Дыялогі з Богам: суплёт інтэлігібельных рэфлексій
- Автор: Акудович Валентин Васильевич
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Логвінаў
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Дыялогі з Богам: суплёт інтэлігібельных рэфлексій». Краткое содержание книги:
-- Навошта?
А менавіта, з якой такой патрэбы Ты раптам усхапіўся да працы, каб зрабіць верас, пчалу, мяне?..
Я кленчу перад Табой і схіляю да масніцаў галаву перад Тваёй кемлівасцю. З нічога, з абсалютнага нічога, з сусветнага гвалту абсмактанай пустэчы ўзбіцца на ідэю Нечага, на ідэю формы – гэта… Калі я скажу, што гэта – геніяльна, мне першаму будзе няёмка за ўбоства чалавечае мовы.
Са зместам, пагодзімся, ужо было значна прасцей, а што да тэхналогіі абнаяўлення свету, дык, паводле Бібліі, за выняткам апошняга акту тварэння, праблемаў увогуле не было.
Але навошта Табе ўсё гэта было патрэбна?
-- Скажы!
Можа Табе абрыдла быць Нікім і Ты вырашыў, што лепей памерці ў сваім тварэнні аднойчы і назаўжды, чым доўжыць яшчэ невядома колькі дурную бясконцасць панылага існавання сам-насам?..
І Ты памёр у чалавеку, як памірае скінутае з сяйва ў глебу зерне.
Адам убачыў Цябе ўжо старым, задаволеным сабой, але, па боскай меры, нямоглым. І гэты вобраз спрацаванага ціхамірнага дзеда на прызбе – адзіны ўспамін пра Цябе, які досыць выразна перадаваўся потым праз пакаленні.
Пэўна, пачынаў Ты работу маладым і дужым, аднак, мабыць, не разлічыў моцы свайго духу і Адама ўжо давялося ляпіць рукамі з кавалка гліны, адно пахукаўшы трохі на пальцы. А Еве нават і хуку не засталося. Як парастак прышчапляюць да галінкі, так прышчапіў Ты скабу Адама да дрэва жыцця.
І ўсё ж такі: навошта Табе ўсё гэта было патрэбным?
Дарэчы, чаму гэта мы Цябе ўхваляем, чаму гэта Табе дзячым за жыццё? Каб мы ўваходзілі ў Тваю задуму, каб Ты меў намер растыражаваць нас да бясконцасці, дык як зораў на небе, нарабіў бы людзей на зямлі. Але Ты палічыў, што даволі і гэтых двух. І вымыў рукі…
А калі б Ева не аслухалася Цябе?..
І па сёння сярод хмызоў Эдэму бадзяліся б толькі два големы, лыпалі вачыма, пазяхалі раз-пораз і, казычучы адзін аднаго пад пахамі, па-дурному рагаталі, гэтым рогатам акрэсліваючы ўвесь змест быцця.
Не Табе, а ім, якія саступілі ў грэх, трэба дзячыць за тое, што мы ёсць, не Табе, а ім я абавязаны магчымасцю чытаць кнігі, баляваць з сябрамі, кахацца з жанчынай і караскацца па высокіх гарах у салодкім прадчуванні вяртання на бацькаўшчыну.
Не Ты – Грэх наш бацька.
І ўсе мы ягоныя дзеці.
Гэта так.
Застаецца пачуць адказ на пытанне:
-- Чаму Ты дазволіў граху быць?
Адно не кажы, што Ева сама зрабіла тое, што зрабіла. Смешна слухаць: без Твае волі і па-за Тваім веданнем здарылася самая вялікая падзея ў гісторыі людства…
Яно з'явілася!
Але якраз на гэтае пытанне, нават аказаўшыся, Ты, пэўна, ніколі не адкажаш. Бо наш грэх – Твой сорам. А можа і нешта горшае, пра што далей…
-- А Ты пярэч.
У нейкі момант Ты зразумеў, што Твая праца па стварэнні Сусвету, лічы, была марнай. Бо, зрэшты, нічога не змянілася ў параўнанні з тым, калі не было нічога. Мігцяць зоры, калыхаецца Зямля, сноўдаюць па ёй розныя істоты, але нічога нідзе не адбываецца. Быццё быццам ёсць і разам з тым яго як няма. Яно здарылася аднойчы, а цяпер толькі нерухома прысутнічае ў сваім здарэнні, як у гасцёўні карціна -- на ўспамін пра колішні акт творчасці.
Хаця параўнанне з карцінай, бадай, не зусім дакладнае. Лепей згадаем тэатр, дзе Ты рэжысёр і глядач у адной асобе.
Напачатку Цябе ўсё бавіла: і велічныя дэкарацыі, і жвавыя статысты, і вабная гераіня побач з цнатлівым героем у багатым інтэр'еры з размаітай квецені («І гэта хораша»,-- раз-пораз паўтараў Ты).
Але колькі можна глядзець адну і тую самую дзею, у якой ніколі нічога не адбываецца.
І некалі Табе ўсё гэта абрыдла. Зусім верагодна, што калі б у Цябе яшчэ заставалася былая моц жыццядайнага духу, Ты ўшчэнт пабурыў бы гэты свет і зладзіў што-кольвек іншае, каб наноў уведаць асалоду творчага здзяйснення. Аднак ад той першапачатковай моцы ў Цябе, пэўна, ужо амаль нічога не захавалася. І Ты аднойчы падумаў, што зусім неабавязкова ўсё перарабляць ад пачатку, даволі будзе, калі з гэтымі лянотнымі, ні да чаго не здатнымі стварэннямі аднойчы нешта здарыцца.
З імі ўвесь час нешта мусіць здарацца! Тады статычнасць быцьця зрушыцца са свайго пастаменту, і яно само закруціцца ў шалёнай віхуры пераменаў.
Цяпер Табе заставалася вынайсці тое, што потым будзе вечна рухаць рыны дзеі.
Твая прыдумка з гледзішча чалавечае маралі была жахлівай! Аднак нават жахаючыся Тваёй жорсткасці, давядзецца пагадзіцца, што нічога роўнавялікага потым ні Ты, ні хто іншы не змог вынайсці.
Новая канцэпцыя свету прадугледжвала замену пануючай ў Эдэме тэорыі бесканфліктнасці на абвальную трагедыю.
Гэта сёння мы, выгадаваныя бядой, успрымаем трагічнасць свету як апалае лісце ўвосень – з абыякавым одумам…