказала: «А я цябе бачыла, як тут немцы былі». Дзе ты мяне бачыла?
«Ня памятаю дзе, але, здаецца, бачыла. У такой пілотачцы…»
Мабыць, былі такія, якім трэба было нешта ўтойваць, і такія, каб іх выкрываць. Мая ж вайна, хоць і была далёка адсюль, але ўся — пры сьведках. У палоне я ня быў, на акупаванай тэрыторыі не пражываў. Горш давялося сябру Колю, які ці ня ўсю вайну прабыў у Заксэнхаўзэне, працаваў на капальнях у Аўстрыі, а пасьля яшчэ і паваяваў на фронце. Дэмабілізаваўшыся, ён не паехаў дамоў, а скіраваў у Рыгу, дзе жыве і дасюль. У спакоі, дабрабыце і безь вялікіх праблемаў.