Паслухайце нацыяналіста
- Автор: Астапенка Анатоль
- Год: 2000
- Язык: белорусский
- Год: Raštijos Draugija
- ISBN: 9986-437-04-2
- Жанр: История
Электронная книга - «Паслухайце нацыяналіста». Краткое содержание книги:
Тое, што такая сітуацыя склалася на Украіне ў часы распаду СССР, не выклікае вялікага здзіўлення. Таму што уніяцтва там ніколі не знікала, а Галіцыя адзіная са славянскіх тэрыторый захавала яго і ў часы Аўстра-Венгрыі. І для многіх з іх грэка-каталіцызм сапраўды стаў верай бацькоў. А вось тое, што прыхільнікі уніі хацелі слепа перанесці украінскую мадэль да ўмоў Беларусі – дзе мала хто мог наогул сказаць што такое унія – гэта не прынесла аніякае карысці для нашага рэлігійнага адраджэння. Унесла толькі элементы напружанасці ў грамадства і не спрыяла павялічэнню колькасці вернікаў ні адной з хрысціянскіх канфесій.
Такім чынам, у пачатку 90-х гадоў на Беларусі ў асяроддзі адраджэнцаў стала правілам «добрага тону» быць прыхільнікам уніі. Дайшло да таго, што Язэп Палубятка, аўтар артыкула ў «ЛІМ»е пад назвай «Ці варта адраджаць уніяцтва?» быў вымушаны ледзь не прасіць прабачэння за свае погляды. Ён піша: «Шмат хто з адраджэнцаў, прачытаўшы назву артыкула незадаволена хмыкне; зацятыя прыхільнікі беларускасці выкажуцца пра аўтара гэтых радкоў больш абразліва. Не мною прыдумана – кожнаму сваё. Я ведаю: выказваць сумненне наконт рэлігіі і беларускасці зараз усё роўна, што стаяць у спёку босымі нагамі ў прысаку: знізу будзе пячы агонь, зверху пражыць сонца”. Выдатна сказана і амаль няма чаго дадаць.
Дык у чым жа прычына гэтай з’явы. Міф аб уніі аказаўся намнога прывабней, чым капанне ў гістарычнай праўдзе і выступаць за праваслаўе, якое не ўяўляла аўтарытэту, дзякуючы адпаведнай прапагандзе і па прычынах, адзначаных вышэй. Гэта, канешне, тычылася ў асноўным нецаркоўных людзей, бо для веруючых, тых, хто ходзіць у храмы, – іншай рэлігіі, чым існаваўшая, і якая увайшла ў сэрцы без аніякае палітыкі, не магло быць. А ў народзе трывала ўсведамялася толькі праваслаўе, ды ў меншай ступені каталіцызм.
Прычына “рэваншу” уніяцтва простая. Міф аб уніі, як нельга лепш падышоў да новай палітычнай сітуацыі. Гэта і станаўленне незалежнай беларускай дзяржавы, і прыняцце ў 1991 г. Закона аб мовах, і іншыя крокі маладой беларускай дэмакратыі.
Схема прамалінейная “як граблі”: у Расіі мова дзяржаўная – руская, у Польшчы – польская, у Беларусі адпаведна – беларуская. Прычым беларуская мова нясе ў сабе рысы і польскай і рускай моў. Далей. У Польшчы галоўнае веравызнанне – каталіцызм, у Расіі – праваслаўе. А якое ў Беларусі? Па логіцы гэтых ланцужкоў пра мову так і напрашваецца: на Беларусі павінна быць таксама асобная нацыянальная рэлігія, і гэтай рэлігіяй павінна быць уніяцтва, ці грэка-каталіцызм (нібы каталіцызм, але з усходнім абрадам) – сама для Беларусі. Тое, што праваслаўных аўтакефальных краін, акрамя Расіі, больш дзесятка, каталіцкіх дзяржаў яшчэ больш, неяк не ўплывала на жаданне мець сваю, адметную рэлігію.
Жаданне нацыянальнай адметнасці і ў рэлігійнай сферы набыло ў нас нейкі нездаровы характар спрашчэння і рэлігійнага фанатызму. Чым не формула: нацыянальная беларуская рэлігія – праваслаўе плюс каталіцызм, падзяліць усё гэта папалам і атрымаем унію. Праўда, тое ж самае, ды яшчэ з большым правам, маглі б сказаць і украінцы.
Між іншым, чалавецтва не раз аддавала перавагу казцы, а не рэаліям. Прыклад таму – ідэя камунізму, ідэя ўсеагульнай роўнасці і ўсеагульнага дабрабыту. І на працягу большай часткі ХХ стагоддзя мы кіраваліся гэтымі ўзвышанымі ідэаламі, але дасягнулі толькі адмоўных вынікаў. Чалавеку ўласціва імкненне да прыгожанькай ілжы, а не да непрыемнай праўды.
Другой прычынай таго, што нават адукаваныя людзі, вядомыя вучоныя трапілі ў палон уніяцкай ілюзіі з'яўляецца іх канфесійная прыналежнасць. З аднаго боку гэта асобы каталіцкага веравызнання, а з другога выйшлі яны з атэістычнага асяроддзя, але каранямі, якія цягнуцца да каталіцкіх традыцый. Аднак, нягледзечы на пэўную агітацыю і моду, на Беларусі рух па адраджэнню уніі не набыў вялікага размаху. І мне здаецца – не набудзе. Бо не толькі з боку найвялікшай праваслаўнай канфесіі ён не мае падтрымкі. У наш час і Ватыкан глядзіць на унію, як на непатрэбную форму рэлігійнага руху. Царкоўныя іерархі не стаяць з боку ад цяперашніх змен у асяроддзі вернікаў, якія, як я ўжо адзначаў, выкліканы знешнімі цывільнымі сіламі і звязаны з палітычнымі пераўтварэнямі. Паміж рыма-каталіцкай Царквой і праваслаўнымі Цэрквамі ўжо не адзін год вядуцца размовы аб кантактах і паразуменні паміж імі. Такія кантакты, накіраваныя на знаходжанне еднасці паміж касцёлам і праваслаўнай царквой, носяць назву экуменічных. Уніяцтва разглядваецца як метад яднання ў мінулым. На сумесных пасяджэннях Каардынацыйнага камітэта змешанай камісіі па богаслоўскаму дыялогу паміж Памеснымі праваслаўнымі цэрквамі і рыма-каталіцкай царквой, неаднаразова падымалася уніяцкая пытанне і вынікі былі зусім не на карысць уніі. Так, на пасяджэнні гэтага камітэта, які праходзіў у чэрвені 1991 года ў Арыцы (пад Рымам), адзначалася, што "инициатива по восстановлению общения между Церковью Востока и Церковью Запада, привело к нарушению единства Восточной Церкви, при этом не без вмешательства нецерковных сил. Так родились Восточные Католические Церкви. Отсюда возникла ситуация, ставшая источником конфликта и страданий прежде всего для православных, но также и для католиков." Камісія вынесла вердыкт: "Форма "миссионерского апостолата", именуемая униатством, не может более допускаться как метод и модель в силу нового типа взаимовосприятия католиками и православными впредь в их отношении к тайне Церкви".